ПЕРШАМА́ЙСКАЕ РАДО́ВІШЧА ГЛІН.
У Петрыкаўскім р-не Гомельскай вобл., каля в. Першамай. Пластавы паклад звязаны з алювіяльнымі адкладамі 2-й надпоймавай тэрасы р. Прыпяць. Гліны шчыльныя, тлустыя, пластычныя і высокапластычныя з рэдкімі зернямі жвіру і галькі. Разведаныя запасы 8,3 млн. м³, перспектыўныя 6,1 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 3—12,8 м, ускрышы (пяскі) 0,3—5,8 м. Гліны прыдатныя на выраб керамзітавага жвіру і фасадных керамічных вырабаў.
А.П.Шчураў.
т. 12, с. 308
ПЕРШАМА́ЙСКАЯ,
вёска ў Бярозаўскім р-не Брэсцкай вобл.; чыг. ст. Бяроза-Картузская на лініі Брэст—Баранавічы. Да 1964 наз. Блудзень. Цэнтр сельсавета. За 5 км на З ад г. Бяроза, 96 км ад Брэста. 1842 ж., 832 двары (2000). Бярозаўскі камбікормавы з-д, Бярозаагразабеспячэнне, хлебапякарня, база сельгасхіміі, 6-ы акалодак Жабінкаўскай дыстанцыі пуці, прыёмны пункт Жабінкаўскага цукр. з-да. Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Царква. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.
т. 12, с. 308
ПЕРШАМА́ЙСКАЯ,
вёска ў Шчучынскім р-не Гродзенскай вобл. Да 1954 наз. Сабакінцы. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 54 км на Пн ад г. Шчучын, 72 км ад Гродна, 39 км ад чыг. ст. Скрыбаўцы. 456 ж., 182 двары (2000). Дрэваапр. цэх. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Свята-Пакроўская царква, касцёл Узвышэння Крыжа. Брацкія магілы партызан і ахвяр фашызму. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.
т. 12, с. 308
ПЕРШАМА́ЙСКІ,
рабочы пасёлак у Лідскім р-не Гродзенскай вобл.; на аўтадарозе Ліда—Іўе. За 8 км на У ад Ліды, 120 км ад Гродна. 1,4 тыс. ж. (2000). Працуюць торфабрыкетны з-д «Лідскі»; сярэдняя і муз. школы, яслі-сад, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі.
т. 12, с. 308
ПЕРШАПАКУ́ТНІКІ ў хрысціянстве,
рэальна існуючыя або міфічныя асобы, прылічаныя царквой да святых за пакуты і смерць, прынятыя за веру. Культ П. склаўся ў перыяд ганення хрысціян у Рым. імперыі. П. станавіліся першымі святымі ў хрысц. пантэоне. У шэрагу выпадкаў з імі звязаны рэліг. легенды і паданні (гл. таксама Святыя Беларусі).
т. 12, с. 308
ПЕРШАПАЧАТКО́ВАЕ НАКАПЛЕ́ННЕ КАПІТА́ЛУ,
працэс ператварэння сродкаў вытв-сці і грашовых багаццяў у капітал, а непасрэдных таваравытворцаў (пераважна сялян) — у наёмных рабочых. Адбываўся ў Зах. Еўропе ў 15—18 ст. Паняцце ўведзена А.Смітам, распрацавана К.Марксам.
т. 12, с. 308
ПЕРШАПАЧАТКО́ВЫЯ КАНТО́НЫ,
прынятая ў гістарычнай л-ры назва трох швейц. кантонаў — Швіца, Уры і Інтэрвальдэна, якія ў 1291 аб’ядналіся ў т.зв. «вечны саюз» для барацьбы з Габсбургамі. Кантоны абавязаліся аказваць адзін аднаму дапамогу супраць знешняга ворага, адмаўляліся прымаць на службовыя пасады немясц. асоб, дзеля разбору ўнутр. спрэчак увялі сістэму трацейскага суда. Саюз П.к. стаў пачаткам утварэння Швейц. канфедэрацыі.
т. 12, с. 308
«ПЕРШАСАКАВІКО́ЎЦЫ»,
«першамартаўцы», 1) члены «Народнай волі», арганізатары і ўдзельнікі забойства імператара Аляксандра II 13 (1 па старым стылі) сак. 1881. Непасрэдны забойца цара І.Я.Грынявіцкі смяротна паранены ў час замаху. Паводле суд. працэсу 7—10.4.1881 А.І.Жалябаў, С.Л.Пяроўская, М.І.Кібальчыч, Ц.М.Міхайлаў, М.І.Рысакоў павешаны, Г.М.Гельфман асуджана на вечную катаргу; інш. ўдзельнікі асуджаны на інш. працэсах «Нар. волі» 2) Члены тэрарыст. фракцыі «Нар. волі» (15 чал.), арганізатары прадухіленага паліцыяй замаху на імператара Аляксандра III 13 (1 па старым стылі) сак. 1887 («другія першасакавікоўцы»). Паводле суд. працэсу 27.4—1.5.1887 П.І.Андрэюшкін, В.Дз.Генералаў, В.С.Асіпанаў, А.І.Ульянаў, П.Я.Шавыроў павешаны, астатнія прыгавораны да катаргі і ссылкі.
т. 12, с. 308
ПЕРШАСНАБЯСКРЫ́ЛЫЯ,
група найб. прымітыўных (ніжэйшых) насякомых. Раней класіфікаваліся як падклас з 4 атрадамі. Паводле сучаснай класіфікацыі атр. бязвусікавых насякомых, двуххвостак і нагахвостак вылучаюць у асобны клас скрытасківічных насякомых (Insecta-Entognatha), а атр. шчацінахвостак адносяць да класа адкрытасківічных, або сапраўдных, насякомых (Insecta-Ectognatha) і вылучаюць у асобны раздзел — насякомыя-аптэрыготы, або П. (бяскрылыя насякомыя).
С.Л.Максімава.
т. 12, с. 308