Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ПЕРАЕ́МНАСЦЬ,

паслядоўнасць пераходу ад адной з’явы (этапа, ступені) у працэсе развіцця да другой, калі ўзнікшае новае захоўвае ў сабе некаторыя рысы і асаблівасці старога. Мае аб’ектыўны і ўсеагульны характар, праяўляецца ва ўсіх працэсах развіцця прыроды, грамадства, народа, культуры, асобы і г.д. У галіне нежывой прыроды яна ўвасабляецца ў адпаведнасці прынцыпе, паводле якога квантавая механіка асімптатычна пераходзіць у класічную механіку ва ўмовах, калі можна не ўлічваць велічыню кванта дзеяння h, прымаючы, што h прыбліжаецца да нуля (h → 0). У вобласці жывой прыроды праяўляецца ў пераемным паходжанні і развіцці відаў жывёл і раслін, ва ўзнікненні іх разнавіднасцей. Асабліва важнае значэнне П. набывае ў грамадскім развіцці, дзе яна праяўляецца ў змене гіст. эпох, тыпаў грамадства, дзяржаў, культур, рэлігій, сістэм адукацыі і г.д. Напр., культура ўзнікае на аснове традыцый, але ў працэсе гіст. развіцця яе змест, тыпы, формы, стылі і інш. непазбежна ўключаюць у сябе адхіленні ад агульнай традыцыі, узнікненне новых тыпаў, стыляў, форм выражэння, якія пры ўсіх сваіх навацыях захоўваюць істотныя рысы традыц. каштоўнасцей, вобразаў, сюжэтаў. Ва ўмовах сучаснага постсав. грамадства, у т. л. на Беларусі, адкідаюцца многія каштоўнасці, уласцівыя сав. эпосе, адбываецца змена каштоўнасных арыентацый многіх людзей, у першую чаргу моладзі, але т.зв. «вечныя», агульначалавечыя каштоўнасці — любоў, годнасць, сумленне і інш. — захоўваюць сваё прыярытэтнае значэнне. Найб. выразна П. праяўляецца ў змене пакаленняў, калі моладзь узнаўляе і ўзбагачае вопыт былых генерацый людзей у новых эканам., паліт., культ. умовах, захоўвае П. з імі ў асн. паняццях сэнсу жыцця, увасобленых у Бібліі, у класічнай л-ры, філасофіі і г.д.

Я.​М.​Бабосаў.

т. 12, с. 275

ПЕРАЖЫ́НСКІ ((Pierożyński) Леан) (каля 1753—1827),

польскі і бел. акцёр, рэжысёр, антрэпрэнёр. Творчую дзейнасць пачаў як акцёр у Варшаўскім Нац. т-ры (у В.​Багуслаўскага). Стваральнік і кіраўнік (1783—84) прыдворнай прафес. трупы Нясвіжскага тэатра Радзівілаў (у рэпертуары, акрамя драм. спектакляў, оперы-буфа «Джаніна і Бернардоне» Д.​Чымарозы, «Вясковыя сцэны рэўнасці» Дж.​Сарці, оперы «Салдат-чарнакніжнік, або Д’ябальскі пачастунак» Гаэтані, «Фраскатанка» Дж.​Паізіела і інш.). Вядомы як перакладчык камедый і оперных лібрэта. У 1795 выступаў у Дзярэчыне (Зэльвенскі р-н Гродзенскай вобл.) і Вільні. Узначальваў гастролі «Кампаніі артыстаў польскай камедыі», якая наведала Украіну, Польшчу. Разглядаў тэатр як сродак эстэт. выхавання, школу грамадзянскіх дабрачыннасцей.

т. 12, с. 275

ПЕРАЙМА́ННЕ ў псіхалогіі,

узнаўленне індывідамі і сац. групамі паводзін інш. індывідаў і груп. Арыстоцель прыпісваў П. важную ролю ў фарміраванні чалавека. У біялагізатарска-інстынктывісцкіх канцэпцыях (У.​Мак-Дугал і інш.) падкрэсліваецца прыроджаны характар П. У рамках асацыятыўнай псіхалогіі (гл. Асацыянізм) П. разглядаецца як асаблівы від уздзеяння, пры якім рэакцыя аб’екта П. становіцца ўмоўным стымулам для ўласнай рэакцыі суб’екта П. на стымул. У біхевіярызме П. тлумачыцца з пазіцый тэорыі навучання і разглядаецца як вынік падмацавання адпаведных паводзін з дапамогай прамых і ўскосных відаў заахвочвання і пакарання. Спалучэнне асацыянісцкіх і біхевіярысцкіх уплываў у даследаваннях П., заснаваных на канцэпцыях «замяшчальнага навучання» (А.​Бандура і інш.). Пры сац.-псіхал. вывучэнні П. даследуецца гал. чынам узаемадзеянне сац.-тыповых суб’ектаў і аб’ектаў П.; яно разглядаецца, з аднаго боку, як вынік сац. ўздзеяння (напр., уплыў рэферэнтных груп, канфармізм), з другога — як разнавіднасць і сродак сац. ўздзеяння, як адзін са шляхоў далучэння індывіда да сац. і культурнага вопыту. Узор, годны П., з’яўляецца адным з найважнейшых фактараў выхавання. П. сустракаецца на розных узроставых этапах індывід. развіцця чалавека.

т. 12, с. 275

ПЕРАКА́Т,

мелкаводны ўчастак рэчышча ракі. Звычайна мае выгляд вала з пакатым схілам, звернутым супраць цячэння, і стромкім — па цячэнні. Утвараецца ў выніку нераўнамернага размыву рэчышча водным патокам і адкладам наносаў, узнікнення верхняй і ніжняй касы. Адрозніваюць П. алювіяльныя і камяністыя (шыверы). П. чаргуюцца з плёсамі, часцей трапляюцца каля вусцяў прытокаў. Перашкаджаюць суднаходству.

т. 12, с. 276

ПЕРАКА́ТКА,

другая назва р. Перакуль.

т. 12, с. 276

ПЕРАКАЦІ́-ПО́ЛЕ,

травяністыя расліны стэпаў і пустыняў, якія да часу выспявання насення набываюць шарападобную форму з прычыны моцнага разгалінавання кветканосных парасткаў. Сцёблы каля асновы лёгка адломліваюцца, і ўся надземная маса, падхопленая ветрам, коціцца па зямлі (напр., кермек). Сярод П.-п. аднагадовыя (напр., ерыхонская ружа), двухгадовыя (напр., адзін з відаў разаку сям. парасонавых) і шматгадовыя (некалькі відаў цыбулі) расліны. Памеры П.-п. ад некалькіх сантыметраў да 1 м у папярочніку.

т. 12, с. 276

ПЕРАКІ́ДВАННЕ СЦЁКУ,

тэрытарыяльнае пераразмеркаванне водных мас з паверхневых водных крыніц (рэкі, азёры, вадасховішчы) у інш. раёны ці басейны праз каналы ці трубаправоды з мэтай арашэння, водазабеспячэння прам-сці і насельніцтва, рэкрэацыі, паляпшэння ўмоў суднаходства, выпрацоўкі электраэнергіі і інш. Адрозніваюць П.с. ўнутрыбасейнавыя, або лакальныя (у межах бас. адной ракі), міжбасейнавыя (унутрыландшафтныя і міжландшафтныя) і міжрэгіянальныя, або міжзанальныя. На Беларусі першыя П.с. (канец 18—пач. 20 ст.) ажыццяўляліся для жыўлення водна-трансп. злучэнняў (напр., вод з азёр Арэхаўскае і Белае па Арэхаўскім і Белаазерскім каналах у Дняпроўска-Бугскі канал). З мэтай водазабеспячэння Мінска і воднага добраўпарадкавання прыгараднай зоны і горада створаны Вілейска-Мінская водная сістэма, Сляпянская водная сістэма.

П.с. можа аказваць адмоўны ўплыў на бас. рэк-донараў пераасушэнне поймы, дэградацыя поймавых лугоў і лясоў, знішчэнне ці памяншэнне плошчы нерасцілішчаў і нагульных угоддзяў, пагаршэнне ўмоў гнездавання вадаплаўных птушак і інш. Для прадухілення негатыўных з’яў. звязаных з П.с., рэкамендуецца пакідаць у вадаёмах-донарах пэўную колькасць прыродаахоўнага сцёку.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 12, с. 276

ПЕ́РАКІС ВАДАРО́ДУ,

тое, што пераксід вадароду.

т. 12, с. 276

ПЕРАКЛА́Д,

1) па магчымасці поўнае і дакладнае ўзнаўленне інфармацыі, увасобленай у тэксце на адной мове, тымі самымі ці функцыянальна аналагічнымі сродкамі другой мовы.

2) Тэкст, што ўзнікае ў выніку працэсу перакладу. У адпаведнасці з тым, у якой форме ажыццяўляецца П., ён падзяляецца на 2 тыпы: пісьмовы і вусны, у т. л. паслядоўны і сінхронны. Вылучаюць наступныя віды пісьмовага П.: маст., грамадска-паліт., навук.-тэхнічны. Кожны з гэтых відаў мае свае жанравыя разнавіднасці. Напр., у маст. адрозніваюць П. паэзіі, прозы, драматургіі і дзіцячай л-ры, у грамадска-паліт. — П. газетна-інфарм. паведамленняў, публіцыстыкі і аратарскіх прамоў, у навук.-тэхн. — П. навук. твораў, афіц.-дзелавых дакументаў і тэхн. тэкстаў. У сярэдзіне 20 ст. ўзнік машынны пераклад, які выконваецца з дапамогай электронна-выліч. тэхнікі. Паводле паўнаты ўзнаўлення арыгінала П. бывае поўным, скарочаным і адаптаваным (у ім дапускаюцца ці пераказваюцца неістотныя, з пункту гледжання пэўнага чытача, моманты арыгінала). Інфармацыя пра іншамоўны тэкст можа быць атрымана перакладчыкам у выніку непасрэднага (у арыгінале) успрымання або апасродкаванага — праз іншы П. ці падрадкоўнік (паслоўная — радок у радок — перадача сэнсу вершаванага твора без захавання яго фармальных адзнак: рытму, рыфмы, гукапісу). У апошніх выпадках інфармацыя пра першакрыніцу значна абмежаваная. Найб. пашыраны і складаны — пераклад мастацкі. Найб. раннія ўзоры пісьмовага П. — вавілонскі П. шумерскага эпасу пра Гільгамеша і перакладныя тэксты дакументаў з б-кі асірыйскіх цароў у Ніневіі (2-е тыс. да н.э.). Асаблівае пашырэнне П. набыў у перыяд бурнага развіцця чалавечай цывілізацыі, у век навук.-тэхн. рэвалюцыі. Калі ў 19 ст. перакладалі з некалькіх дзесяткаў моў, то ў наш час — прыкладна з 1500 моў свету. На Беларусі, як і ў большасці краін Еўропы, развіццё ўласнага пісьменства пачалося з П. У сярэднія вякі перакладалі рэліг. кнігі (Біблія, Евангелле), свецкія і рэліг. аповесці (гл. Перакладная аповесць), творы вучэбныя і навуковыя. Найвыдатнейшы тагачасны бел. перакладчык Ф.​Скарына. Вял. ўклад у развіццё П. зрабілі таксама С.​Будны, В.​Цяпінскі і інш. У 19 ст. разам са станаўленнем новай бел. л-ры адраджаецца маст. пераклад (В.​Дунін-Марцінкевіч, А.​Абуховіч, Я.​Лучына і інш.), які ў 20 ст. займае пануючае становішча сярод інш. відаў бел. П. Тэорыю і практыку П. вывучае перакладазнаўства.

Літ.:

Комиссаров В.Н. Слово о переводе. М., 1973;

Бархударов Л.С. Язык и перевод. М., 1975;

Теорія і практика перекладу. Вип. 1—11. Київ, 1979—84.

В.​П.​Рагойша.

т. 12, с. 276

ПЕРАКЛАДАЗНА́ЎСТВА,

філалагічная навука пра сутнасць, своеасаблівасць, гіст. заканамернасці ўзнікнення і развіцця, сац.-гіст. ролю і прынцыпы аналізу перакладу. У самаст. галіну ведаў вылучылася ў сярэдзіне 20 ст. ў сувязі з ростам ролі перакладу ў жыцці грамадства. Цесна звязана з кантрастыўнай граматыкай, параўнальнай стылістыкай, эстэтыкай, літ.-знаўствам, семіётыкай, кібернетыкай, сацыялінгвістыкай, псіхалогіяй творчага працэсу і інш. навукамі. Складаецца з 3 гал. галін — гісторыі, тэорыі і практыкі перакладу — і некалькіх дапаможных: перакладазнаўчай бібліяграфіі, тэксталогіі, гістарыяграфіі, храналогіі (пакуль што мала распрацавана). Найб. развіццё атрымалі тэорыя, крытыка і гісторыя перакладу мастацкага. Пры разглядзе перакладаў маст. л-ры выкарыстоўваецца агульнафілал. шлях аналізу, які арганічна паядноўвае літ.-знаўчы і лінгвістычны падыходы і завяршаецца вывадамі агульнаэстэт. характару. У распрацоўцы тэорыі маст. перакладу найб. заслуга вучоных і перакладчыкаў б. СССР: Г.​Гачэчыладзе, В.​Капцідава, І.​Кашкіна, А.​Кундзіча, М.​Новікавай, У.​Росельса, М.​Рыльскага, П.​Топера, А.​Фёдарава, К.​Чукоўскага, а таксама І.​Левага (Чэхія), А.​Попавіча (Славакія), А.​Курэлы, (Германія), Э.​Кары (Францыя), Т.​Савары (Вялікабрытанія) і інш.

На Беларусі П. зарадзілася ў пач. 20 ст. (М.​Багдановіч, С.​Палуян), як навука склалася ў 1950—70-я г. На станаўленне П. паўплывалі перакладчыцкая дзейнасць Багдановіча, Я.​Купалы, Я.​Коласа, А.​Куляшова, У.​Дубоўкі, М.​Танка і інш., выказванні пра пераклад і творчая практыка Ю.​Гаўрука, Я.​Семяжона, М.​Лужаніна, Н.​Гілевіча, А.​Зарыцкага, В.​Сёмухі, і інш. Бел. перакладазнаўцы займаліся і займаюцца даследаваннем творчасці асобных майстроў маст. перакладу — Багдановіча (А.​Лойка, Н.​Лапідус), Я.​Купалы (С.​Александровіч, Дз.​Палітыка), Я.​Коласа (В.​Рагойша), Куляшова (М.​Кенька), М.​Танка (А.​Верабей, В.​Гапава), аналізам рус. і ўкр. перакладаў бел. л-ры (М.​Арочка, Ц.​Ліякумовіч, Рагойша, А.​Яскевіч) і перакладаў яе на замежныя мовы (В.​Небышынец, В.​Нікіфаровіч, Д.​Фактаровіч), разглядам бел. пераўвасабленняў замежнай прозы і паэзіі (М.​Навіцкі, У.​Сакалоўскі, К.​Шэрман). Найб. поспехаў бел. П. дасягнула ў вывучэнні гіст.-сацыялагічных пытанняў маст. перакладу (П.​Копанеў) і тэарэт. праблем перакладу з блізкароднасных моў (Э.​Мартынава, Рагойша, Яскевіч). Развіваецца крытыка перакладу (А.​Вярцінскі, Т.​Кабржыцкая, Л.​Казыра, А.​Клышка, Н.​Мацяш, М.​Стральцоў, І.​Чарота і інш.), перакладазнаўчая бібліяграфія (Л.​Бабкова, М.​Васілеўская, І.​Фалькоўская).

Літ.:

Федоров АВ. Основы общей теории перевода: (Лингвистич. пробл.). 4 изд. М., 1983;

Копанев П.И. Вопросы истории и теории художественного перевода. Мн., 1972;

Мартынава Э.М. Беларуска-ўкраінскі паэтычны ўзаемапераклад. Мн., 1973;

Рагойша В.П. Проблемы перевода с близкородственных языков. Мн., 1980;

Клімуць Я.І. Жыццёвасць традыцый. Мн., 1985;

Яскевіч А. Выхад за крут. Мн., 1985.

В.​П.​Рагойша.

т. 12, с. 277