Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

МАРА́Т ((Marat) Жан Поль) (24.5.1743, г. Будры, Швейцарыя — 13.7.1793),

французскі паліт. дзеяч, вучоны, публіцыст. Д-р медыцыны (1775). У 1762—65 вывучаў у Парыжы медыцыну, філасофію, прыродазнаўства. З 1765 у Вялікабрытаніі, дзе набыў вядомасць працамі ў галіне медыцыны, фізікі і паліталогіі. З 1776 зноў у Парыжы, працаваў урачом. У паліт.-юрыд. трактаце «План крымінальнага заканадаўства» (1780) сцвярджаў, што крымін. законы складзены багатымі ў сваіх інтарэсах, права ўладання выцякае з права на жыццё і таму бедныя маюць права на паўстанне супраць прыгнятальнікаў. З першых дзён французскай рэвалюцыі 1789—99 яе актыўны ўдзельнік на баку радыкальна-дэмакр. сіл. З вер. 1789 выдаваў газету «L’Ami du peuple» («Сябра народа»), у якой адстойваў эканам. і паліт. інтарэсы гар. беднаты, рэзка выступаў супраць лідэраў правячага ліберальна-дэмакр. блока (Ж.Некера, А.Г.Р.Мірабо, М.Ж. дэ Лафаета). Зазнаў ганенні ўлад, выдаваў газету ў падполлі, у студз.—маі 1790 і снеж. 1791 — крас. 1792 хаваўся ў Англіі. Пасля звяржэння манархіі (10.8.1792) чл. Назіральнага к-та Камуны Парыжа, з вер. 1792 — дэп. Канвента ад Парыжа. Выступаў з ідэяй масавага тэрору супраць ворагаў рэвалюцыі і спекулянтаў, на баку якабінцаў вёў барацьбу супраць жырандыстаў. У крас. 1793 працягнуты жырандыстамі да суда Рэв. трыбунала па абвінавачанні ў закліках да роспуску Канвента, забойстваў і рабаўніцтваў, але быў апраўданы. З М.Рабесп’ерам і інш. якабінцамі падрыхтаваў нар. паўстанне ў Парыжы 31.5—2.6.1793, якое прывяло да падзення ўлады жырандыстаў і ўстанаўлення якабінскай дыктатуры. Забіты Ш.​Кардэ, звязанай з жырандыстамі.

Літ.:

Манфред А.З. Марат. М., 1962.

Ж.П.Марат.

т. 10, с. 105

МАРАТО́РЫЙ (ад лац. moratorius затрымліваючы, запавольваючы),

1) адтэрміноўка выканання дзяржавай сваіх абавязацельстваў у сувязі з надзвычайнымі абставінамі (вайна, крызіс, стыхійнае бедства і інш.). Пашыраецца на ўсе абавязацельствы (агульны М.) або на некаторыя з іх.

2) Адмаўленне дзяржавы ад учынення якіх-н. дзеянняў (напр., М. на правядзенне ядз. выпрабаванняў). Паводле цывільнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь на час М. прыпыняецца дзеянне тэрміну іскавай даўнасці.

т. 10, с. 105

МАРА́ТХСКІЯ КНЯ́СТВЫ,

княствы ў Індыі ў 18 — пач. 19 ст. У 1730—40-я г. з дзяржавы, створанай Шываджы і яго нашчадкамі, вылучыліся княствы Нагпур (дынастыя Бхонсле), Індур (Холкары), Гваліяр (Сіндхія), Барода (Гаэквары) і інш. Пасля разгрому афганцамі ў 1761 маратхскага войска пры Паніпаце М.к. фактычна сталі незалежнымі дзяржавамі, хоць намінальна прызнавалі старшынства дынастыі пешваў (гал. міністраў). Барацьба М.к. паміж сабой стала прычынай іх паражэння ў англамаратхскіх войнах канца 18 — пач. 19 ст. і заваявання англічанамі.

т. 10, с. 105

МАРА́ЎСКАЕ КНЯ́СТВА,

адна з назваў сярэдневяковай Вялікамараўскай дзяржавы ў Чэхіі.

т. 10, с. 105

МАРА́ЎСКІЯ БРАТЫ́,

рэлігійная секта ў Чэхіі ў сярэдзіне 15 — пач. 17 ст. Гл. ў арт. Чэшскія браты.

т. 10, с. 105

МАРАФО́НСКАЯ БІ́ТВА,

першая буйная бітва паміж грэч. і перс. войскамі ў 490 да н.э. ў час грэка-персідскіх войнаў 500—449 да н.э. каля мяст. Марафон непадалёку ад Афінаў. У час 2-га паходу ў Грэцыю перс. войска (20 тыс. чал.) высадзілася каля Марафона, каб рушыць на Афіны. Пры ўваходзе ў Марафонскую даліну яго сустрэла грэч. войска (11 тыс. чал.) пад камандаваннем Мільтыяда. Скарыстаўшы перавагі мясцовасці, грэч. фаланга бягом атакавала персаў, якія, аднак контратакавалі і здолелі прарваць слабы цэнтр грэкаў. Але на флангах грэкі разграмілі персаў і пад пагрозай акружэння прымусілі іх уцякаць да караблёў. М.б. затрымала новы паход персаў на Грэцыю на 10 гадоў, прадэманстравала перавагу грэч. ваеннай арг-цыі над персідскай, мела вял. ўплыў на ход грэка-перс. войнаў.

Літ.:

Дельбрюк Г. История военного искусства в рамках политической истории: Пер. с нем.: В 7 т. Т. 1. СПб., 1994.

Я.​У.​Новікаў.

т. 10, с. 105

МАРАФО́НСКІ БЕГ,

бег па шашы на найдаўжэйшую дыстанцыю (42 км 195 м); від лёгкай атлетыкі. Назва ад мястэчка Марафон, адкуль, паводле падання, пасля Марафонскай бітвы (490 да н.э.) грэч. воін-ганец пасланы ў Афіны з весткай аб перамозе над персамі. Не спыняючыся ў дарозе, ён прыбег у горад і, усклікнуўшы «Мы перамаглі», упаў мёртвым. М.б. уключаны ў праграму Алімп. гульняў з 1895 (Афіны; першы алімп. чэмпіён — грэч. спартсмен С.​Луіс). Па М.б. праводзяцца міжнар. спаборніцтвы (Афіны; г. Бостан, ЗША, з 1895; г. Віндзар, Вялікабрытанія; Парыж, з 1976; г. Энсхедэ, Нідэрланды і інш.). Рэкорды (з-за рознага профілю трас) не фіксуюцца.

т. 10, с. 106

МАРА́ХІН (Сяргей Сцяпанавіч) (7.10.1911, в. Тотаршава Ардатаўскага р-на Ніжагародскай вобл., Расія — 15.6.1972),

савецкі ваен. дзеяч, ген. арміі (1968). Скончыў Ваен. акадэміі імя Фрунзе (1941) і Генштаба (1950). У Чырв. Арміі з 1931. У Вял. Айч. вайну на Паўн.-Зах., Бранскім, Варонежскім, 1-м Укр. франтах: нач. штаба танк. брыгады, штаба ўпраўлення бранятанк. і механіз. войск фронту, нач. аператыўнага аддзела танк. арміі, камандзір танк. брыгады. Пасля вайны на камандных пасадах у войсках, выкладчык Ваен. Акадэміі Генштаба. З 1960 1-ы нам. камандуючага, камандуючы Паўн. групай войск, у 1964—67 камандуючы войскамі БВА. З 1968 нам. міністра абароны — нач. тылу Узбр. Сіл СССР. Чл. ЦК КПСС у 1971—72, чл. ЦК КПБ у 1966—68. Дэп. Вярх. Савета СССР у 1966—72.

т. 10, с. 106

МАРАХО́ДНЫЯ Я́КАСЦІ судна,

сукупнасць характарыстык судна, якія вызначаюць яго плывучасць, астойлівасць, непатапляльнасць, ходкасць, кіравальнасць, узыходжанасць на хвалю і інш.

Вызначаюць магчымасць эксплуатацыі судна ў басейнах з рознымі гідраметэаралагічнымі ўмовамі (на рэках, вадасховішчах, партовых акваторыях, рэйдах, у пэўных марскіх раёнах) або без абмежавання раёна плавання. Залежаць ад памераў і суадносін гал. вымярэнняў судна (даўжыні, шырыні, вышыні борта, асадкі), формы абводаў (абрысу вонкавай паверхні корпуса), размеркавання мас па даўжыні і вышыні.

т. 10, с. 106

МАРАХО́ЎСКІ (Ілья) (свецкае імя Ірахім Стафанавіч; каля 1576, г. Львоў, Украіна — 1631),

пісьменнік-палеміст, паліт. і царк. дзеяч. Уніят. З 1596 вучыўся ў папскім калегіуме ў Рыме. Памагаў уніяцкаму мітрапаліту І.Пацею ў барацьбе супраць праваслаўных; мяркуюць, што ў сааўтарстве з ім напісаў кнігі «Гармонія» і «Рэляцыя» (Вільня, 1608 і 1609). У 1609 кароль Жыгімонт III Ваза прызначыў М. сваім сакратаром на ВКЛ, а пасля смерці Пацея (1613) выдаў яму прывілей на Уладзіміра-Брэсцкае епіскапства. Як епіскап удзельнічаў у з’ездзе уніятаў у Навагрудку (1624), рабоце Кобрынскага сінода 1626. Выступіў супраць палемічна-публіцыстычнага твора М.​Сматрыцкага «Трэнас». У кн. «Перыгорыя...» (на польск. мове, Вільня, 1612) асудзіў ідэалогію брацкага руху. Аўтар «Размовы пра пачатак адарвання грэчаскай царквы ад рымскага касцёла...» (1622), «Рэляцыі аб жорсткім забойстве Іасафата Кунцэвіча, полацкага архіепіскапа» (1624; абодва на польск. мове, выдадзены ў Замосці).

А.​Ф.​Коршунаў.

т. 10, с. 106