МУ́КАР, мукор (Mucor),
род зігаміцэтавых грыбоў сям. мукаравых. Больш за 100 відаў. Пашыраны ўсюды. Трапляюцца ў верхнім слоі глебы. На Беларусі найб. вядомыя М.: свінцова-шэры (M. plumbus), галоўчаты (M. mucedo), зімуючы (M. hiemalis), раманіянавы (M. ramannianus), шэра-вохрысты (M. griseoochraceus). Развіваюцца на раслінных рэштках, харч. прадуктах, выклікаюць цвіль кармоў, пладоў і караняплодаў пры захоўванні.
Міцэлій бясколерны, галінасты, расце ўнутры і на паверхні субстрату, пераважна няклетачны, часам распадаецца на асобныя клеткі, здольныя да пачкавання. Спарангіі круглаватыя, у выглядзе галовак са шматлікімі спорамі. Некат. віды выкарыстоўваюць як закваску («кітайскія дрожджы») для атрымання зброджаных харч. прадуктаў («соевы сыр»), спірту з бульбы і інш. Культура М. раманіянавага дае антыбіётык раміцын, некат. віды выклікаюць захворванні (мукарамікозы) чалавека і с.-г. жывёл.
С.І.Бельская.
т. 11, с. 20
МУКАРА́ЛЬНЫЯ (Mucorales),
парадак зігаміцэтавых грыбоў. 8 сям., каля 400 відаў. Пашыраны ўсюды. Пераважна сапратрофы; узбуджальнікі хвароб чалавека і жывёл, гнілі і цвілі пладоў, караняплодаў і інш. Трапляюцца на раслінных рэштках, глебе, харч. прадуктах, паразітуюць на грыбах.
Міцэлій добра развіты, галінасты, пераважна няклетачны, з узростам можа ўтвараць перагародкі, доўгія гіфы, рызоіды, хламідаспоры або распадацца на асобныя клеткі. Спарангіі шарападобнай формы, маюць нерухомыя споры або канідыі. Палавы працэс — зігагамія (зліццё 2 недыферэнцыраваных на гаметы клетак). Зігаспора з тоўстай абалонкай. Некат. віды маюць высокую ферментатыўную актыўнасць і выкарыстоўваюцца для атрымання антыбіётыкаў, дражджэй.
С.І.Бельская.
т. 11, с. 20
МУ́КАРЖАЎСКІ ((Mukařovský) Ян) (11.11.1891, г. Пісек, Чэхія — 8.2.1975),
чэшскі эстэтык, літ.-знавец; заснавальнік чэшскай структуралісцкай эстэт. школы. Акад. Чэхаславацкай АН (з 1952). Скончыў Пражскі ун-т. З 1938 праф., у 1948—53 рэктар Карлава ун-та ў Празе, праф. ун-та Каменскага ў Браціславе. У 1951—62 кіраўнік Ін-та чэшскай л-ры. Аўтар прац па агульнай тэорыі мастацтва, л-ры, паэтыцы кіно, т-ра, жывапісу: «Эцюды з эстэтыкі» (1966), «Шляхамі паэтыкі і эстэтыкі» (1971), «Эцюды з паэтыкі» (выд. 1982) і інш. Даследаваў стылістыку творчасці чэшскіх пісьменнікаў. Узначальваў акад. выданне «Гісторыя чэшскай літаратуры» (т. 1—3, 1959—61).
Тв.:
Рус. пер. — Исследования по эстетике и теории искусства. М., 1994.
А.У.Вострыкава.
т. 11, с. 20
МУКАРО́З, мукарамікоз,
хвароба жывёл і чалавека; гл. ў арт. Фікамікозы.
т. 11, с. 21
МУКАСЕ́Й (Анатоль Міхайлавіч) (н. 26.7.1938, С.-Пецярбург),
расійскі кінааператар. Засл. дз. маст. Расіі (1991). Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1961). Працаваў на Ленінградскай студыі кінахронікі, з 1963 на кінастудыі «Масфільм». Зняў маст. фільмы «Дайце кнігу скаргаў» (1965) і «Сцеражыся аўтамабіля» (1966; абодва з У.Нахабцавым), «Марскія апавяданні» (1967), «Увага, чарапаха!» (1970), «Аповесць пра чалавечае сэрца» (1976), «Чучала» (1984); тэлефільмы «Нос» (1977), «Па сямейных абставінах» (1978), «Сватаўство гусара» (1979), «Дульсінея Табоская» (1980), «Прынцэса цырка» (1982) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1986.
т. 11, с. 21
МУКА́ЧАВА,
горад, цэнтр раёна ў Закарпацкай вобл. Украіны, каля падножжа Карпат, на р. Латарыца (бас. р. Ціса). Вядомы з 1196. 90 тыс. ж. (1997). Чыг. станцыя. Прам-сць: дрэваапр., лёгкая, харчасмакавая; з-ды станка- і прыладабудаўнічы, камплектных лабараторый, мэблевы камбінат. Тэатр. Замак «Паланок» (14—18 ст.), гатычная капліца (14 ст.), арсенал (17 ст., гіст.-краязнаўчы музей), т. зв. Белы дом (17—18 ст.), ансамбль Нікольскага жаночага манастыра (14—18 ст.) і інш.
т. 11, с. 21
МУКВЯ́ЦІЦА,
ручай у Верхнядзвінскім р-не Віцебскай вобл., правы прыток р. Ужыца (бас. р. Зах. Дзвіна). Даўж. 23 км. Пл. вадазбору 58 км². Пачынаецца за 1 км на Пн ад в. Муквяціца. Цячэ на паўн. ч. Полацкай нізіны. Рэчышча на працягу 3,6 км ад вытоку каналізаванае.
т. 11, с. 21
МУКДЫ́ША (Muqdisho),
адна з назваў г. Магадыша ў Самалі.
т. 11, с. 21
МУКДЭ́НСКАЯ БІ́ТВА 1905,
наступальная аперацыя яп. войск 19 лют. — 10 сак. ў руска-японскую вайну 1904—05. Пасля капітуляцыі рас. гарнізона Порт-Артура (снеж. 1904) і няўдачы студзеньскага наступлення рас. войск на Сандэпу стратэгічнае становішча рас. арміі ў Маньчжурыі ўскладнілася. Аднак рас. сілы (293 тыс. штыкоў і шабляў, 1494 гарматы і 56 кулямётаў), пад кіраўніцтвам ген.-ад’ютанта А.М.Курапаткіна рыхтаваліся да наступлення, запланаванага на 25 лютага. Але яп. войскі (270 тыс. штыкоў і шабляў, 1062 гарматы і 200 кулямётаў) пад кіраўніцтвам маршала І.Аямы апярэдзілі расіян і 19 лютага перайшлі ў наступленне. Вышэйшае рас. камандаванне дзейнічала нерашуча і не здолела арганізаваць зладжанае кіраўніцтва. У выніку паспяховых дзеянняў яп. войск навісла пагроза акружэння рас. арміі ў раёне г. Мукдэн (Шэньян). Рас. войска вымушана было адступіць на 175 км на Пн ад Мукдэна, дзе заставалася да канца вайны. Гэта паражэнне рас. арміі вызначыла зыход вайны на карысць Японіі (гл. Портсмуцкі мірны дагавор 1905).
т. 11, с. 21