Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

АБУТЫЛО́Н, канатнік (Abutilon),

род адна- і шматгадовых раслін сям. мальвавых. Больш за 100 відаў. Пашыраны пераважна ў тропіках і субтропіках. Ад Міжземнамор’я да ўсх. ўзбярэжжа Азіі расце абутылон Тэафраста, або кітайскі джут (абутылон theophrasti). З яго валакна вырабляюць пражу, мешкавіну, шпагат, вяроўкі і інш. Алей з насення прыдатны на мылаварэнне, вытв-сць пакосту і інш. Завезены ў Паўн. Амерыку і Аўстралію. На Беларусі трапляецца як рэдкая заносная расліна; у пакоях, аранжарэях вырошчваюць прыгожы квітучы абутылон гібрыдны (абутылон hybridum).

Травы, кусты і зрэдку невял. дрэвы выш. да 4 м. Кветкі буйныя, адзіночныя або ў пазушных суквеццях, многія віды апыляюць калібры. Плод з некалькіх пладовак, якія маюць па некалькі зярнят.

Абутылон Тэафраста.

т. 1, с. 49

АБУ́ХАВА,

вёска ў Беларусі, у Гродзенскім р-не. Цэнтр сельсавета і с.-г. калект. прадпрыемства «Абухава». За 18 км на ПдУ ад Гродна, 1,5 км ад чыг. ст. Жыдомля. 1702 ж., 521 двор (1994). Калектыўнае с.-г. і гандл. прадпрыемствы, лазнева-пральны камбінат, станцыя тэхн. абслугоўвання. Сярэдняя, муз. і спарт. школы, Палац культуры, б-ка, дзіцячы сад, амбулаторыя, аддз. сувязі, ашчадны банк, гандлёвы цэнтр.

Н.А.Абухава.

т. 1, с. 49

АБУ́ХАВА (Лідзія Аляксееўна) (17.8.1922, г. Кутаісі — 26.4.1991),

рус. пісьменніца. Скончыла Літ. ін-т імя Горкага (1951). Людзям Палесся прысвечана яе аповесць «Глыбінь-гарадок» (1955, бел. пер. 1958), 1000-годдзю Віцебска — кн. «Віцьбічы» (1974); Ю.​Гагарыну — аповесці «Любімец стагоддзя» (1972) і «Спачатку была Зямля...» (1973). Аўтар дакумент. аповесцяў «Сярэбраная кніга Поўначы» (1968) і «Пагранічныя характары» (1978).

т. 1, с. 49

АБУ́ХАВА (Надзея Андрэеўна) (6.3.1886, Масква — 14.8.1961),

рус. спявачка (мецца-сапрана), выдатная прадстаўніца рус. вакальнай школы. Нар. артыстка СССР (1937). Скончыла Маскоўскую кансерваторыю (1912). У 1916—48 салістка Вял. т-ра СССР. Валодала голасам багатага тэмбру, шырокага дыяпазону. Выконвала кантральтавыя і высокія мецца-сапранавыя партыі. Лепшыя з іх: Любаша («Царская нявеста» М.​Рымскага-Корсакава), Марфа («Хаваншчына» М.​Мусаргскага), Кармэн («Кармэн» Ж.​Бізэ) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1943.

Літ.:

Поляновский Г. Н.​А.​Обухова. 2 изд. М., 1986.

т. 1, с. 49

АБУ́ХАЎ (Віктар Цімафеевіч) (19.1.1900, с. Нікольскае Арэнбургскага р-на — 26.11.1975),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944), ген.-палк. танкавых войскаў (1954). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1934). На фронце з чэрв. 1941, камандзір 26-й танк. дывізіі, якая дыслацыравалася на Беларусі. Механізаваны корпус пад камандаваннем ген.-маёра Абухава вызначыўся ў чэрв.ліп. 1944 пры фарсіраванні Бярэзіны, акружэнні мінскай групоўкі праціўніка, вызваленні Вілейкі, Маладзечна, Смаргоні і Вільні.

т. 1, с. 49

АБУ́ХАЎ (Генадзь Аляксеевіч) (н. 18.6.1924, чыг. ст. Сляпцоўская Сунжэнскага р-на, Чэчня),

бел. вучоны ў галіне псіхіятрыі. Д-р мед. навук (1973), праф. (1974). Засл. ўрач Беларусі (1975). Скончыў Паўн.-Асецінскі мед. ін-т (1949). Працаваў у Маскве, Іране, Кішынёве. З 1962 у Гродзенскім мед. ін-це. Даследаванні ў галіне пагранічнай псіхіятрыі і алкагольнага псіхозу.

Тв.:

Пневмоэнцефалография при шизофрении. Кишинев, 1968 (разам з Г.​І.​Брэгман, В.​М.​Міхліным).

т. 1, с. 50

АБУХО́ВІЧ (Альгерд Рышардавіч) (псеўд. Граф Бандынэлі; 6.8.1840, в. Калацічы Глускага р-на Магілёўскай вобл. — 22.8.1898),

бел. пісьменнік. Вучыўся ў Слуцкай гімназіі. Падарожнічаў, жыў у Жэневе, Парыжы. Паводле некат. звестак удзельнічаў у паўстанні 1863—64. Перакладаў творы А.​Пушкіна, М.​Лермантава, А.​Міцкевіча, М.​Канапніцкай, У.​Сыракомлі, І.​В.​Гётэ, Ф.​Шылера, В.​Гюго, Дж.​Байрана, Дантэ (распаўсюджваліся ў рукапісах). З Ф.​Багушэвічам (былі знаёмыя) пачынальнік жанру байкі ў бел. л-ры. Аўтар баек «Ваўкалак» (праблема свабоды чалавечай асобы), «Старшына» (паліт. сатыра на паслярэформенную Рас. імперыю), «Суд», «Воўк і лісіца», верша «Дума а Каралю XII». Мемуары Абуховіча (1894, фрагменты надр. ў 1916 у віленскай газ. «Гоман») — яркі помнік эпохі з цікавым зместам, жывою моваю.

Тв.:

Творы. Мн., 1991.

Літ.:

Родчанка Р. Альгерд Абуховіч-Бандынэлі: Нарыс жыцця і творчасці. Мн., 1984.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 1, с. 50

АБУХО́ВІЧ (Ганна Браніславаўна) (5.12.1908, Масква — 13.11.1986),

бел. актрыса. Нар. арт. Беларусі (1944). Скончыла курсы «Кіно-Поўнач» у Ленінградзе (1929). Сцэн. дзейнасць пачала ў тэатрах Масквы. З 1937 у Дзярж. рус. драм. т-ры Беларусі. Стварыла шэраг яркіх, псіхалагічна глыбокіх драм. вобразаў. Сярод лепшых роляў: Ларыса і Агудалава («Беспасажніца» А.​Астроўскага), гаспадыня Ніскавуоры («Каменнае гняздо» Х.​Вуаліёкі), Ганерылья («Кароль Лір» У.​Шэкспіра), цётухна Руца («Птушкі нашай маладосці» І.​Друцэ), Надзея Пятроўна («Брэсцкая крэпасць» К.​Губарэвіча), Міхаліна Матулевіч («Трывога» А.​Петрашкевіча). Аўтар успамінаў «Паўстагоддзя на сцэне» (1987).

Г.Б.Абуховіч.

т. 1, с. 50

АБУХО́ВІЧ (Міхал Лявон) (? — 22.10.1668),

дзярж. і ваенны дзеяч ВКЛ, мемуарыст. Сын П.К.Абуховіча. Скончыў філас. ф-т Віленскай акадэміі. Служыў пры двары караля Яна Казіміра Вазы. Палкоўнік войска ВКЛ, падкаморы мазырскі (1662), навагрудскі (1665), стражнік ВКЛ (1668). Каралеўскі дыпламат, ганец у Маскву (1650, 1653). У 1651 удзельнічаў у ваен. паходзе супраць Б.​Хмяльніцкага, у 1656 ваяваў са шведамі пад Варшавай. Пасля смерці бацькі (1656) камандаваў яго палком. У 1660 пад час бітвы з рус. войскам І.​Хаванскага на Брэстчыне трапіў у палон і вывезены ў Маскву (у 1662 абменены на рус. военачальнікаў у Смаленску). Удзельнічаў у паходзе на Браншчыну (1664). Аўтар панегірыкаў, 2 «Дыярыушаў» на польск. мове пра маскоўскія звычкі і традыцыі, сеймы Рэчы Паспалітай, паліт. атмасферу часу, ваен. акцыі, у якіх сам удзельнічаў.

А.​Ф.​Коршунаў.

т. 1, с. 50

АБУХО́ВІЧ (Піліп Казімір) (? — 6.9.1656),

дзярж. і ваенны дзеяч ВКЛ, дыпламат, пісьменнік. З роду Абуховічаў, паходжаннем з мазырскай шляхты, якая асела на Навагрудчыне. Скончыў Замойскую акадэмію (цяпер Люблінскае ваяв., Польшча). З 1649 пісар ВКЛ. Пасол у Венецыі і Маскве (1651). Ваявода віцебскі, смаленскі (1653). У 1654 узначальваў абарону Смаленска і пасля доўгай аблогі здаў горад рус. войскам. За гэта быў абвінавачаны ў здрадзе, але на сойме 1658 апраўданы. Яму адрасаваны «Ліст да Абуховіча». Аўтар вершаў на лац. мове. У 1617 у Замосці апубл. прамовы на лац. і грэчаскай мовах у гонар П.​Замойскага. У «Дыярыушы» апісаў падзеі 1630—54: грамадска-паліт. жыццё Рэчы Паспалітай, у т. л. Беларусі, ваен. падзеі ў час антыфеад. вайны ўкр. і бел. народаў 1648—54, міжнар. адносіны ва Усх. Еўропе сярэдзіны 17 ст. і інш.

А.​Ф.​Коршунаў.

т. 1, с. 50