Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ПАЎДНЁВЫЯ ПАСА́ТНЫЯ ЦЯЧЭ́ННІ,

цёплыя, паверхневыя, накіраваныя на З цячэнні Сусветнага акіяна. Выклікаюцца ўстойлівымі паўд.-ўсх. пасатамі. У Атлантычным і Ціхім акіянах размешчаны паміж 25° паўд. ш. і 5° паўн. ш., у Індыйскім ак. — паміж 25 і 5° паўд. ш. Вылучаюцца значнай шырынёй (да 2500 км) і адносна малымі скарасцямі (0,36—1,8 км/гадз). Т-ра вады 22—28 °C. П.п.ц. складаюць паўн. сектар субтрапічных кругаваротаў Паўд. паўшар’я і з’яўляюцца працягам у Атлантычным ак. Бенгельскага цячэння, у Ціхім — Перуанскага цячэння, у Індыйскім — Заходне-Аўстралійскага цячэння.

т. 12, с. 199

ПАЎДНЁВЫЯ СА́НДВІЧАВЫ АСТРАВЫ́ (South Sandwich Islands),

група вулканічных астравоў на Пд Атлантычнага ак., у Антарктыцы. Складаецца з 8 буйных і вял. колькасці дробных астравоў і скал. Пл. каля 300 км². Выш. да 1372 м (г. Белінда на в-ве Монтаг’ю). Складзены ў асн. з маладых вулканічных парод: базальтаў, туфаў, попелу. Укрыты снегам і лёдам. Дзеючыя вулканы. Лежбішча цюленяў. Адкрыты ў 1775 экспедыцыяй. Дж. Кука, памылкова былі прыняты за выступ вялізнай сушы і названы Зямлёй Сандвіча, у гонар першага лорда Адміралцейства.

т. 12, с. 199

ПАЎДНЁВЫЯ ШЭТЛА́НДСКІЯ АСТРАВЫ́ (South Shetland Islands),

група вулканічных астравоў у праліве Дрэйка. каля паўн.-зах. берагоў Антарктычнага п-ва. Складаецца з 11 буйных і вял. колькасці дробных астравоў і скал. Пл. каля 4,3 тыс. км². Выш. да 2300 м (на в-ве Кларэнс). Складзены з вывергнутых метамарфічных і часткова асадкавых парод. Б.ч. укрыты снегам і лёдам. Лежбішчы цюленяў і марскіх ільвоў, калоніі пінгвінаў і інш. марскіх птушак. Адкрыты ў 1819 У.​Смітам, апісаны і нанесены на карту Ф.Ф.Белінсгаўзенам у 1821. На астравах навук. станцыі Аргенціны, Вялікабрытаніі, Чылі, Польшчы.

т. 12, с. 199

ПАЎДНЁВЫ АКІЯ́Н,

умоўная назва паўд. частак Атлантычнага, Індыйскага і Ціхага акіянаў, якія прылягаюць да Антарктыды. Вылучаны ў 1650 нідэрландскім географам Б.Варэніусам. Да 1925 мяжой П.а. была прынята шырата Паўд. палярнага круга. Пасля мяжу праводзілі ад 35° паўд. ш. (паводле прыкметы цыркуляцыі вады і атмасферы) да 60° паўд. ш. (паводле характару рэльефу дна). У сав. Атласе Антарктыкі (т. 2, 1969) мяжа П.а. адзначана каля 55° паўд. ш. (паўн. мяжа зоны антарктычнай канвергенцыі). На сучасных картах і атласах П.а. не вылучаецца.

т. 12, с. 198

ПАЎДНЁВЫ БЕ́РАГ КРЫ́МА,

вузкая берагавая паласа паўд. ч. Крымскага паўвострава ад мыса Айя на З да масіву Карадаг на У, ва Украіне; найб. цёплы ўчастак Крымскага ўзбярэжжа; папулярная курортная зона. Даўж. каля 150 км, шыр. 2—8 км. Паверхня абмежавана з Пн стромкімі ўступамі Гал. грады (Яйлы). Рэльеф градава-эразійны, ускладнены апоўзнямі і маляўнічымі абваламі. Пашыраны перадгорныя ўзгорыстыя раўніны, участкі горнага рэльефу, трапляюцца асобныя лакаліты (Аюдаг) і вулканічныя масівы (Карадаг). Клімат субтрапічны, міжземнаморскага тыпу. Лета сухое, вельмі цёплае, зіма мяккая. Сярэднія т-ры ліп. і жн. каля 24 °C, студз. каля 4 °C, ападкаў каля 600 мм за год. Пераважае дрэвава-хмызняковая ксерафітная расліннасць з удзелам відаў міжземнаморскай флоры. Сады, вінаграднікі, паркі. Характэрны шырокія зручныя бухты з добраўпарадкаванымі галечнымі пляжамі. Клімататэрапія, марскія купанні (чэрв.—кастр.), вінаградалячэнне. Шматлікія курорты і курортныя мясцовасці: Алупка, Алушта, Артэк, Арэанда, Гурзуф, Карасан, Кастропаль, Карэіз—Гаспра, Кучук-Ламбат, Лівадзія, Мелас, Місхор, Форас, Ялта. У межах П.б.К. запаведнік Мыс Марцьян, Карадагскі запаведнік, Ялцінскі запаведнік, Нікіцкі батанічны сад.

Асн. прыродны лек. фактар — субтрапічны клімат. Лечаць захворванні органаў дыхання, стрававання, сардэчна-сасудзістай і нерв. сістэм, парушэнні абмену рэчываў; выкарыстоўваюць мінер. ваду крыніцы Мелас. Санаторыі для дарослых і дзяцей, дамы адпачынку, пансіянаты, турбазы, пляжы.

Да арт. Паўднёвы бераг Крыма. Палац-музей у г. Алупка. 1828—46.

т. 12, с. 198

ПАЎДНЁВЫ ВО́СТРАЎ (South Island),

самы вялікі востраў Новай Зеландыі. Ад Паўночнага в-ва аддзелены пралівам Кука, ад в-ва Сцьюарт — прал. Фова. Пл. 150,5 тыс. км². Амаль увесь в-аў заняты Паўд, Альпамі (г. Кука, 3764 м — найвыш. пункт краіны). На У — Кентэрберыйская раўніна — гал. земляробчы раён, на ПдЗ — нізіна Саўтленда і горнае плато Атага (1200—1300 м). Клімат субтрапічны, марскі, на крайнім Пд умераны. Гал. горад — Крайстчэрч.

т. 12, с. 199

ПАЎДНЁВЫ ГАЛО́ДНЫ СТЭП,

раўніна ў Сярэдняй Азіі, гл. Галодны стэп.

т. 12, с. 199

ПАЎДНЁВЫ КРЫЖ, Крыж (лац. Crux),

сузор’е Паўд. паўшар’я неба. Найб. яркія зоркі 0,8; 1,3; 1,6; 2,8 візуальнай зорнай велічыні ўтвараюць характэрную фігуру ромба (ці крыжа). Больш доўгая перакладзіна П.К. амаль дакладна паказвае на Паўд. полюс свету. У межах П.К. знаходзіцца адна з самых блізкіх да нас цёмных пазагалактычных туманнасцей («Вугальны мяшок»). Гл. Зорнае неба.

т. 12, с. 199

ПАЎДНЁВЫ ПО́ЛЮС,

пункт перасячэння ўяўнай восі вярчэння Зямлі з яе паверхняй у Паўд. паўшар’і. Знаходзіцца ў межах Палярнага плато Антарктыды на выш. 2800 м. Таўшчыня лёду ў раёне П.п. 2810 м. Сярэднегадавая т-ра паветра -48,6 °C (макс. -14,7 °C, мінім. -78,9 °C; 1957—61). Палярны дзень 189 сут. Упершыню П.п. дасягнула экспедыцыя Р.Амундсена 14.12.1911. У раёне П.п. з 1957 амер. палярная станцыя Амундсен—Скот. Гл. таксама Полюсы геаграфічныя.

т. 12, с. 199

ПАЎДНЁВЫ ТРЫКУ́ТНІК (лац. Triangulum Australe),

невялікае сузор’е Паўд. паўшар’я неба. Найб. яркая зорка 1,9 візуальнай зорнай велічыні. Гл. Зорнае неба.

т. 12, с. 199