Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ПААЛЕ́Й ЦЫЁН (Рабочыя Сіёна),

палітычныя партыі і міжнар. т-вы сацыял-сіянісцкага кірунку, якія з пач. 20 ст. да пач. 1930-х г. дзейнічалі ў шэрагу краін, у т. л. ў Расіі. Іх дзеячы ўспрынялі асобныя тэарэт. палажэнні марксізму (напр., пра вядучую ролю рабочага класа), але пераважна пашыралі ідэі сіянізму сярод яўр. рабочых, дробных гандляроў і інтэлігенцыі. Найб. поўна ідэалогія і палітыка П.Ц. ўвасоблена ў дзейнасці Яўр. с.-д. рабочай партыі (ЯСДРП, засн. ў 1906 у Расіі). У 1907 у г Гаага (Нідэрланды) утвораны Сусв. яўр. сацыяліст. рабочы саюз П.Ц., куды акрамя рас. ЯСДРП увайшлі аднайм. партыі ЗША, Аўстра-Венгрыі, Палесціны, Вялікабрытаніі, Румыніі. Фактычна паалейцыянізм выступіў як міжнар. левасіянісцкая плынь. ЯСДРП разглядала сіянізм як гіст. неабходнасць і мела на мэце стварэнне яўр. пралет. дзяржавы ў Палесціне, дамагалася нац.-паліт. аўтаноміі для тых народаў Расіі, якія, на яе думку, не выспелі для самаст. дзярж. існавання. У рэвалюцыю 1905—07 тактыка ЯСРДП супадала з меншавіцкай, у 1-ю сусв. вайну яна выступала з антываен. пазіцый, прапагандавала сіянізм, заклікала яўр. працоўных да эміграцыі ў Палесціну, каб будаваць там сацыялізм. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 ЯСДРП падтрымлівала Часовы ўрад. На Беларусі арг-цыі П.Ц. з пач. 20 ст. існавалі ў Мінску, Бабруйску, Баранавічах, Віцебску, Гомелі, Магілёве, Оршы і інш. гарадах. П.Ц. уваходзіў у створаны ў маі 1917 Савет нац. сацыяліст. партый Расіі. Летам 1917 прадстаўнікі П.Ц. абраны ў гар. думы Віцебска, Гомеля, Мінска, Оршы. ЯСДРП варожа сустрэла Кастрычніцкую рэвалюцыю 1917. У сак. 1918 прадстаўнікі ЯСДРП увайшлі ў склад Рады БНР, аднак былі сярод тых, хто ўстрымаўся пры галасаванні за 3-ю Устаўную грамату, што абвяшчала незалежнасць Беларусі. Пратэстуючы супраць прагерм. арыентацыі большасці Рады БНР, прадстаўнікі П.Ц. ў крас. 1918 разам з інш. яўр. сацыялістамі, эсэрамі і меншавікамі выйшлі з яе складу. У жн. 1919 на канферэнцыі ў Гомелі ЯСДРП раскалолася. Левыя паалейцыяністы арганізавалі Яўр. камуніст. партыю (ЯКП), якая разам з ёй падобнымі партыямі ў жн. 1920 стварыла Сусв. яўр. камуніст. саюз П.Ц. Мэтай ЯКП было стварэнне ў Палесціне яўр. камуніст. дзяржавы. Яна не была прынята ў Камуністычны Інтэрнацыянал, але выкарыстоўвала яго механізм для накіравання ў Палесціну каланістаў — прыхільнікаў П.Ц. У снеж. 1922 ЯКП самаліквідавалася, ч. яе членаў уступіла ў РКП(б), іншыя ўліліся ў ЯСДРП, якая ў 1923 перайменавалася ў Яўр. камуніст. рабочую партыю (ЯКРП) і фактычна працягвала сіянісцкую прапаганду. У 1928 ЯКРП у СССР ліквідавана. У 1920—30-я г. паалейцыянісцкія партыі дзейнічалі ў Польшчы, у т. л. ў Зах. Беларусі. У 1932 на канфер. ў Данцыгу (цяпер Гданьск, Польшча) Сусв. саюз яўр. рабочых П.Ц. і інш. яўр. сацыял-сіянісцкія арг-цыі злучыліся ў Сусв. саюз сіяністаў-сацыялістаў. Ідэалогія П.Ц. садзейнічала фарміраванню сацыял-сіянісцкіх партый, якія цяпер дзейнічаюць у Ізраілі.

Літ.:

Дадиани Л.Я. Критика идеологии и политики социал-сионизма М., 1986.

У.​Я.​Камякоў.

т. 11, с. 461

ПААПО́ (Poopó),

салёнае возера ў Балівіі, у Цэнтральных Андах, на выш. 3690 м. Пл. 2,5—3 тыс. км² (мяняецца па сезонах). Глыб. (у сухі перыяд) да 3 м. П. — частка стараж. больш буйнога вадаёма. У возера ўпадае р. Дэсагуадэра; у дажджлівы сезон частка вады з П. па р. Лакаауіра паступае ў воз. Кайпаса.

т. 11, с. 461

ПА́АСІКІВІ ((Paasikivi) Юха Кусці) (27.11.1870. г. Тамперэ, Фінляндыя — 14.12.1956),

дзяржаўны дзеяч Фінляндыі. Д-р юрыд. н. Скончыў Хельсінкскі ун-т (1892). У 1903—13 і 1917—18 уваходзіў у кіраўніцтва старафін. партыі. У 1918 прэм’ер-міністр. У 1920 узначальваў дэлегацыю на сав.-фін. мірных перагаворах у Тарту і 14.10.1920 падпісаў мірны дагавор паміж Фінляндыяй і РСФСР. У 1934—36 старшыня Нац. кааліцыйнай партыі. У 1936—40 пасланнік у Швецыі. 12.3.1940 ад імя Фінляндыі падпісаў мірны дагавор з СССР, якім скончана сав.-фінл. вайна 1939—40. У 1940—41 пасланнік у СССР. У 1944—46 прэм’ер-міністр, у 1946—56 прэзідэнт Фінляндыі. Садзейнічаў устанаўленню і развіццю добрасуседскіх адносін Фінляндыі з СССР, у т. л. санкцыяніраваў падпісанне сав.-фінл. дагавора аб дружбе, супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе (1948, тэрмін дзеяння прадоўжаны ў 1955). Палітыку П. прадоўжыў У.К.Кеканен, у сувязі з чым пасляваен. знешнепаліт. курс Фінляндыі на дружбу і супрацоўніцтва з СССР атрымаў назву «лініі Паасіківі — Кеканена».

т. 11, с. 461

ПАБЕДАНО́СЦАЎ (Канстанцін Пятровіч) (2.6.1827, Масква — 23.3.1907),

расійскі дзярж. дзеяч. Скончыў вучылішча правазнаўства (1846, С.-Пецярбург). Служыў у дэпартаментах Сената. У 1860—65 праф. Маскоўскага ун-та. Сенатар (з 1868), чл. Дзярж. савета (з 1872), обер-пракурор Сінода (1880—1905). Выкладаў заканазнаўства рас. вял. князям, у т. л. будучым імператарам Аляксандру III і Мікалаю II, на якіх аказваў значны ўплыў. Аўтар тэксту маніфеста 11.5.1881 «Аб умацаванні самадзяржаўя», ініцыятар «контррэформ». Адыгрываў значную ролю ў фарміраванні ўрадавай палітыкі ў галіне асветы, нац. пытанні і інш. Насаджаў вялікадзяржаўныя ідэі ў якасці афіц. ідэалогіі, выступаў з кансерватыўных пазіцый супраць зах.-еўрап. культуры і дэмакр. форм грамадскага жыцця. Як обер-пракурор Сінода праследаваў прыхільнікаў расколу і сектантаў, уціскаў земскую школу і насаджаў царк.-прыходскую. Пасля выдання маніфеста 17 кастрычніка 1905 у адстаўцы. Свае погляды выклаў у кн. «Маскоўскі зборнік» (1896). Аўтар гіст.-юрыд. твораў.

Літ.:

К.​П.​Победоносцев: pro et contra: Антология. СПб., 1996.

т. 11, с. 462

ПАБЕ́ДАЎ (Віктар Сцяпанавіч) (н. 20.11.1924, в. Канстанцінава Гусь-Хрустальнага р-на Уладзімірскай вобл., Расія — 6.3.1988),

бел. вучоны ў галіне лесазнаўства. Д-р с.-г. н. (1982), праф. (1985). Скончыў Маскоўскі лесатэхн. ін-т (1951). З 1955 у Ін-це лесу АН Беларусі. З 1957 у Бел. НДІ лясной гаспадаркі (з 1964 нам. дырэктара). Навук. працы па лесазнаўстве, лесаводстве і аднаўленні лесу, мінер. жыўленні дрэвавых раслін і выкарыстанні ўгнаенняў у лясной гаспадарцы.

Тв.:

Применение удобрений в лесном хозяйстве. М., 1972.

т. 11, с. 462

ПА́БЛІК СКУЛЗ (англ. public schools),

прыватныя прывілеяваныя сярэднія школы ў Вялікабрытаніі, якія захавалі арыстакратычныя традыцыі.

т. 11, с. 462

ПАБЛІ́СІЦІ (англ. publicity),

1) папулярнасць, шырокая вядомасць, якая дасягаецца публічнымі выступленнямі, а таксама з дапамогай інфармацыі.

2) Галоснасць, публіцыстычнасць.

3) Рэклама, рэкламаванне, самарэклама.

т. 11, с. 462

ПАБО́ЕЎСКІ ВЯЛІ́КІ КА́МЕНЬ З Я́МКАМІ,

геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1997). За 1,6 км на З ад в. Мілявічы Мастоўскага р-на Гродзенскай вобл., ва ўрочышчы Пабоева. Валун парфірападобнага граніту з крышталямі палявога шпату ў выглядзе таблічак і з зернямі ружовага кварцу. Даўж. 2,4 м, шыр. 1,7 м, выш. 0,8 м, у абводзе 6,3 м, аб’ём 1,9 м³, маса каля 4,9 т. Прынесены ледавіком каля 220—150 тыс. г. назад са Скандынавіі. Формаю нагадвае вял. прас. На верхняй пляцоўцы захаваліся 12 паўсферычных выемак (глыб. 0,3—0,5 см, у папярочніку 3—5 см), якія высечаны чалавекам 2—2,5 тыс. г. назад. Меў культавае значэнне.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 11, с. 462

ПАБО́ЧНЫЯ СЛО́ВЫ,

словы і спалучэнні слоў, якія граматычна не звязаны з членамі сказа і выражаюць адносіны асобы, што гаворыць, да выказанай думкі. Выражаюцца мадальнымі словамі і інш. часцінамі мовы («сапраўды», «праўда», «галоўнае», «між іншым», «па-мойму», «аднак»). Могуць выкарыстоўвацца для выражэння верагоднасці выказанай думкі («вядома»), звычайнасці — незвычайнасці фактаў («бывае»), спосабу перадачы думкі («дакладней», «іншымі словамі»), эмацыянальнай ацэнкі («на шчасце»), звароту да субяседніка («бачыш»), крыніц паведамлення («па чутках», «на мой погляд»), адносін паміж часткамі выказвання («затым»), Не з’яўляюцца членамі сказа, не дапасуюцца, не кіруюцца і не прымыкаюць да членаў сказа, а ўводзяцца ў сказ суадноснай (пераважна бяззлучнікавай) сувяззю. Вызначаюцца спецыфічнай інтанацыяй (паўзамі, нізкім тонам, хуткім тэмпам маўлення), на пісьме выдзяляюцца коскамі або працяжнікамі.

Літ.:

Базыленка А.М. Пабочныя і ўстаўныя словы, словазлучэнні і сказы ў сучаснай беларускай літаратурнай мове. Мн., 1964;

Аўласевіч М. Пабочныя кампаненты сказа ў беларускай літаратурнай мове. Мн., 1970;

Беларуская граматыка. Ч. 2. Сінтаксіс. Мн., 1986.

А.​І.​Наркевіч.

т. 11, с. 462

ПАБО́ЧНЫ СКАЗ,

сінтаксічная канструкцыя, якая знешне суадносіцца з камунікатыўнымі адзінкамі — сказамі, а па сваёй функцыі і ролі ў сказе збліжаецца з пабочнымі словамі і пабочнымі словазлучэннямі. Можа мець форму двухсастаўных развітых і неразвітых сказаў, аднасастаўных пэўна-, няпэўна-, агульнаасабовых, безасабовых і інфінітыўных сказаў. Да асн. сказа далучаецца бяззлучнікавай сувяззю або пры дапамозе злучнікаў ці злучальных слоў, можа размяшчацца ў пачатку, у канцы і ў сярэдзіне сказа. Уключаецца ў склад сказа для выражэння пэўных мадальных, эмацыянальных ці экспрэсіўных значэнняў. У адрозненне ад пабочных слоў характарызуецца большай канкрэтнасцю выказвання, сэнсавай і сінтаксічнай расчлянёнасцю структуры, закончанасцю зместу («На гэтых дубах — так павялося ўжо з незапомных часоў — на Купалле вешалі качэлі». Б.​Сачанка).

Літ.:

Гл. да арт. Пабочныя словы.

А.​І.​Наркевіч.

т. 11, с. 462