Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

«ЖО́ЎТЫХ ПАВЯ́ЗАК» ПАЎСТА́ННЕ,

сялянскае паўстанне ў Стараж. Кітаі ў 184—204. Назва ад жоўтых павязак, якія паўстанцы насілі на галаве. Адзін з кіраўнікоў паўстання — Чжан Цзяо, ураджэнец Цзюйлу (прав. Хэбэй), які на працягу 10 гадоў аб’ядноўваў сялян на аснове прапаганды містычнага даоскага вучэння «пра шлях вялікай роўнасці». Паўстанцы былі арганізаваны ў 36 вял. (больш за 10 тыс. чал.) і малых (па 6—7 тыс. чал.) атрадаў (фан). Супраць іх выступілі войскі імператара і буйных землеўладальнікаў, якія ліквідавалі паўстанне; Чжан Цзяо загінуў. У хуткім часе ў прав. Хэбэй зноў паўсталі сяляне, якія ўтварылі «Армію чорных гор» (больш за 1 млн. чал.). Пазней паўстанне канчаткова ліквідавана сіламі военачальнікаў Юань Шао, Цао Цао і інш.

Літ.:

Очерки истории Китая: С древности до «опиумных войн»: Пер. с кит. М., 1959.

Дз.М.Чаркасаў.

т. 6, с. 440

ЖО́ЎТЫЯ ВО́ДЫ,

горад на Украіне, у Днепрапятроўскай вобл., на р. Жоўтая. 63,9 тыс. ж. (1991). Чыг. ст. Прам-сць: горна-здабыўная (жал. руда), прыладабуд. (з-д «Электрон», Паўд. радыёзавод), лёгкая (ф-ка штучнага футра) і харчовая. Засн. ў канцы 19 ст., горад з 1957. Месца бітвы ўкр. войска Б.Хмяльніцкага з авангардам войск Рэчы Паспалітай (1648).

т. 6, с. 440

ЖО́ЎТЫ ПАВІЯ́Н,

гл. Бабуін.

т. 6, с. 440

ЖО́ЎЦЕВЫЯ КІСЛО́ТЫ,

высокамалекулярныя монакарбонавыя поліцыклічныя кіслоты з класа стэрынаў, вытворныя халанавай к-ты. Утвараюцца ў клетках печані чалавека і многіх жывёльных арганізмаў і выдзяляюцца з жоўцю.

Да Ж.к. належаць холевая, дэзоксіхолевая, літахолевая і інш. к-ты. Асн. частка іх у жоўці злучаецца з глікаколам і таўрынам і ўтварае т. зв. парныя Ж.к. (напр., глікахолевыя к-ты), солі якіх садзейнічаюць эмульгаванню і ператраўленню тлушчаў, усмоктванню тлустых к-т. Ж.к., што атрымліваюць з жоўці вышэйшых жывёл, выкарыстоўваюцца ў фармацэўтычнай прам-сці як сыравіна для вытв-сці палавых гармонаў і інш.

т. 6, с. 440

ЖО́ЎЦЕВЫЯ ПІГМЕ́НТЫ,

азоцістыя прадукты распаду гемаглабіну і інш. гемазмяшчальных рэчываў, якія ўваходзяць у склад жоўці і надаюць ёй характэрную афарбоўку. Па хім. будове — лінейныя гетэрапірольныя злучэнні з рознай колькасцю і лакалізацыяй падвойных сувязей і замяшчальнікаў. У чалавека і жывёл утвараюцца пераважна ў печані, выдзяляюцца ў выглядзе білірубіну і білівердзіну, выводзяцца з арганізма з калам і мачой. Пры некат. відах паталогіі (жаўтуха, гемалітычная хвароба нованароджаных і інш.) назапашваюцца ў асобных тканках і органах, служаць іх дыягнастычнай прыкметай.

т. 6, с. 441

ЖО́ЎЦЕВЫ ГРЫБ, воўчы грыб (Tylopilus felleus),

шапкавы базідыяльны грыб сям. балетавых. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі расце ў лясах. Вельмі падобны да баравіка, адрозніваецца ружовым колерам гіменафора і горкім смакам мякаці. Неядомы. можа выклікаць атручэнне. Выкарыстоўваецца як жаўцягонны сродак (адсюль назва).

Шапка дыям. 3—8 см, пукатая, сухая, бураватая або бурая. Мякаць мяккая, белая, на зломе ружовая, без асаблівага паху. Гіменафор прырослы або выемчаты, трубачкі белыя, потым брудна-шаравата-ружовыя. Ножка падоўжана-клубнепадобная або цыліндрычная, суцэльная, уверсе з яўна бачным чорна-бурым сеткавым малюнкам. Споры Верацёнападобналадоўжаныя, гладкія, светла-ружавата-бураватыя.

Жоўцевы грыб.

т. 6, с. 440

ЖО́ЎЦЕВЫ ПУЗЫ́Р,

полы орган стрававальнай сістэмы большасці пазваночных жывёл і чалавека, у якім адбываецца збіранне і канцэнтрацыя жоўці. Размешчаны на ніжняй паверхні правай долі печані. Адсутнічае ў міног, некат. рыб, птушак (галубы, зязюлі, калібры, папугаі, страусы, туканы), млекакормячых (кітападобныя, сланы, алені, вярблюды, няпарнакапытныя, многія мышападобныя грызуны).

Форма грушападобная, радзей канічная. Мае дно, цела і шыйку, якая пераходзіць у пузырную пратоку, што злучана з пячоначнай пратокай і ўтварае агульную жоўцевую пратоку. У чалавека ёмістасць Ж.п. 30—70 см, даўж. 10—14 см, шыр. 3,5—4 см. Сценка Ж.п. таўшч. 1,5—2 мм складаецца са слізістай і мышачнай абалонак, ніжняя паверхня ўкрыта брушынай. Пры перыяд. скарачэнні мускулатуры сценак Ж.п. жоўць паступае ў агульную жоўцевую пратоку і дванаццаціперсную кішку, дзе ўдзельнічае ў працэсах стрававання. Ж.п. рэгулюе і падтрымлівае на пастаянным узроўні ціск жоўці ў жоўцевых шляхах. Паталогіі Ж.п.: заганы развіцця, пашкоджанні, функцыян парушэнні, захворванні (запаленне — халецыстыт, жоўцекамянёвая хвароба), пухліны Лячэнне — кансерватыўнае і аператыўнае.

А.С.Леанцюк.

т. 6, с. 440

ЖОЎЦЕКАМЯНЁВАЯ ХВАРО́БА,

захворванне, абумоўленае ўтварэннем камянёў у жоўцевым пузыры і (або) жоўцевых пратоках. Частата ўтварэння жоўцевых камянёў павялічваецца з узростам і дасягае 50% у жанчын старэй за 80 гадоў. У мужчын жоўцевыя камяні трапляюцца ў 3—5 разоў радзей, у дзяцей — вельмі рэдка. Асн. прычыны ўзнікнення Ж.х.: застой жоўці, запаленне жоўцевага пузыра і жоўцевых шляхоў, змяненне хім. саставу жоўці ў сувязі з парушэннямі абмену рэчываў (спадчынная схільнасць). Жоўцевыя камяні (халеліты) — цвёрдыя ўтварэнні, колькасць якіх можа складаць ад аднаго да некалькіх тысяч, велічыня — да некалькіх сантыметраў у дыяметры, Маса — да 30 г і болей. Асн. праяўленне захворвання — болі ў правым падрабрынні, якія ўзнікаюць пасля ежы, асабліва вострай або тлустай. Часта назіраюцца слабасць, недамаганне, раздражняльнасць, горкая адрыжка, няўстойлівы стул. Ускладненні Ж.х.: флегмона, гангрэна, вадзянка, эмпіема і перфарацыя жоўцевага пузыра, жоўцевы перытаніт, самаадвольны жоўцевы свішч. Лячэнне тэрапеўтычнае, бальнеалагічнае, хірургічнае.

т. 6, с. 441

ЖОЎЦЬ,

вадкі сакрэт жаўтавата-карычневага колеру, які бесперапынна выпрацоўваецца жалезістымі клеткамі (гепатацытамі) печані пазваночных жывёл і чалавека. Ж. эмульгуе тлушчы, павялічвае ўсмоктванне прадуктаў гідролізу тлушчаў, павышае актыўнасць панкрэатычных і кішачных ферментаў, рэгулюе маторную і сакраторную дзейнасць страўніка і тонкага кішэчніка, валодае бактэрыяльна-статыстычнымі ўласцівасцямі, удзельнічае ва ўсмоктванні са страўніка тлушчарастваральных вітамінаў, халестэрыну, амінакіслот і солей кальцыю, інактывуе пепсін страўнікавага соку. Адрозніваюць пячоначную Ж., якая выдзяляецца непасрэдна ў кішэчнік незалежна ад стрававання (злёгку вязкая залаціста-жоўтая), і пузырную Ж., што збіраецца ў жоўцевым пузыры (вязкая жоўта-бурая або зялёная) і трапляе ў кішэчнік, калі там ёсць ежа. Ж. мае ў сабе ваду, солі жоўцевых кіслот, жоўцевыя пігменты, халестэрын, неарган. солі і інш. біялагічна актыўныя рэчывы: гармоны — тыраксін, ферменты — фасфатазы, таксама вітаміны, фосфаліпіды і інш. Печань дарослага чалавека выдзяляе за суткі да 2 л Ж., буйн. раг. жывёлы — да 9,5 л. Прэпараты Ж. выкарыстоўваюцца ў медыцыне.

А.С.Леанцюк.

т. 6, с. 441

ЖО́ХАЎ (Уладзімір Паўлавіч) (н. 8.2.1933, С.-Пецярбург),

бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыў Ленінградскае вышэйшае маст.-прамысл. вучылішча (1960). У 1967—95 мастак шклозавода «Нёман». Працуе ў галіне маст. шкла. У творчасці выкарыстоўвае прыём гіпербалізацыі форм, аб’ёмаў, асацыятыўную вобразнасць спалучае з дызайнерскімі рашэннямі: дэкар. кампазіцыі «Белавежская пушча» (1969), «Кветкі» (залаты медаль на міжнар. выстаўцы шкла і фарфору 1973 у г.

Ябланец, Чэхія), «Шкляныя метамарфозы» (1973), «Птушкі» (1980), «Акулы» (1983), «Сёння на світанні» (1984), «Венерыны чаравічкі» (1993); камплекты посуду «Мядзведзі» (1967), «Марыя Сцюарт» (1993), дробная пластыка «Пеўні» (1972), «Дэльфіны» (1977); блюда «Дуб» (1974), куфель з партрэтам У.С.Высоцкага (1990) і інш. Аўтар вітражоў-карцін «Пётр I», «Карэта» (абедзве 1973). Іл. гл. таксама да арт. Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва.

У.Жохаў. Кветкі. 1973.

т. 6, с. 441