МЕТЫЯНІ́Н, α-аміна-γ-метылтыямасляная кіслата,
незаменная серазмяшчальная амінакіслата, CH3S(CH2)2CH(NH2)COOH. Неабходны для падтрымання росту і азоцістай раўнавагі ў арганізме. Асн. крыніца: малочныя прадукты, яйкі, мяса, бабовыя расліны і інш. Уваходзіць у састаў большасці бялкоў расл. і жывёльнага паходжання. Выдзелены з бялкоў у 1922.
Белы крышталічны парашок. мал. м. 149,2, раствараецца ў гарачай вадзе. Т-ра плаўлення 272—276 °C. З’яўляецца донарам метыльных груп у арганізме млекакормячых жывёл і чалавека. Удзельнічае ў сінтэзе адрэналіну, халіну і інш. біялагічна актыўных злучэнняў. Актывізуе дзейнасць гармонаў, вітамінаў (B12, фоліевай і аскарбінавай к-т), ферментаў; шляхам метыліравання і трансульфіравання абеззаражвае таксічныя рэчывы ў арганізме. Недахоп у арганізме вядзе да парушэнняў абмену рэчываў. Выкарыстоўваецца ў медыцыне.
М.К.Кеўра.
т. 10, с. 317
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)