Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

МЕАТЫ́ДА (грэч. Maiōtis, лац. Maeotis, Meotis),

назва Азоўскага м. ў стараж. грэкаў і рымлян (7 ст. да н.э. — 4 ст. н.э.), звязаная з назвай мясц. плямён меотаў.

т. 10, с. 245

МЕ́ВЕ (Яўген Барысавіч) (1.9.1908, Варшава — студз. 1989),

бел. вучоны ў галіне фтызіятрыі. Д-р мед. н., праф. (1965). Засл. дз. нав. Беларусі 1978. Скончыў Адэскі мед. ін-т (1931). У 1964—83 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў (заг. кафедры). Навук. працы па лячэбным пнеўматораксе, патагенезе і клініцы першаснага туберкулёзу, флюараграфіі і туберкулінадыягностыцы.

Тв.:

Туберкулез у лиц молодого возраста. Киев, 1964;

Туберкулинодиагносгика. Мн., 1970.

т. 10, с. 245

МЕ́ГА... (ад грэч. megas вялікі), 1) першая састаўная частка складаных слоў, што паказвае на вял. памер чаго-небудзь (напр., мегаспора, мегаліты).

2) Дзесятковая прыстаўка для ўтварэння найменняў кратных адзінак, роўных 10​6 зыходным адзінкам. Пазначаецца М. Напр., 1 МВт = 10​6 Вт, 1 МэВ = 10​6 эВ.

т. 10, с. 245

МЕГАБІЯСФЕ́РА (ад мега... + біясфера),

сукупнасць слаёў геаграфічнай абалонкі (трапасфера і ніжнія слаі стратасферы да выш. 25 км; гідрасфера, да глыб. больш за 10 км; верхняя ч. літасферы, да глыб. 15 км), дзе пастаянна або часова (выпадкова) прысутнічаюць сучасныя жывыя арганізмы, і слаёў т. зв. метабіясферы, дзе няма жывых арганізмаў, але ў мінулым яны перажывалі ўплыў «былых біясфер» і пераўтвораны жывым рэчывам або біягенамі. М. атаясамліваецца з паняццем «біясфера».

т. 10, с. 245

МЕГАБІЯЦЭНО́З (ад мега... + біяцэноз),

сукупнасць папуляцый біял. відаў і біягенных рэчываў, якія ствараюць пэўную экасістэму. Уключае прадуцэнтаў, кансументаў і рэдуцэнтаў у межах біягеацэнозу, сучаснае жывое рэчыва і рэчыва папярэдніх эпох, якія разам з біягенамі пастаянна або перыядычна (выпадкова) прымалі ўдзел у стварэнні, развіцці і функцыянаванні пэўнай экасістэмы (біяцэнозу); цяпер не існуюць, але ў пераўтвораным стане працягваюць уплываць на яе існаванне.

т. 10, с. 245

МЕГАКАРЫЯЦЫ́ТЫ [ад мега... + карыя... + цыт(ы)],

буйныя (да 40 мкм) клеткі ў крывятворных органах млекакормячых жывёл і чалавека. Развіваюцца са стваловых крывятворных клетак. Спелыя М. маюць шматлопасцевае паліплоіднае ядро і цытаплазму з характэрнай зярністасцю. М. ўтвараюць трамбацыты.

т. 10, с. 245

МЕГАЛІТЫ́ЧНЫЯ ЗБУДАВА́ННІ, мегаліты (ад мега... + lithos камень),

старажытныя збудаванні з вял. неапрацаваных або груба апрацаваных камянёў. Да такіх збудаванняў належаць дальмены, кромлехі, менгіры, пахавальныя і крапасныя цыклапічныя пабудовы. Пашыраны па ўсім свеце (за выключэннем Аўстраліі), пераважна ў прыморскіх рэгіёнах. На тэр. Еўропы самыя стараж. М.з. вядомы з эпохі энеаліту, значна пашырыліся ў бронзавым веку. Найб. вядомы на атлантычным узбярэжжы Зах. Еўропы, у Міжземнамор’і, на Каўказе. Сусветна вядомым М.з. з’яўляецца Стонхендж у Англіі, які, на думку многіх даследчыкаў, быў стараж. астранамічнай абсерваторыяй. На Беларусі да М.з. можна аднесці нагрувашчванне вялізных камянёў на ўзгорку каля в. Горка Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл., куды з даўніх часоў прыносяць ахвяраванні мясц. жыхары. Помнікамі рытуальна-астранамічнага прызначэння, верагодна, можна лічыць вял. валуны на беразе воз. Янова каля в. Бікульнічы Полацкага р-на Віцебскай вобл., складзеныя ў выглядзе квадрата 15 × 15 м, адкрытага з аднаго боку (гл. арт. Камяні).

Э.​М.​Зайкоўскі.

Да арт. Мегалітычныя збудаванні. Стонхендж. Цэнтральная частка пабудовы.

т. 10, с. 245

МЕГАЛО́ПАЛІС [ад грэч. megas (megalu) вялікі + polis горад; паходзіць ад назвы стараж.-грэч. горада Мегалопаль, які ўзнік ад зліцця больш як 35 паселішчаў Аркадыі],

найбуйнейшая форма рассялення, якая ўтвараецца ў выніку зліцця суседніх гарадскіх агламерацый. Звычайна М. выцягнуты ўздоўж трансп. магістралей, але суцэльнай гар. забудовы не мае; прыкладна ​9/10 яго плошчы займаюць адкрытыя прасторы. Найбольшыя М.: на Атлантычным узбярэжжы ЗША паміж Бостанам і Вашынгтонам, у Каліфорніі; на Ціхаакіянскім узбярэжжы в-ва Хонсю — ад Токіо да Осакі (Японія), у раёне ніжняга і сярэдняга Рэйна (Нідэрланды — Германія), ад Лондана да Ліверпуля (Вялікабрытанія), у раёне Вял. азёр (ЗША — Канада).

т. 10, с. 245

МЕГАПО́ЛІС (ад мега... + грэч. polis горад) у экалогіі, буйная урбаністычная структура, фарміраванне і існаванне якой залежаць ад ступені развіцця прадукц. сіл, канцэнтрацыі, дэмаграфічнай і сац.-прафес. структуры насельніцтва і інш. Мясцовасць з высокай ступенню антрапагеннага ўздзеяння на навакольнае асяроддзе, што звычайна вядзе да парушэння экалагічнай раўнавагі ў рэгіёне і патрабуе ўзаемадзеяння сац. і прыродных працэсаў. Пераўтварэнне прыродных ландшафтаў у штучныя (антрапагенныя) суправаджаецца рэзкімі зменамі экасістэм (да поўнага разбурэння біягеацэнозаў) і фарміраваннем на іх месцы т.зв. урбасістэм, якія складаюцца з жылых і вытв. аб’ектаў, зямельных участкаў, занятых трансп., інж. і інш. збудаваннямі і камунікацыямі, участкаў незабудаванага, рэзка пераўтворанага прыроднага ландшафту. Гл. таксама Мегалопаліс.

т. 10, с. 245

МЕ́ГАРАН (грэч. megaron літар. вял. зала),

адзін з тыпаў жылля, пашыранага ў краінах бас. Эгейскага мора (3—2-е тыс. да н.э.). У Гамера М. — парадная ці жылая частка дома, пераважна царскага палаца. У плане прамавугольная пабудова, часам з абсідай, складаецца з гал. памяшкання (уваход з тарцовага боку праз сумежныя з гал. памяшканнем анты) і порціка. У гал. памяшканні знаходзілася агнішча. М. вядомы ў Мікенах, Троі, Кносе, Сескла, Дыміні, Тырынфе і інш. М. паслужылі прататыпам храмаў Стараж. Грэцыі архаічнага і класічнага часу.

т. 10, с. 246