Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

МЯТЛІ́ЧКА (Apera),

род кветкавых раслін сям. метлюжковых. 5 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Еўразіі. На Беларусі 1 від — М. палявая (A. spicaventi). Трапляецца на вільготных пясках, каля дарог, у пасевах збожжавых культур.

М. палявая — аднагадовая травяністая расліна выш. да 1 м. Сцёблы круглыя, голыя, прамыя або каленчата-ўзыходныя. Лісце лінейна-ніткападобнае, шурпатае. Дробныя аднакветныя каласкі сабраны ў буйную раскідзістую мяцёлку. Плод — зярняўка. Шкоднае пустазелле.

Мятлічка палявая.

т. 11, с. 82

МЯТЛЮ́К (Ганна Антонаўна) (н. 14.10.1936, г. Асіповічы Магілёўскай вобл.),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1989), праф. (1990). Скончыла Мінскі пед. ін-т замежных моў (1959), працуе ў ім (цяпер лінгвістычны ун-т). Даследуе фанетыку англ. мовы, узаемадзеянне моў на гукавым узроўні ва ўмовах білінгвізму. Аўтар прац «Прасодыя беларускай мовы ва ўмовах двухмоўя» (1982), «Узаемадзеянне прасадычных сістэм у маўленні білінгва» (1986), сааўтар кніг «Тэарэтычная фанетыка англійскай мовы» (1980 з Л.​У.​Барысавай), «Прасадычная інтэрферэнцыя ў іншамоўным маўленні» (1985) і інш.

І.​К.​Германовіч.

т. 11, с. 82

МЯТЛЮ́К (Мікалай Фёдаравіч) (н. 26.11.1932, в. Слабада Лёзненскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне аўтамабілебудавання. Д-р тэхн. н. (1974), праф. (1976). Засл. работнік нар. адукацыі Беларусі (1991). Скончыў БПІ (1957). У 1959—97 у БПА (у 1985—94 заг. кафедры). Навук. працы па тармазных сістэмах аўтамабіляў і інш. мабільных машын, па аўтаматызацыі аўтамабіляў і трактароў.

Тв.:

Динамика пневматических и гидравлических приводов автомобилей. М., 1980 (разам з В.​П.​Аўтушкам);

Автоматика и автоматизация производственных процессов. Мн., 1985 (у сааўт.).

т. 11, с. 82

МЯ́ТНЫ АЛЕ́Й,

эфірны алей, які атрымліваюць з кветак і зялёнай масы пераважна мяты перцавай. Бясколерная вадкасць з пахам мяты і гаркаватым смакам, шчыльн. 892—920 кг/м³. Асн. кампанент М.а. (каля 50%) — ментол. Выкарыстоўваюць у вытв-сці валідолу, зубных пастаў, кандытарскіх і лікёра-гарэлачных вырабаў.

т. 11, с. 82

МЯТО́ДЗІЕЎ (Дзімітр Хрыстаў) (н. 11.9.1922, г. Гара-Бялова, Балгарыя),

балгарскі паэт, грамадскі дзеяч. Засл. дз. культ. Балгарыі (1969). Скончыў Літ. ін-т імя М.​Горкага ў Маскве (1953). Друкуецца з 1939. Паэт. зб-кі «Пра час і пра сябе» (1963), «Вершы і маленькія паэмы» (1968), «Вялікае перасяленне» (1970), «Час восеньскай яснасці» (1977), «І пах салодкі» (1980), раман у вершах «Дзімітроўскае племя» (1951) прасякнуты грамадз. пафасам. Перакладае рус., бел. і інш. паэтаў. На бел. мову паасобныя яго вершы пераклаў Н.​Гілевіч. Дзімітроўская прэмія 1952, 1964. Міжнар. прэмія «Салензара» (1982).

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Ад стром балканскіх: Вершы сучасных балг. паэтаў. Мн., 1965;

У кн.: Сто гадоў, сто паэтаў, сто песень. Мн., 1978;

У кн.: Гілевіч Н. Роднасць: Выбр. пер. са слав. паэтаў. Мн., 1983;

Рус. пер. — Избранное. М., 1987.

т. 11, с. 82

МЯЦЕ́Ж,

узброенае выступленне ваен. і інш. апазіц. груповак супраць існуючай у краіне ўлады з мэтай ажыццяўлення дзярж. перавароту альбо далучэння краіны ці часткі яе тэрыторыі да інш. дзяржавы. Захоп улады мяцежнікамі звычайна суправаджаецца ўстанаўленнем адкрытай дыктатуры, разгромам дзярж. устаноў, адменай дэмакр. правоў і свабод насельніцтва, тэрорам у адносінах да паліт. апанентаў, апазіцыйных партый і арганізацый. Тыповыя прыклады М. — Карнілава мяцеж 1917 у Расіі, захоп улады ваен. хунтай у Чылі ў 1973. Гл. таксама Глінскіх мяцеж 1508, Доўбар-Мусніцкага мяцеж 1918.

т. 11, с. 82

МЯЦЕ́ЛІЦА, завіруха, завея,

перанос снегу ветрам у прыземным слоі паветра. Адрозніваюць замець (перанос снегу, што раней выпаў, на выш. не больш за 2 м ад паверхні зямлі), нізавую М. (больш за 2 м), агульную М. (выпадзенне снегу пры моцным, больш за 10 м/с, ветры). Агульная і нізавая М. выклікаюць значнае пагаршэнне бачнасці, зрэдку да 100 м і менш. На Беларусі ўзнікненне М. звязана пераважна з праходжаннем цыклонаў. Колькасць сутак з М. за год 14—28, у асобныя зімы ўдвая больш, сярэдняя працягласць адной М. 5—7 гадз, часам да 2—3 сутак.

т. 11, с. 82

«МЯЦЕ́ЛІЦА»,

бел. нар. танец. Муз. памер ​2/4, характэрны 6-тактавыя перыяды. Тэмп хуткі. Упамінанні пра «М.» вядомы з пач. 17 ст. Мае шмат варыянтаў музыкі, харэаграфіі і прыпевак (звычайна бойкага гумарыст. зместу, зафіксаваны ў працах М.​Федароўскага, П.​Шпілеўскага і інш.). У найб. пашыраным варыянце танца (запісаны П.​Шэйнам) выканаўцы трымаюць у руках ручнікі або паясы, часам і хустачкі. Асн. рух — крок-бег. Утвараючы розныя харэаграфічныя малюнкі, выканаўцы імітуюць мяцеліцу. На сцэне ўпершыню выкарыстаны ў оперы «Ідылія» («Сялянка») С.​Манюшкі на лібрэта В.​Дуніна-Марцінкевіча (1852). Яскравыя сцэн. варыянты «М.» стварылі К.​Алексютовіч, А.​Ермалаеў (у балеце «Салавей» М.​Крошнера), А.​Апанасенка ў Дзярж, ансамблі танца Беларусі. Пашырана па ўсёй Беларусі. Падобны танец вядомы ў Расіі і на Украіне.

т. 11, с. 82

МЯЦЕ́ЛІЦА (Дзмітрый Іванавіч) (н. 2.2.1938, г. Смаленск, Расія),

бел. вучоны ў галіне фізікахіміі і біяхіміі. Д-р хім. н. (1976), праф. (1988). Скончыў Маскоўскі дзярж. ун-т (1961). З 1974 у Ін-це біяарган. хіміі Нац. АН Беларусі (з 1985 заг. лабараторыі). Навук. працы па хім. і ферментатыўнай кінетыцы, даследаванні механізма дзеяння акісляльна-аднаўляльных ферментаў (цытахром Р-450, пераксідаза, каталаза і дэгідрагеназа) і ферментатыўных працэсаў у міцэлярных сістэмах, па імунаферментным аналізе і яго выкарыстанні ў медыцыне.

Тв.:

Активация кислорода ферментными системами. М., 1982;

Моделирование окислительно-восстановительных ферментов. Мн., 1984.

т. 11, с. 83

МЯЦЕ́ЛЬСКІ (Анатоль Уладзіміравіч) (н. 22.8.1950, г.п. Урэчча Любанскага р-на Мінскай вобл.),

бел. матэматык. Д-р фіз.-матэм. н. (1998). Скончыў БДУ (1972). З 1980 у БПА (з 1999 праф.). Навук. працы па якаснай тэорыі кіравання сістэмамі з паслядзеяннем. Прапанаваў агульны падыход даследаванняў якасных характарыстык (пунктавай паўнаты, кіравальнасці, назіральнасці і інш.) лінейных аўтаномных сістэм функцыянальна-дыферэнцыяльных ураўненняў.

Тв.:

Проблема точечной полноты в теории управления дифференциально разностными системами // Успехи мат. наук. 1994. Т. 49, вып. 2;

Задача успокоения динамической системы с запаздыванием по неполным измерениям // Автоматика и телемеханика. 1996. №2.

т. 11, с. 83