МЕГА́РСКАЯ ШКО́ЛА,
адна з сакратаўскіх школ стараж.-грэч. філасофіі 4 ст. да н.э. Заснаваў Эўклід — вучань Сакрата. У М.ш. ўваходзілі мегарац Стылпон, Эўбулід, Дыядор Крон і інш. У тэарэт. плане прадстаўнікі М.ш. зрабілі спробу аб’яднаць у адзінае цэлае вучэнні Сакрата, элеятаў і сафістаў. Пры разглядзе быцця Эўклід абсалютызаваў агульнае і супрацьпастаўляў яго адзінкаваму, свет уяўляў як адзінае, вечнае, нерухомае, саматоеснае. Лічылася, што ў гэтым адзіным арганічна спалучаны розум, дабро, бог; толькі адзінае існае. Адзінкавага ж не існуе. З дапамогай сафізмаў прадстаўнік М.ш. Дыядор Крон адмаўляў катэгорыю магчымасці, бо лічыў магчымым толькі сапраўднае, а тое, што несапраўднае, тое і немагчымае. Таму, на яго думку, не існуе нерэалізаваных магчымасцей. Ідэі М.ш. ў далейшым зрабілі ўплыў на стоікаў (Зянона) і скептыкаў (Пірона і Тымона). Разважанні пра розныя формы лагічных імплікацый, а таксама многія сафізмы дайшлі да нашых часоў і выкарыстоўваюцца пры вывучэнні класічнай логікі.
Т.У.Адула.
т. 10, с. 246
МЕГАРЭЛЬЕ́Ф (ад мега... + рэльеф),
самыя буйныя формы рэльефу сушы, дна акіянаў і мораў. Уключае планетарныя формы (мацярык, ложа акіяна) і буйныя формы (горныя краіны, вял. раўніны).
т. 10, с. 246
МЕГАСПО́РА (ад мега... + спора),
макраспора, вялікая гаплоідная клетка разнаспоравых вышэйшых раслін. Утвараецца ў выніку меёзу мацярынскай клеткі (мегаспарацыту). Дае пачатак жаночаму зарастку (гаметафіту) у папарацепадобных, першаснаму эндасперму ў голанасенных, зародкаваму мяшку ў пакрытанасенных. Першыя стадыі развіцця зарастка адбываюцца ў М., потым яе абалонкі раскрываюцца і ч. зарастка, што нясуць архегоніі, выступаюць наверх. У насенных раслін М. ўтвараюцца па 4 у нуцэлусе — цэнтр. ч. семязавязі.
т. 10, с. 246
МЕГАСФЕ́Н (Megasthenēs; каля 350, Іонія, М. Азія — каля 290 да н.э.),
старажытнагрэчаскі гісторык і этнограф. Па даручэнні Селеўка I Нікатара ў 300—290 да н.э. ўзначальваў пасольства пры двары караля Індыі Чандрагупты. Аўтар твора «Індыка» (у 4 кн., захаваліся дробныя фрагменты), у якім шмат каштоўных звестак пра грамадскі лад, рэлігію, звычаі і гісторыю тагачаснай Індыі, а таксама геагр. інфармацыя, у т. л. першыя звесткі пра Гімалаі. Твор М. выкарыстоўвалі ў сваёй працы ант. гісторыкі Дыядор Сіцылійскі, Страбон, Арыян, Пліній Малодшы.
т. 10, с. 246
МЕГВІНЕТУХУЦЭ́СІ (Атар Вахтангавіч) (н. 16.1.1932, Грузія),
грузінскі акцёр. Нар. арт. СССР (1979). Скончыў Дзярж. тэатр. ін-т імя Ш.Руставелі ў Тбілісі (1954). У 1954—61 і з 1972 у Т-ры імя К.Марджанішвілі ў Тбілісі. Сярод роляў: Уджуш Эмха («Хакі Адзба» Л.Кіячэлі), Атэла («Атэла» У.Шэкспіра), Лео («Правінцыяльная гісторыя» Л.Росеба) і інш. З 1958 здымаецца ў кіно: Джамбулат («Фаціма», 1958), Джакола («Мальба», 1968), цар Георгій («Дзясніца вялікага майстра», 1970), Арзакан («Выкраданне месяца», 1973), Эліёз («Дрэва жадання», 1977), Дата Туташхія (шматсерыйны тэлефільм «Берагі», 1979), Н.Пірасманішвілі («Добры дзень, усе!», 1980), Пагаў («Брат», 1982) і інш. Дзярж. прэмія Грузіі імя Марджанішвілі 1977. Дзярж. прэмія СССР 1981.
т. 10, с. 246
МЕГІ́ДА (сучаснае гарадзішча Тэль-эль-Мутэсялім на Пн Ізраіля),
старажытны горад і крэпасць на скрыжаванні важных у старажытнасці гандл. шляхоў Пярэдняй Азіі. Узнікненне М. адносяць да сярэдзіны 4-га тыс. да н.э. Да канца 2-га тыс. да н.э. належаў ханаанеям. У пач. 2-га тыс. да н.э. ў М. знаходзіўся егіпецкі намеснік; у 1502 да н.э. фараон Тутмос III разрабаваў М. У канцы 2-га тыс. да н.э. М. заваяваны ізраільцянамі. Пасля разбурэння ў 732 да н.э. Тыглатпаласарам III тут узнікла асірыйская крэпасць. Да 6—4 ст. да н.э. адносяцца рэшткі персідскага горада.
т. 10, с. 246
МЕ́ГІЯН,
горад у Ханты-Мансійскай аўтаномнай акрузе (Расія). Размешчаны на р. Об (прыстань), за 15 км ад чыг. ст. Мегіян. 41,8 тыс. ж. (1996). Аэрапорт. Здабыча нафты і газу. Гіст.-этнагр. музей.
т. 10, с. 246
МЕГРЭ́ЛЬСКАЕ КНЯ́СТВА,
княства ў Зах. Грузіі ў 16—19 ст. Вылучылася з Імерэцінскага царства. Да пач. 17 ст. ў склад М.к. ўваходзіла і Абхазія. Спачатку М.к. кіравалі князі з дынастыі Дадыяні, у канцы 17 ст. іх скінуў род Чыкавані, прадстаўнікі якога прынялі прозвішча Дадыяні. У 1803 уладар Грыгорый прыняў рас. падданства. Пасля Мегрэльскага паўстання 1857 у М.к. ўведзена прамое рас. кіраванне. Юрыд. скасавана ў 1867.
т. 10, с. 246
МЕГРЭ́ЛЬСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1857 Выклікана рэзкім узмацненнем феад. эксплуатацыі прыгонных сялян падуладнага Расіі Мегрэльскага княства (на З Грузіі) пасля Крымскай вайны 1853—56. Пачалося ў канцы 1856 пад кіраўніцтвам каваля У.Мікавы. 24 мая сяляне (10—20 тыс. чал.) захапілі цэнтр княства г. Зугдыды, адмовіліся выконваць феад. павіннасці, патрабавалі скасавання ўлады мясц. князёў і перадзелу памешчыцкіх зямель, спадзеючыся пры гэтым на заступніцтва рас. цара. Паўстанне задушана ў вер. 1857 рас. войскамі і атрадамі памешчыкаў, 38 кіраўнікоў сасланы ў глыб Расіі. Рас. ўлады ўвялі ў Мегрэльскім княстве сваё кіраванне і пачалі падрыхтоўку да адмены прыгоннага права ў Грузіі.
т. 10, с. 246
МЕГХАЛА́Я,
штат на ПнУ Індыі. На Пд мяжуе з Бангладэш. Пл. 22,5 тыс. км². Нас. каля 2 млн. чал. (1997), пераважна народнасці кхасі, джантыя, гара і інш. Адм. ц. — г. Шылонг. У рэльефе пераважаюць узгоркі і нізкагор’і (масіў Шылонг выш. да 1961 м). Клімат трапічны, мусонны. Ападкаў месцамі больш за 10 000 мм за год, у Чэрапунджы каля 12 000 мм (сусветны максімум). Натуральная расліннасць — трапічныя лясы і хмызнякі. Большая ч. насельніцтва вядзе ляднае земляробства. Вырошчваюць рыс, кукурузу, проса, бульбу. Садоўніцтва (апельсіны). Шаўкаводства. Лесанарыхтоўкі. Невял. здабыча вугалю.
т. 10, с. 246