Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ПАГРАНІ́ЧНЫ КАНТРО́ЛЬ,

узгодненыя па мэце, месцы і часе рэжымна-прапускныя і аператыўныя мерапрыемствы па праверцы і пропуску цераз дзярж. граніцу фіз. асоб, транспарту і інш. У Рэспубліцы Беларусь П.к. уключае праверку дакументаў на права ўезду на тэр. краіны і выезду з яе, дагляд трансп. сродкаў (пры неабходнасці іх суправаджэнне), грузаў, маёмасці і інш.

т. 11, с. 481

ПАГРАНІ́ЧНЫ РЭЖЫ́М,

распарадак, устаноўлены ў пагранічнай зоне, тэрытарыяльных водах, унутраных водах, што маюць выхад да граніцы дзяржаўнай. У Рэспубліцы Беларусь служыць інтарэсам стварэння неабходных умоў для аховы дзярж. граніцы. Вызначаецца законам «Аб дзяржаўнай граніцы Рэспублікі Беларусь» ад 4.12.1992, інш. актамі заканадаўства і міжнар. дагаворамі. П.р. ўключае парадак перасячэння дзярж. граніцы, плавання і знаходжання замежных суднаў у водах пагран. рэк, азёр і інш. вадаёмаў, што належаць краіне, заходу замежных плаўсродкаў у парты краіны і знаходжання ў іх, вылету і пасадкі паветр. суднаў, утрымання дзярж. граніцы, вядзення работ і інш. дзейнасці на дзярж. граніцы. Выкананне патрабаванняў П.р. ў пунктах пропуску ажыццяўляюць пагран. войскі па ўзгадненні з органамі мытнага кантролю, а ў паветр. прасторы — войскі проціпаветранай абароны.

Г.​А.​Маслыка.

т. 11, с. 481

ПАГРАНІ́ЧНЫ СЛОЙ у гідрадынаміцы,

тонкі слой цячэння вязкай вадкасці (газу), які ўзнікае пры абцяканні цвёрдага цела або на мяжы падзелу 2 патокаў вадкасці з рознымі скарасцямі ці хім. саставам.

Характарызуецца рэзкімі зменамі ў папярочным напрамку скорасці (т-ры, канцэнтрацыі) ад яе пэўнага значэння ў знешнім патоку да нуля на абцяканай паверхні ў выніку вязкага трэння (цеплаправоднасці, дыфузіі) і наліпання вязкай вадкасці на паверхню. Рэжым цячэння вызначаецца Рэйнальдса лікам і можа быць ламінарным ці турбулентным (гл. Ламінарнае цячэнне, Турбулентнае цячэнне). Даследаванні П.с. маюць важнае значэнне ў аэрагідрадынаміцы, метэаралогіі і інш.

т. 11, с. 481

ПАГРАНО́ЎСКІ (Мікалай Міхайлавіч) (н. 21.2.1952, в. Бечы Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл.),

бел. мастацтвазнавец, мастак. Вучыўся ў Ленінградскім ін-це жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І.​Рэпіна (1986—89). Скончыў Бел. АМ (1993). З 1986 у Нац. маст. музеі Беларусі (з 1990 гал. хавальнік). У 1989—91 выкладаў у Мінскім маст. вучылішчы, у 1994—99 — у Бел. АМ. Даследуе праблемы сучаснага бел. мастацтва. Аўтар творчых партрэтаў да каталогаў бел. мастакоў (У.​Слабодчыкава, Ю.​Герасіменкі, П.​Дурчыка, А.​Кузняцова і інш), сцэнарыяў дакумент. фільмаў «Rondo» (1998), «Пірасмані з Баранавічаў», «Intervert» (абодва 2000). Адзін з аўтараў альбома «Сяргей Ткачэнка. Жывапіс» (2000). Працуе таксама ў жывапісе і скульптуры.

Г.​А.​Фатыхава.

т. 11, с. 482

ПАГРО́ЗА ў крымінальным праве,

выказаны ў любой форме намер прычыніць фіз., матэрыяльную ці інш. шкоду грамадскім або асабістым інтарэсам. У крымін. праве Рэспублікі Беларусь найб. небяспечныя віды П. — забойствам, нанясеннем цяжкіх цялесных пашкоджанняў або знішчэннем маёмасці шляхам падпалу і да т.п., якія ствараюць самаст. саставы злачынства. Разглядаецца заканадаўствам як сродак псіхічнага насілля над чалавекам і караецца ў крымін. парадку.

т. 11, с. 482

ПАГРУ́ЗАЧНА-РАЗГРУ́ЗАЧНЫЯ МАШЫ́НЫ,

машыны цыклічнага або неперарыўнага дзеяння, прызначаныя для выканання аперацый на пагрузачна-разгрузачных, перагрузачных, складскіх, укладачных работах з насыпнымі, кавалкавымі і штучнымі грузамі. Бываюць стацыянарныя, перасоўныя, самаходныя, на колавым і гусенічным хаду. Падзяляюцца на 2 асн. групы: пагрузчыкі (у т. л. аўтапагрузчыкі) і разгрузчыкі (пераважна для сыпкіх матэрыялаў).

Для пагрузкі і разгрузкі сыпкіх і дробнакавалкавых матэрыялаў выкарыстоўваюць універсальныя адна- і многакаўшовыя пагрузчыкі, разгрузачна-штабелявальныя машыны; для разгрузкі пылаватых матэрыялаў (цэмент, мука) — пнеўмаразгрузчыкі, сыпкіх і дробнакавалкавых матэрыялаў з чыг. рухомага саставу — скрабалкавыя і элеватарныя разгрузчыкі, цэменту з крытых вагонаў — вакуумныя разгрузчыкі. Як П.-р.м. выкарыстоўваюцца канвееры, скрэперы, экскаватары, розных тыпаў краны.

І.​І.​Леановіч.

т. 11, с. 482

ПАГРУ́ЗЧЫК,

самаходная (гусенічная або колавая) пад’ёмна-транспартная машына для пагрузкі сыпкіх, дробнакавалкавых і штучных грузаў у трансп. сродкі, перамяшчэння іх на невял. адлегласці, укладкі ў штабелі ці адвалы. Бываюць бесперапыннага дзеяння (маюць ланцуговыя ці скрабалкавыя канвееры, на якія груз падаецца заграбнымі лапамі, вінтавымі або ротарнымі сілкавальнікамі) і цыклічнага дзеяння (аснашчаны вілачнымі захопамі, каўшамі, боднямі і інш.); аўтапагрузчыкі і электрапагрузчыкі.

П. агульнага прызначэння (універсальныя) выкарыстоўваюцца ў розных галінах нар. гаспадаркі для пагрузкі разнастайных грузаў. Абсталёўваюцца рознага тыпу грузазахопнымі прыстасаваннямі і зменным абсталяваннем (П.-бульдозеры, -экскаватары, грэйферныя, адна- і многакаўшовыя). П. спецыяльныя прызначаны для работы з грузамі абмежаванай наменклатуры або ў асаблівых умовах (горныя пагрузачныя машыны, с.-г. зернепагрузчыкі, загрузчыкі кармоў, П.-капавозы, -стагакіды, снегапагрузчыкі і інш.).

На Беларусі аднакаўшовыя П. выпускае аб’яднанне «Амкадор», аўтапагрузчыкі — Магілёўскі аўтамаб. з-д.

І.​І.​Леановіч.

Пагрузчыкі акцыянернага таварыства «Амкадор»: 1 — аднакаўшовы франтальны колавы; 2 неперарыўнага дзеяння з фрэзерным сілкавальнікам і паваротным транспарцёрам.

т. 11, с. 482

ПА́ГУАШСКІ РУХ,

міжнародны рух вучоных за мір, ядз. раззбраенне і навук. супрацоўніцтва ўсіх краін. Каля яго вытокаў стаялі вядомыя вучоныя, у т. л. А.Эйнштэйн, Ф.Жаліо-Кюры, Б.Расел і інш., якія ў 1955-заклікалі вучоных усіх краін выступіць супраць выкарыстання ядз. энергіі ў ваен. мэтах. У ліп. 1957 у канадскім г. Пагуаш (адсюль назва) адбылася 1-я Пагуашская канферэнцыя. Тады ж быў утвораны пастаянны Пагуашскі к-т са штаб-кватэрай у Лондане. З таго часу рэгулярна праводзяцца канферэнцыі П.р., на якіх абмяркоўваюцца пытанні захавання міру і ролі ў гэтым вучоных. Нобелеўская прэмія міру 1995 (разам з Дж.Ротблатам).

т. 11, с. 482

ПАДАБЕ́Д (Аляксандр Станіслававіч) (н. 30.5.1951, Мінск),

бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1989). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1972). З 1972 працуе ў Нац. акад. т-ры імя Я.​Купалы, адначасова выкладае ў Бел. АМ (з 1995 праф.). Выканаўца характарных і драм. роляў. Творчасці ўласцівы завершанасць унутр. і знешняга малюнка ролі: Незнаёмы («Раскіданае гняздо» Я.​Купалы), Гатоўчык («Апошні шанц» В.​Быкава), Салянік («Радавыя» А.​Дударава), Дзергачоў («Апошняя ахвяра» А.​Астроўскага), Чапурной («Дзеці сонца» М.​Горкага), Княжко («Бераг» Ю.​Бондарава), Арыэль («Бура» У.​Шэкспіра), Тоні («Шкляны звярынец» Т.​Уільямса), Ахіл («Ромул Вялікі» Ф.​Дзюрэнмата) і інш. Здымаецца ў кіно: «Плач перапёлкі», «Справа Лахоўскага», «Чалавек са звалкі», «Маскоўская сувязь» (бел.-амер.). Удзельнічае ў тэле- («Сіняя-сіняя», «Доктар Фауст», «Подых навальніцы») і радыё- («Спартак», «Па кім звоніць звон») пастаноўках.

Р.​Л.​Баравік.

т. 11, с. 482

ПАДАВА́НА ((Padovano) Джавані) (Ян) Марыя [сапр. Моска да Падова (Mosca da Padova) Джанмарыя; каля 1493, г. Падуя (?),

Італія — 31.3.1574], італьянскі скульптар і архітэктар; прадстаўнік Адраджэння. У 1515—30 працаваў у Падуі і Венецыі, з 1532 у Рэчы Паспалітай, у т. л. ў Вільні. Прыдворны мастак вял. князя ВКЛ Жыгімонта I Старога. Майстар надмагільнай пластыкі. Сярод твораў: барэльеф «Цуд са шклянкай» для базілікі св. Антоніа ў Падуі, надмагіллі Б.​Тарноўскай (каля 1536), Я.​Тарноўскага і яго сына (1561—70) у саборы ў Тарнуве, С.​Алясніцкага (1450) у кафедральным касцёле ў Познані, П.​Гамрата (1545) і С.​Мацеёўскага (1552) у кафедральным касцёле на Вавелі ў Кракаве, жонак Жыгімонта II Аўгуста Лізаветы (1546—52) і Барбары Радзівіл (1553—63, абодва не захаваліся) у Вільні, ківорый для касцёла Дзевы Марыі ў Кракаве (1551—54) і інш. Аўтар 4 медалёў з партрэтамі Жыгімонта I Старога і яго сям’і (1532), арх. праектаў атыкаў і лесвіцы ў «Сукеніцэ» (1555—59) і нішаў для каралеўскіх надмагілляў у капліцы Жыгімонтаў на Вавелі (1571—74).

С.​У.​Пешын.

т. 11, с. 483