ПАЎДНЁВА-САСНО́ЎСКАЕ РАДО́ВІШЧА НА́ФТЫ.
У Светлагорскім р-не Гомельскай вобл., за 7 км на Пд ад р.п. Сасновы Бор. Адкрыта ў 1976. Распрацоўваецца з 1977. Паклады нафты пл. 6,6 км² прымеркаваны да міжсалявых адкладаў верхняга дэвону на Пн Прыпяцкага прагіну, на паўд. апушчаным крыле Рэчыцка-Вішанскай зоны падняццяў. Нафтаносны гарызонт залягае на глыб. 3300—4050 м. Пароды-калектары — другасныя кавернава-поравыя даламіты. Нафта высакаякасная, маласярністая, маласмалістая, высокапарафіністая. Разведаныя запасы 15,5 млн. т.
А.П.Шчураў.
т. 12, с. 194
ПАЎДНЁВА-САХАЛІ́НСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1945,
наступальная аперацыя сав. войск па вызваленні паўд. ч. в-ва Сахалін у час 2-й сусв. вайны 1939—45. Праведзена 11—25.8.1945 войскамі 16-й арміі 2-га Далёкаўсх. фронту ва ўзаемадзеянні з караблямі і часцямі марской пяхоты Паўн.-Ціхаакіянскай флатыліі. У наступленні ўдзельнічалі 56-ы стралк. корпус і інш. злучэнні і часці, да 30 караблёў, суднаў і катэраў, 186 самалётаў. Яп. войскі ў складзе 88-й пях. дывізіі, інш. часцей і рэзервістаў (каля 30 тыс. чал.) займалі доўгачасовыя абарончыя збудаванні, цэнтрам якіх быў Катонскі ўмацаваны раён. У ноч перад наступленнем марская авіяцыя нанесла бомбавыя ўдары па апорных пунктах праціўніка Наступленне пачалося 11 жн. пры падтрымцы 2 авіяц. дывізій. 16 жн. на зах. ўзбярэжжы ў раёне Тора (цяпер Шахцёрск) высадзіўся марскі дэсант. Да 18 жн. сав. войскі авалодалі ўсімі ўмацаванымі пунктамі ў прыгранічнай паласе. 19—25 жн. сумесным ударам з фронту і высадкай дэсантаў у портах Маока (цяпер Холмск), Атамары (цяпер Карсакаў) яп. групоўка войск была ліквідавана (пасля капітуляцыі больш за 18 тыс. чал. трапіла ў палон). Паўд. Сахалін, які з 1905 належаў Японіі (гл. Руска-японская вайна 1904—05), зноў стаў састаўной ч. СССР.
т. 12, с. 194
ПАЎДНЁВА-УСХО́ДНІ МЫС (South East Point). На п-ве Уілсанс-Промантары, паўд. край мацерыка Аўстралія (39°11′ паўд. ш. і 146°25′ усх. д.).
т. 12, с. 194
ПАЎДНЁВА-УСХО́ДНЯЯ А́ЗІЯ,
прыродная вобласць у Азіі. Уключае п-аў Індакітай, Малайскі архіпелаг і прылеглыя тэрыторыі. Пл. 4,5 млн. км. Нас. каля 450 млн. чал. (1999). Пераважае рэльеф сярэднягор’яў і ўзгорыстых раўнін. Клімат вільготны экватарыяльны і субэкватарыяльны мусонны. Прыродная расліннасць — трапічныя лясы і саванны. Пераважае арашальнае земляробства (гал. культура рыс), разнастайная прам-сць у прыбярэжных раёнах. На тэр. П.-У.А. знаходзяцца краіны: Бруней, В’етнам, Інданезія, Камбоджа, Лаос, Малайзія, М’янма, Сінгапур, Тайланд, Усх. Тымор; часта да яе адносяць і Філіпіны.
т. 12, с. 194
ПАЎДНЁВА-ЦІХААКІЯ́НСКАЕ ПАДНЯ́ЦЦЕ (ХРЫБЕ́Т),
падводны сярэдзіннаакіянічны хрыбет у паўд. частцы Ціхага ак., усх. працяг Аўстрала-Антарктычнага падводнага падняцця. Цягнецца ў паўн.-ўсх. напрамку на 4100 км, у раёне 135° зах. д. аддзяляецца разломам Элтанін ад Усх.-Ціхаакіянскага падводнага падняцця. Шыр. да 750 км, глыб. падэшвы 4500 м. Пераважная глыб. над хрыбтом 2500—3000 м, найменшая — 878 м. Ад інш. сярэдзіннаакіянічных хрыбтоў адрозніваецца больш вял. шырынёй, меншай выражанасцю рыфтавай зоны.
т. 12, с. 194
ПАЎДНЁВА-ЦІ́ШКАЎСКАЕ РАДО́ВІШЧА НА́ФТЫ.
У Рэчыцкім р-не Гомельскай вобл., каля в. Цішкаўка. Адкрыта ў 1985. Распрацоўваецца з 1986. Паклады нафты пл. каля 9 км² прымеркаваны да міжсалявых адкладаў на Пн Прыпяцкага прагіну ў межах Рэчыцка-Вішанскай зоны падняццяў. Нафтаносныя блокі залягаюць на глыб. 3450—4050 м. Пароды-калектары — трэшчынаватыя порава-кавернозныя вапнякі і даламіты. Нафта лёгкая, маласярністая, смалістая, парафіністая. Разведаныя запасы каля 7 млн. т, перспектыўныя больш за 1,1 млн. т.
А.П.Шчураў.
т. 12, с. 194
ПАЎДНЁВА-ШАТЛА́НДСКАЕ ЎЗВЫ́ШША.
У Вялікабрытаніі, на Пд Шатландыі, паміж Сярэднешатландскай нізінай і Пенінскімі гарамі. Даўж. з ПдЗ на ПнУ каля 180 км. Асобныя масівы (выш. 300—600 м, найб. г. Мерык — 842 м), са слабаўзгорыстымі паверхнямі, складзены пераважна з гранітаў і крышт. сланцаў. Рэшткі стараж. зледзянення (кары, марэны, валунныя палі і інш.). Верасоўнікі, тарфянікі, хваёвыя і бярозавыя лясы. Авечкагадоўля, малочная жывёлагадоўля.
т. 12, с. 194
ПАЎДНЁВА-ЯКУ́ЦКІ ВУ́ГАЛЬНЫ БАСЕ́ЙН,
на Пд Рэспублікі Саха (Якуція), Расіі, у паўд. ч. Алданскага нагор’я, уздоўж Станавога хр. Вуглі выяўлены ў 1849, прамысл. асваенне з 1966. Пл. 25 тыс. км². Балансавыя запасы да глыб. 600 м — 5,7 млрд. т. Вугляносная тоўшча юрскага ўзросту мае больш за 20 пластоў (да 3 рабочых). Вуглі каменныя, маркі Ж, КЖ, К, ОС, СС. Цеплыня згарання на рабочае паліва 23—24.8 МДж/кг. Распрацоўваецца Нерунгрынскае радовішча адкрытым спосабам. Цэнтр здабычы г. Нерунгры.
т. 12, с. 194
ПАЎДНЁВЫЯ АРКНЕ́ЙСКІЯ АСТРАВЫ́ (South Orkney Islands),
група астравоў на ПдЗ Атлантычнага ак., у Антарктыцы. Складаецца з 4 буйных (Каранейшэн, Лоры, Поўэл, Сігні) і каля 40 дробных а-воў. Пл. 621 км². Выш. да 1266 м. Складзены ў асн. з моцна метамарфізаваных асадкавых парод. Б.ч. ўкрыта снегам і лёдам. Расліннасць — пераважна імхі і лішайнікі. Лежбішчы цюленяў, калоніі марскіх птушак. Адкрыты ў 1821 англ. і амер. прамыслоўцамі Дж.Поўэлам і Н.Палмерам і названы арх. Поўэла. На астравах англ. і аргенцінская навук. станцыі.
т. 12, с. 199
ПАЎДНЁВЫЯ І ПАЎНО́ЧНЫЯ ДЫНА́СТЫІ ў Кітаі, Нань Бэй Чао,
перыяд кіт. гісторыі (4—6 ст.), калі Кітай быў падзелены на 2 асобныя дзяржавы. Паўд. Кітаем у гэты час кіравалі дынастыі кіт. паходжання: Сун [420—478], Цы [479—501], Лян [502—556], Чэнь [557—588], На Пн Кітая панавалі дынастыі выхадцаў з плямён сяньбі, якія захапілі гэту ч. краіны ў канцы 4 ст.: Тоба Вэй (Паўн. Вэй) [386—535], Усх. Вэй [534—550], Зах. Вэй [535—557], Паўн. Цы [550—557], Паўн. Чжоў [557—581]. Гэты час характарызаваўся паліт. няўстойлівасцю, частай зменай дынастый, войнамі паміж Паўн. і Паўд. Кітаем. У 581 палкаводзец Ян Цзянь скінуў апошняга імператара Паўн. Чжоў, аб’яднаў да 588 увесь Кітай пад сваёй уладай і заснаваў адзіную дынастыю Суй.
т. 12, с. 199