Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

«НЬЮ-ЙО́РКСКІ ГАРАДСКІ́ БАЛЕ́Т»

(«New York City Ballet»),

амерыканская балетная трупа. Засн. ў 1934 на базе Школы амер. балета. Адзін з заснавальнікаў, кіраўнік і гал. балетмайстар Дж.Баланчын, ў 1983—98 кіраўнік Дж.Робінс. Да 1948 існавала пад рознымі назвамі. З 1964 працуе ў памяшканні Т-ра штата Нью-Йорк у Лінкальн-цэнтры. У рэпертуары пераважаюць бессюжэтныя балеты, дзе танец — сродак інтэрпрэтацыі класічнай ці сучаснай музыкі, не прызначанай для сцэн. ўвасаблення. Ставяцца і класічныя спектаклі, у т.л. балеты П.Чайкоўскага, І.Стравінскага. Сярод балетмайстраў Баланчын (каля 150 балетаў), яго вучні і паслядоўнікі Т.Болендэр, У.Долар, Л.Крыстэнсен, Робінс, Дж.Тарас.

т. 11, с. 396

НЬЮ-ЙО́РКСКІ МУЗЕ́Й СУЧА́СНАГА МАСТА́ЦТВА,

найбуйнейшы ў ЗША збор мастацтва апошняй чвэрці 19—20 ст. Засн. ў 1929. У музеі вял. калекцыя твораў жывапісу, скульптуры, графікі, дэкар.-прыкладнога мастацтва, дызайн, арх. праектаў, фотамастацтва, фільматэка; захоўваюцца «Герніка» П.Пікасо, творы Х.Ароска, А.Маёля, А.Матыса, Д.Рыверы, П.Сезана, Д.Сікейраса, Э.Уаета, Э.Хопера і інш.

т. 11, с. 396

НЬЮ-ЙО́РКСКІ ФІЛАРМАНІ́ЧНЫ АРКЕ́СТР (New York Philharmonic Orchestra),

амерыканскі сімфанічны аркестр. Засн. ў Нью-Йорку ў 1842 (у 1921 у яго склад увайшоў Нью-Йоркскі сімф. аркестр, у 1928 — аркестр В.Дамраша). У станаўленні і фарміраванні выканальніцкага стылю калектыву вял. ролю адыграла дзейнасць яго кіраўнікоў: Г.Малера (1909—11), А.Тасканіні (1927—36), Дз.Мітропуласа (1950—58), Л.Бернстайна (1958—69), П.Булеза (1971—75), З.Меты (1978—91), К.Мазура (з 1991). Аркестрам дырыжыравалі таксама Б.Вальтэр, Э.Клейбер, О.Клемперэр, Т.Бічэм, Л.Стакоўскі, Ш.Мюнш, пры выкананні ўласных твораў — П.Чайкоўскі, А.Рубінпггэйн, А.Дворжак, Р.Штраус, К.Сен-Санс, А.Анегер, І.Стравінскі, М.Равель, Дж.Энеску, Э.Віла-Лобас і інш. З ім выступалі буйнейшыя інструменталісты і вакалісты свету, у т.л. піяністы І.Падарэўскі, С.Рахманінаў, С.Пракоф’еў, У.Горавіц, скрыпачы Я.Хейфец, Д.Ойстрах, І.Сігеці, І.Менухін і інш.

т. 11, с. 396

«НЬЮ-ЙОРК ТАЙМС»

(«New York Times»),

штодзённая газета ЗША. Выходзіць з 1851 у Нью-Йорку. Належыць да найб. уплывовых і інфармаваных газет ЗША. Фармальна лічыцца незалежнай. Выражае інтарэсы ліберальна настроеных колаў паўн.-ўсх. штатаў. Тыраж (1999) — 1 млн. экз. Мае замежныя выданні ў Парыжы і Ліме (Перу).

т. 11, с. 395

НЬЮ-ЛО́НДАН (New London),

горад на ПнУ ЗША, у штаце Канектыкут. Засн. ў 1646. Каля 25 тыс. ж., з горадам Норуіч і агульнымі прыгарадамі каля 300 тыс. ж. (1996). Порт каля ўпадзення р. Тэмс у праліў Лонг-Айленд. Прам-сць: радыёэлектронная, прыладабуд., хім., фармацэўтычная, швейная, папяровая, чорная металургія; вытв-сць паліграф. машын. У прыгарадзе Гротан — буйнейшая ў ЗША верф па буд-ве атамных падводных лодак. Ваен.-марская база.

т. 11, с. 396

НЬЮ-МЕ́КСІКА (New Mexico),

штат на ПдЗ ЗША Пл. 315 тыс. км2. Нас. 1,7 млн. чал. (1998). Адм. цэнтр — г. Санта-Фе, гал. эканам. цэнтр — г. Альбукерке. Большая частка тэр. занята паўд. адгор’ямі Скалістых гор (выш. да 4011 м), плато Лана-Эстакада (на У) і Каларада (на З). Клімат субтрапічны, засушлівы. Т-ра паветра ад 8 °C у студз. да 28 °C у ліпені. Ападкаў 250—500 мм за год. У гарах халадней і вільготней. На плато саванная і стэпавая расліннасць, горы ўкрыты хваёвым лесам. Штат займае адно з першых месцаў у ЗША па здабычы карысных выкапняў: уранавай руды (каля ​2/з разведаных запасаў урану ў ЗША), калійных солей (каля 80% здабычы ў краіне), нафты, прыроднага газу, руд цынку і поліметалаў. Асн. галіны апрацоўчай прам-сці: нафтаперапр. і нафтахім., электронная, каляровая металургія, харч., атамная. Цэнтр атамнай прам-сці — г. Лос-Аламас. У сельскай гаспадарцы пераважае пашавая жывёлагадоўля. Пагалоўе (1999): буйн. раг. жывёлы 1,6 млн. галоў, авечак 0,3 млн. галоў. Птушкагадоўля. На арашальных землях вырошчваюць сеяныя травы, бавоўну, сорга, кукурузу, пшаніцу, агародніну. Турызм. Транспарт аўтамаб. і чыгуначны.

На тэр. Н.-М., якую здаўна насялялі індзейскія плямёны, еўрапейцы з’явіліся ў 1539. У 1598 першыя паселішчы заснавалі іспанцы, якія здабывалі тут серабро. У 1771 у складзе ісп. калоніі Новая Іспанія. У час вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26 увайшла ў склад Мексікі (1821). У час амерыкана-мексіканскай вайны 1846—48 захоплена ЗША, у 1850 занятая імі тэрыторыя названа Н.-М. (уваходзілі сучасныя штаты Юга, Арызона, частка тэр. Тэхаса і Каларада). У 19 ст. індзейцы Н.-М. неаднаразова паўставалі (1863, 1882, 1886). З 1912 Н.-М. — 47-ы штат ЗША. У 1943 на яго тэр. (г. Лос-Аламас) створана і ў 1945 выпрабавана (г. Аламагорда) першая атамная бомба.

т. 11, с. 396

НЬЮ-ХЕ́ЙВЕН (New Haven),

горад на ПнУ ЗША, у штаце Канектыкут. Засн. ў 1638. 124,7 тыс. ж., з гарадамі Мерыдэн, Уэст-Хейвен і агульнымі прыгарадамі каля 550 тыс. ж. (1997). Порт у праліве Лонг-Айленд. Прамысл., гандл.-фін. і культ. цэнтр Новай Англіі. Прам-сць: вытв-сць авіяц. рухавікоў, дэталей і вузлоў, стралковай зброі, рэнтгенаўскай апаратуры і мед. інструменту, гадзіннікаў, станкоў і прамысл. абсталявання, сродкаў сувязі, чорная і каляровая металургія, металаапр., хім., гумавая, паліграфічная. Ун-ты, у т.л. Іельскі універсітэт. Музеі. Маст. галерэя Іельскага ун-та. Гар. і універсітэцкія будынкі 17—19 ст.

т. 11, с. 398

НЬЯ́САЛЕНД (Nyasaland),

назва былога брыт. ўладання ў Афрыцы; з 1964 незалежная дзяржава Малаві.

т. 11, с. 398