МЕТЫЛЕНХЛАРЫ́Д, дыхлорметан, хлорысты метылен,
хлорвытворнае метану, CH2Cl2. Бясколерная вадкасць з пахам хлараформу, tкіп 40,1 °C, шчыльн. 1336 кг/м³. Добра раствараецца ў арган. растваральніках, дрэнна — у вадзе. Выкарыстоўваюць як растваральнік ацэтатаў цэлюлозы (пераважна для апрацоўкі фота- і кінаплёнак, у вытв-сці ацэтатных валокнаў), як холадагент (хладон 30, фрэон 30). Аказвае слабае наркатычнае ўздзеянне, раздражняе скуру і слізістыя абалонкі дыхальных шляхоў і вачэй, ГДК 50 мг/м³. Гл. таксама Галагенавытворныя вуглевадародаў.
т. 10, с. 317
МЕТЫЛМЕТАКРЫЛА́Т,
метылавы эфір метакрылавай кіслаты, CH2C(CH3)COOCH3. Бясколерная празрыстая вадкасць, tкіп 101 °C, шчыльн. 943 кг/м³. Неабмежавана раствараецца ў дыэтылавым эфіры, метаноле, абмежавана — у вадзе. Сумесь з паветрам (1,47—12,5% М. па аб’ёме) выбухованебяспечная. У прам-сці атрымліваюць дэгідратацыяй ацэтонцыянангідрыду ў прысутнасці метанолу. Выкарыстоўваюць пераважна для вытв-сці поліметылметакрылату (гл. Шкло арганічнае). Гл. таксама Метакрылаты.
т. 10, с. 317
МЕТЫЛТРАНСФЕРА́ЗЫ, трансметылазы,
ферменты класа трансфераз, якія каталізуюць абарачальны перанос метыльнай групы (CH3-групы). Донар CH3-групы — пераважна метыянін, які разам з вытворнымі вітаміну B12 і фоліевай к-ты пры ўдзеле М. ўтварае сістэму пераметыліравання ў жывых арганізмах.
т. 10, с. 317
МЕТЫЛХЛАРЫ́Д, хлорметан, хлорысты метыл,
хлорвытворнае метану, CH3Cl. Бясколерны газ з саладкаватым пахам, tкіп -23,76 °C, шчыльн. 912 кг/м³ (вадкага). Добра раствараецца ў арган. растваральніках, дрэнна — у вадзе. Сумесь з паветрам (7,6—19% М. па аб’ёме) выбухованебяспечная. Выкарыстоўваюць для метыліравання (увядзення метылу) у арган. сінтэзе (напр., у вытв-сці тэтраэтылсвінцу, метылцэлюлозы), як растваральнік пры сінтэзе бутылкаўчуку. ГДК 5 мг/м³. Гл. таксама Галагенавытворныя вуглевадародаў.
т. 10, с. 317
МЕТЫ́СЫ (франц. métis ад позналац. misticius змяшаны ад лац. misceo змешваю),
нашчадкі міжрасавых шлюбаў. У антрапалагічных адносінах займаюць прамежкавае становішча паміж расамі, якія змешваюцца (напр., у Амерыцы М. наз. нашчадкаў ад шлюбу белых і індзейцаў). Інтэнсіўнасць працэсу метысацыі ўвесь час павялічваецца. М. — большасць насельніцтва Лац. Амерыкі, Новай Зеландыі, а-воў Акіяніі.
т. 10, с. 317
МЕТЫЯНІ́Н, α-аміна-γ-метылтыямасляная кіслата,
незаменная серазмяшчальная амінакіслата, CH3S(CH2)2CH(NH2)COOH. Неабходны для падтрымання росту і азоцістай раўнавагі ў арганізме. Асн. крыніца: малочныя прадукты, яйкі, мяса, бабовыя расліны і інш. Уваходзіць у састаў большасці бялкоў расл. і жывёльнага паходжання. Выдзелены з бялкоў у 1922.
Белы крышталічны парашок. мал. м. 149,2, раствараецца ў гарачай вадзе. Т-ра плаўлення 272—276 °C. З’яўляецца донарам метыльных груп у арганізме млекакормячых жывёл і чалавека. Удзельнічае ў сінтэзе адрэналіну, халіну і інш. біялагічна актыўных злучэнняў. Актывізуе дзейнасць гармонаў, вітамінаў (B12, фоліевай і аскарбінавай к-т), ферментаў; шляхам метыліравання і трансульфіравання абеззаражвае таксічныя рэчывы ў арганізме. Недахоп у арганізме вядзе да парушэнняў абмену рэчываў. Выкарыстоўваецца ў медыцыне.
М.К.Кеўра.
т. 10, с. 317
МЕТЭА... (ад грэч. meteōra атмасферныя з’явы), першая састаўная частка складаных слоў, якая па значэнні адпавядае слову «метэаралагічны», напр., метэаназіранне, метэастанцыя.
т. 10, с. 317
«МЕТЭАРАЛАГІ́ЧНАЯ ВАЙНА́», кліматычная вайна,
спосаб вядзення баявых дзеянняў, у выніку якіх адбываюцца катастрафічныя метэаралагічныя (кліматычныя) змены. Напр., над воблакамі распыляюцца хім. сродкі і ўзнікаюць моцныя ліўні. Да тактыкі штучных паводак далучаецца выкарыстанне акісленага дажджу, каб зрабіць. ваенную тэхніку небаяздольнай. Вял. шкода прычыняецца мірнаму насельніцтву, жывёльнаму і расліннаму свету. Метады «М.в.» выкарысталі ЗША у 1963—67 у вайне супраць В’етнама.
т. 10, с. 317
МЕТЭАРАЛАГІ́ЧНАЯ СЛУ́ЖБА,
дзяржаўная служба, якая складаецца з сеткі метэаралагічных станцый, навук. і аператыўных метэаралагічных устаноў і інш. Задачы М.с.: забеспячэнне інфармацыяй пра бягучае надвор’е, прагназіраванне надвор’я, звесткі пра кліматычныя ўмовы розных раёнаў і інш. Вылучаюць агульнадзяржаўныя М.с., таксама М.с. з абмежаванай сферай абслугоўвання, напр., у грамадз. авіяцыі, марскім флоце. На Беларусі існуе гідраметэаралагічная (аб’яднаная гідралагічная і метэаралагічная) служба.
т. 10, с. 317