Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

МАРА́ЛЬНАЙ ДАБРЫНІ́ ТЭО́РЫЯ,

этычная канцэпцыя, прыхільнікі якой лічаць, што ў маральнай дзейнасці большае значэнне мае дзеянне (тое, што робіцца, зроблена), чым матыў, заахвочванне (тое, для чаго робіцца). М.д.т. называюць таксама этыкай добрай волі. Падобны пункт погляду прапаведаваў у рэліг. вучэнні М.​Лютэр, які аддаваў перавагу «ўнутранай набожнасці» перад «зямнымі дзеяннямі». І.​Кант лічыў, што пры выкананні маральнага абавязку важнымі з’яўляюцца асаблівы настрой думак чалавека, пачуццё безумоўнага падпарадкавання абавязку, а не канкрэтны змест учынкаў. Марксісцкая этыка зыходзіла з сац. абумоўленасці матываў і маральнага зместу ўчынкаў і дзеянняў людзей. Праблемы М.д.т. распрацоўваюцца ў экзістэнцыялізме, дыялектычнай тэалогіі.

т. 10, с. 104

МАРА́ЛЬНАЯ ШКО́ДА ў праве,

фізічныя і маральныя пакуты, што прычыняюцца грамадзяніну неправамернымі дзеяннямі, якія парушаюць яго асабістыя немаёмасныя правы (даброты). Да такіх правоў адносяцца гонар і годнасць асобы, аўтарскія правы, а таксама інш. нематэрыяльныя даброты. Паводле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (арт. 60) грамадзяне ў адпаведнасці з законам правамоцны спагнаць з парушальніка ў суд. парадку і маёмасную шкоду і матэрыяльнае кампенсаванне М.ш. Як правіла, кампенсацыя М.ш. належыць пры наяўнасці віны парушальніка. Аднак у выпадках, прама прадугледжаных заканадаўствам, напр., пры прычыненні шкоды жыццю і здароўю крыніцай павышанай небяспекі (трансп. сродкі і да т.п.) незалежна ад віны яе ўладальніка М.ш. павінна быць кампенсавана. Пры вызначэнні памераў кампенсацыі М.ш. суд абавязаны ўлічваць ступень маральных і фіз. пакут пацярпелага і віны парушальніка, інш. акалічнасцей, і зыходзіць з патрабаванняў разумнасці і справядлівасці.

А.​П.​Марыкаў.

т. 10, с. 104

МАРА́МБА (Maramba),

другая назва г. Лівінгстан у Замбіі.

т. 10, с. 104

МАРАМБІ́ДЖЫ (Murrumbidgee),

рака на ПдУ Аўстраліі, правы прыток р. Мурэй. Даўж. 2172 км, пл. басейна 165 тыс. км². Пачынаецца ў паўн. адгор’ях Аўстралійскіх Альпаў, цячэ па раўніне. Гал. прыток — р. Лаклан (справа). Сцёк зарэгуляваны (вадасх. Барынджак і ГЭС у вярхоўях М.). Сярэдні расход вады каля г. Балраналд 77 м³/с. Выкарыстоўваецца для арашэння. Летам, у сезон дажджоў, суднаходная ніжэй г. Уога-Уога, у сухі сезон зрэдку перасыхае.

т. 10, с. 104

МАРА́НДЗІ ((Morandi) Джорджа) (20.7. 1890, г. Балоння, Італія — 18.6.1964),

італьянскі жывапісец і графік. Вучыўся ў АМ у Балонні (1907—13), выкладаў у ёй (1930—56). Майстар нацюрморта. У ранні перыяд зазнаў уплывы П.​Сезана і кубізму («Кактус», 1917), метафізічнага жывапісу («Метафізічны нацюрморт», «Вялікі метафізічны нацюрморт», абодва 1918). Пазней выпрацаваў уласны стыль, які вызначаўся геаметрызмам форм і ліній, яснасцю і рытмічнай ураўнаважанасцю кампазіцыі, аскетызмам прыглушанай колеравай гамы, паэт.-сузіральным ладам, змяшэннем рэальнасці і ідэала мастака: «Ваза з кветкамі» (1924), «Краявід» (1925), «Ракавіны і ваза для садавіны» (1931), «Нацюрморт з кубкамі», «Нацюрморт» (абодва 1953) і інш. Ствараў афорты. Іл. гл. таксама да арт. Італія.

В.​Я.​Буйвал.

Дж.​Марандзі. Нацюрморт. 1953.

т. 10, с. 104

МАРА́НКА (Clangula hyemalis),

вадаплаўная птушка сям. качыных атр. гусепадобных. Пашырана ў тундры і лесатундры Еўразіі і Амерыкі. Трымаецца чародамі. На Беларусі рэдкі пралётны від.

Даўж. да 60 см, маса да 0,9 кг. Афарбоўка стракатая, мяняецца па сезонах. Вакол вачэй белае кольца. 2 сярэднія пары рулявых пёраў утвараюць доўгі (да 20 см) востры хвост. Корміцца насякомымі, малюскамі, ракападобнымі, дробнай рыбай. Гняздуецца па берагах рэк і азёр. Нясе да 10 яец. Аб’ект палявання.

Маранка: 1 — летам; 2 — зімой (а — самка; б — самец).

т. 10, с. 105

МАРАНО́БУ (Хісікава) (каля 1618, Хода, Японія — каля 1694; паводле інш. крыніц 1625 — каля 1694 або 1638—1714),

японскі жывапісец і графік; адзін з заснавальнікаў кірунку укіё-э. Зазнаў уплывы школы Тоса, Іваса Матабэ. Працаваў у тэхніцы аднакаляровага дрэварыту, у жанрах «людзі», «прыгажуні». Сярод твораў: світкі — «Касцюмы і звычаі», «Прыгажуня», трыпціх «Вядомыя сцэны Эда»; парныя шырмы — «Вясёлыя кварталы і тэатры», «Касцюмы і звычаі», «Жанравыя сцэны» (1670); «Мацукадзё і Мурасімэ», «Група падарожнікаў» (сярэдзіна 1670-х г.), «Цырульня» (1670—80-я г.), «Закаханыя каля шырмы» (1673—81), «Закаханыя са слугамі» (каля 1680); серыі — «Асакскія гісторыі» (1668), «100 выяў жанчын гэтага тленнага свету» (1681), «Сцэны Ёсівара» (каля 1688), ілюстрацыі да «Веснавой кнігі» (сярэдзіна 17 ст.), кнігі «100 паэтаў» (выд. 1695).

т. 10, с. 105

МАРА́НТЭ ((Morante) Эльза) (18.8.1912, Рым — 25.11.1985),

італьянская пісьменніца. Дэбютавала зб. навел і казак «Тайная гульня» (1941). Аўтар сац. раманаў «Падман і варажба» (1948), «Востраў Артура» (1957), зб. навел «Андалузская хустка» (1963), паэт. зб-каў «Алібі» (1958), «Свет, які выратавалі дзеці» (1968) і інш. Найб. значны твор — раман «Гісторыя» (1974) пра лёсы «маленькіх людзей» у гады 2-й сусв. вайны і пасляваен. перыяд.

т. 10, с. 105

МАРА́НЫ (ісп. marranos),

яўрэі ў Іспаніі і Партугаліі ў 14—17 ст., якія афіцыйна (у т. л. вымушана) прынялі каталіцтва. Займаліся гандлем, некат. з М. былі на дзярж. службе і нават сярод каталіцкага духавенства. Значная частка М. працягвала тайна выконваць яўр. рэліг. абрады, за што ісп. інквізіцыя падвяргала іх ганенням і пакаранню смерцю.

т. 10, с. 105

МАРАНЬЁН (Marañón),

рака ў Перу, левы (галоўны) прыток р. Амазонка. Даўж. каля 2000 км, пл. басейна каля 350 тыс. км². Выцякае з горнага воз. Патакоча, якое размешчана на выш. каля 4000 м (Зах. Кардыльера Андаў), перасякае Цэнтр. і Усх. Кардыльеры ў глыбокіх цяснінах, цячэ па Амазонскай нізіне, дзе зліваецца з р. Укаялі. Сярэдні гадавы расход вады 15,6 тыс. м³/с. Суднаходная на 1000 км ад вусця (да парогаў).

т. 10, с. 105