Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ПАЎЛО́ВІЧ (Эдвард Баніфацы Францавіч) (7.6.1825, Тургеляй Вільнюскага пав., Літва — 10.2.1909),

мемуарыст, мастак. Вучыўся ў Жыровічах, Слоніме, Слуцку. Скончыў Пецярб. АМ. У 1853—56 падарожнічаў па Зах. Еўропе. Вынік яго паездак — брашура «Колькі слоў літвіна» (Парыж, 1857). З 1859 выкладчык гімназіі ў Навагрудку, заснаваў там жаночы пансіён і нядзельную школу для простанароддзя, у 1860 — самадз. т-р, дзе быў рэжысёрам, дэкаратарам, акцёрам. За ўдзел у паўстанні 1863—64 высланы ў Петразаводск, Алонец, Екацярынаслаў. З 1867 у Навагрудку, потым у Львове. Падрыхтаваў і выдаў каталогі фондаў музея Любамірскіх. У мемуарах «Успаміны з-над Віліі і Нёмана» (1882), «Успаміны. Навагрудак—турма—выгнанне» (1887), «З падарожжа па Літве» (1890), «З успамінаў. Год 1846» (1898), «З жыцця літвіна» і «Мае ўспаміны з часоў настаўнічання на Літве колькі дзесяткаў год назад» (абодва 1904), «Двое памятных сутак у Мінску. 1863 г.» (1906) звесткі пра культ.-грамадскае і літ. жыццё Беларусі 1840—60-х г., пра бел. паэта Ф.​Савіча, побыт беларусаў. Працаваў у жанры партрэта («Аўтапартрэт», 1853), рабіў замалёўкі Навагрудка і яго ваколіц, пісаў абразы. Аўтар працы «Погляд на становішча польскага выяўленчага мастацтва ў параўнанні з замежным мастацтвам» (1881).

А.​В.​Мальдзіс.

т. 12, с. 207

ПАЎЛО́ВІЧ (Яўген Мікалаевіч) (н. 28.3.1940, г.п. Рудзенск Пухавіцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. артыст балета, педагог. Засл. артыст Беларусі (1970). Скончыў Бел. харэаграфічнае вучылішча (1959), Мінскі ін-т культуры (1980). У 1959—79 саліст, з 1981 рэжысёр оперы Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, з 1984 выкладчык Бел. акадэміі музыкі (з 1995 дацэнт). Танцу П. былі ўласцівы строгае следаванне патрабаванням класічнай формы, мяккая лірычная манера. Сярод лепшых партый: Альберт («Жызэль» А.​Адана), Зігфрыд, Дэзірэ і Блакітная птушка («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня» П.​Чайкоўскага), Юнак («Шапэніяна» на муз. Ф.​Шапэна), Рамэо, Прынц («Рамэо і Джульета», «Золушка» С.​Пракоф’ева), Вацлаў («Бахчысарайскі фантан» Б.​Асаф’ева), Гармодый («Спартак» А.​Хачатурана). У опернай студыі Акадэміі музыкі паставіў оперы «Алеся» Я.​Цікоцкага, «Сельскі гонар» П.​Масканьі, «Шукальнікі жэмчугу» Ж.​Бізэ і інш., кампазіцыю «Мая Кармэн» па оперы «Кармэн» Бізэ.

А.​І.​Калядэнка.

т. 12, с. 208

ПАЎЛО́Ў (псеўд. П.​Досеў) Тодар Дзімітроў

(14.2.1890, Штып, Македонія — 8.5.1977),

балгарскі філосаф, эстэтык, літ. крытык і грамадскі дзеяч. Акад. Балг. АН (1945). Замежны член. АН СССР (1947), АМ СССР (1959), Герой Балгарыі. Двойчы Герой Сац. Працы Балгарыі. З 1932 працаваў у Маскве ў Ін-це гісторыі філасофіі і л-ры, праф. Ін-та чырв. прафесуры. З 1936 у Сафіі. У 1947—62 прэзідэнт Балг. АН. Адначасова ў 1948—52 і з 1960 дырэктар Ін-та філасофіі Балг. АН. Навук. працы ў галіне дыялект. і гіст. матэрыялізму, эстэтыкі, мовазнаўства, метадалогіі навукі, гісторыі балг. грамадства і філас. думкі. Даследаваў пытанні суадносін паміж філасофіяй і мастацтвам, мастацтвам і мараллю. Выступаў супраць філасофіі фрэйдызму, пазітывізму, рацыяналізму і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Избранные философские произведения. Т. 1—4. М., 1961—63;

Изб. тр. по эстетике. М., 1978.

т. 12, с. 208

ПАЎЛО́ЎСКАЯ (Лізавета Іванаўна) (1830, г. Магілёў — 1915),

збіральніца бел. нар. песень. Маці У.Л.Кігна. Скончыла Магілёўскую гімназію. Жыла ў в. Фёдараўка (Рагачоўскі р-н Гомельскай вобл.). Склала зб. «Народныя беларускія песні» (выд. ў 1853 на рус. мове ў Пецярбургу пад крыптанімам Е.П.), куды ўвайшлі творы каляндарна-абрадавай і пазаабрадавай нар. лірыкі, запісаныя ў Быхаўскім пав. Значнае месца ў кнізе адведзена апісанню мясц. вясельнага абраду і тэкстам звязаных з ім песень (пераклады недасканалыя).

Літ.:

Букчин С.В. ...Народ, издревле нам родной. Мн., 1984. С. 158—160;

Цішчанка І. Адна з першых // Мастацтва Беларусі. 1984. № 10.

т. 12, с. 208

Паўлоўская Наталля Юр’еўна

т. 18, кн. 1, с. 439

ПАЎЛО́ЎСКІ (Альварэс Іванавіч) (н. 27.7.1937, г. Віцебск),

бел. матэматык і педагог. Канд. фіз.-матэм. н. (1968), праф. (1991). Скончыў Віцебскі пед. ін-т (1961). З 1966 у Ін-це тэхн. кібернетыкі АН БССР. У 1969—81 і з 1987 у Бел. дзярж. пед. ун-це імя М.​Танка (з 1987 заг. кафедры). У 1981—87 дырэктар інфарм. выліч. цэнтра Мін-ва асветы Беларусі. Навук. працы па матэм. кібернетыцы, тэарэт. інфарматыцы, методыцы выкладання матэматыкі і інфарматыкі. Аўтар навуч. дапаможнікаў для школ.

т. 12, с. 208

ПАЎЛО́ЎСКІ (Аляксандр Аляксеевіч) (н. 14.2.1950, пас. Галіцына Адзінцоўскага р-на Маскоўскай вобл.),

бел. ваен. дзеяч. Ген.-лейт. (1998). Скончыў Казанскае вышэйшае танк. каманднае вучылішча (1971), Ваен. акадэмію бранятанк. войск (1978), Ваен. акадэмію Ген. штаба Узбр. Сіл Рас. Федэрацыі (1996). З 1971 на камандных і штабных пасадах у Маскоўскай ваен. акрузе. З 1979 у БВА. З 1996 нач. Гал. ўпраўлення пагран. войск Рэспублікі Беларусь, з 1997 старшыня Дзярж. к-та пагран. войск Рэспублікі Беларусь.

т. 12, с. 208

ПАЎЛО́ЎСКІ (Аляксандр Анатолевіч) (14.7.1936, Мінск — 4.7.1977),

бел. спартсмен (фехтаванне на шпагах). Майстар спорту СССР (1955). Засл. майстар спорту СССР (1960). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1959). У 1965—75 трэнер Спарт. клуба Узбр. Сіл Беларусі. Бронз. прызёр XVII Алімп. гульняў (1960, Рым), чэмпіянату свету (1962, Буэнас-Айрэс) у камандным заліку. Чэмпіён СССР (1955, 1958, 1961, 1962) у камандным заліку.

т. 12, с. 208

ПАЎЛО́ЎСКІ (Аляксандр Іванавіч) (27.6.1927, г. Запарожжа, Украіна — 12.2.1993),

расійскі фізік. Акад. Рас. АН (1991, чл.-кар. 1979). Герой Сац. Працы (1966). Скончыў Харкаўскі ун-т (1950). У 1951—86 у спец. НДІ. Навук. працы па нейтроннай фізіцы, фізіцы высокіх шчыльнасцей энергіі, уласцівасцях рэчыва пры экстрэмальных умовах звышмоцнага магн. поля і ціску, лазернай фізіцы, фізіцы паскаральнікаў зараджаных часціц. Ленінская прэмія 1966, Дзярж. прэміі СССР 1953, 1983.

т. 12, с. 208

ПАЎЛО́ЎСКІ (Зянон Станіслававіч) (27.7.1917, в. Прылукі Мінскага р-на — 12.8.1977),

бел. жывапісец. Скончыў Маскоўскі маст. ін-т імя В.​Сурыкава (1943). Працаваў пераважна ў жанры партрэта. Стварыў рэаліст. вобразы нар. паэта Беларусі Я.​Коласа, партызанкі Н.​Хахалінай (абодва 1943), Герояў Сав. Саюза В.​І.​Казлова (1946), І.​П.​Ціткова (1945), Е.​С.​Зяньковай (1957), камандзіра партыз. брыгады А.​І.​Шубы, мастака А.​Мазалёва (абодва 1945), нар. артыста СССР Б.​В.​Платонава (1950), прэзідэнта АН Беларусі В.​Ф.​Купрэвіча (1960), нар. пісьменніка Беларусі М.​Лынькова (1962), Героя Сац. Працы настаўніцы А.​І.​Казей (1968) і інш. Аўтар групавых кампазіцый «Беларускія пісьменнікі ў Я.​Купалы ў гады вайны» (1947), «Сустрэча сяброў» (1952) і інш. Творам уласцівы глыбокае раскрыццё ўнутр. свету асобы, тонкасць выяўл. сродкаў. Працаваў таксама ў галіне сатыр. малюнка, станковай скульптуры.

М.​А.​Міронаў.

З.Паўлоўскі. Партрэт мастака А.​Мазалёва. 1945.

т. 12, с. 208