Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

МАЛЕКУЛЯ́РНЫЯ І А́ТАМНЫЯ ПУЧКІ,

накіраваныя патокі малекул або атамаў у вакууме, якія рухаюцца амаль без сутыкненняў аднаго з адным. Адсутнасць міжмалекулярных узаемадзеянняў у пучках дазваляе назіраць звыштонкую структуру спектраў, абумоўленую ядз. магн. і эл. квадрупольным момантамі, радыяцыйнымі зрушэннямі энергетычных узроўняў і інш. Выкарыстоўваюцца ў малекулярных генератарах, а таксама для даследаванняў структуры малекул і атамаў па спектрах выпрамянення ці паглынання ў аптычным і радыёдыяпазоне.

т. 10, с. 27

МАЛЕКУЛЯ́РНЫЯ КРЫШТА́ЛІ,

крышталі, утвораныя з малекул, звязаных паміж сабой слабымі Ван-дэр-Ваальса сіламі або вадароднай сувяззю. Унутры малекул сувязь паміж атамамі больш моцная, звычайна кавалентная, таму фазавыя ператварэнні М.к. (плаўленне, узгонка, паліморфныя пераходы) адбываюцца без разбурэння асобных малекул.

Большасць М.к. — крышталі арган. злучэнняў (нафталін і інш.); М.к. ўтвараюць некаторыя простыя рэчывы (H2, галагены, N2,O2, S8), бінарныя злучэнні тыпу CO2, металаарган. злучэнні, некаторыя комплексныя злучэнні. Да М.к. адносяцца крышталі многіх палімераў, у т. л. бялкоў і нуклеінавых кіслот. Для М.к. характэрны нізкія т-ры плаўлення (ад -150 да -350 350 °C), вялікія каэф. цеплавога расшырэння, вял. сціскальнасць, малая цвёрдасць. Большасць М.к. пры звычайнай т-ры — дыэлектрыкі, некаторыя М.к. (напр., арган. фарбавальнікі) — паўправаднікі. Гл. таксама Міжмалекулярнае ўзаемадзеянне.

Літ.:

Китайгородский А.И. Молекулярные кристаллы. М., 1971.

т. 10, с. 27

МАЛЕКУЛЯ́РНЫЯ СІ́ТЫ,

сарбенты, што выбіральна паглынаюць з навакольнага асяроддзя рэчывы, малекулы якіх не перавышаюць вызначаных памераў. Адрозніваюць М.с. мінер. (неарган.) і арганічныя. Неарганічныя — жорсткія крышт. структуры з поласцямі, якія злучаны паміж сабой вузкімі каналамі («порамі»). Арганічныя — гелепадобныя сарбенты, атрыманыя на аснове высокамалекулярных злучэнняў; уяўляюць сабой прасторавую сетку з ланцуговых макрамалекул, «сшытых» хім. сувязямі. Выкарыстоўваюць для ачысткі рэчываў ад прымесяў, храматаграфічнага раздзялення бялкоў, вугляводаў, гармонаў, антыбіётыкаў і інш.

т. 10, с. 27

МАЛЕКУЛЯ́РНЫЯ СПЕ́КТРЫ,

аптычныя спектры, абумоўленыя паглынаннем ці выпрамяненнем фатонаў пры квантавых пераходах малекул з адных энергет. узроўняў на другія.

Паводле складальных значэння поўнай энергіі малекулы М.с., як і квантавыя пераходы ў малекуле, падзяляюць на электронныя, вагальныя і вярчальныя. Вагальныя і вярчальныя пераходы могуць выяўляцца і ў спектрах камбінацыйнага рассеяння святла. М.с. паглынання эл.-магн. выпрамянення назіраюцца ў бачнай і ультрафіялетавай абласцях спектра (электронна-вагальна-вярчальныя спектры — сістэма палос з груп дыскрэтных ліній для найпрасцейшых малекул ці з некалькіх шырокіх бесструктурных палос у выпадку складаных малекул), у блізкай інфрачырв. вобласці (вагальна-вярчальныя спектры — шэраг структурных палос) і ў далёкай інфрачырв. вобласці (вярчальныя спектры). Вярчальны стан малекул рэалізуецца выключна ў газавай фазе, таму ў кандэнсаваным асяроддзі назіраюцца толькі электронна-вагальныя (вібронныя ці электронныя) і вагальныя спектры. Пераходы, якія адбываюцца з вылучэннем выпрамянення, утвараюць вібронныя М.с. флуарасцэнцыі і фасфарасцэнцыі. Для шматлікіх арган. малекул са складанай будовай пры пэўных умовах вібронныя спектры становяцца дыскрэтнымі, што істотна павялічвае іх інфарматыўнасць (гл. Спектраскапія). Даныя, атрыманыя пры вывучэнні М.с., дазваляюць вызначыць структуру малекул, а таксама выкарыстоўваюцца для спектральнага аналізу рэчываў.

Літ.:

Ельяшевич М.А. Атомная и молекулярная спектроскопия. М., 1962.

К.​М.​Салаўёў.

т. 10, с. 27

МАЛЕКУЛЯ́РНЫЯ ХВАРО́БЫ,

хваробы, абумоўленыя біяхім. парушэннямі (расстройствы бялковага, вугляводнага і інш. абмену рэчываў). Узнікаюць пры парушэнні паслядоўнасці амінакіслот у поліпептыдным ланцугу. Паняцце ўведзена Л.К.Полінгам. Развіваюцца пры пашкоджванні сінтэзу нуклеінавых к-т і пратэінаў. Абумоўліваюцца мутацыямі генаў і аберацыямі храмасом, што праяўляецца сіндромамі прыроджаных парушэнняў развіцця, спадчыннымі хваробамі, недахопам у арганізме незаменных амінакіслот і інш. малекул, уздзеяннем розных таксінаў, якія пашкоджваюць сінтэз бялкоў; убудоўваннем вірусных генаў і прыёмных бялкоў у геном клетак; недастатковасцю рэцэптарзалежнага эндацытозу, розных ферментаў і інш. Высвятленне малекулярных механізмаў парушэння функцыянавання клетак і арганізма дае магчымасць расшыфраваць патагенез некат. псіхічных (напр., шызафрэнія) і інш. хвароб.

М.​К.​Недзьведзь.

т. 10, с. 28

МАЛЕКУЛЯ́РНЫ ГАДЗІ́ННІК,

тое, што квантавы гадзіннік.

т. 10, с. 27

МАЛЕКУЛЯ́РНЫ ГЕНЕРА́ТАР,

квантавы генератар, у якім незатухальныя ваганні падтрымліваюцца вымушаным выпрамяненнем пучка ўзбуджаных малекул або атамаў; разнавіднасць мазера. Выкарыстоўваецца як актыўны квантавы стандарт частаты ў службе часу (гл. Квантавы гадзіннік), у касм. навігацыі, геадэзіі, картаграфіі, як радыёспектраскоп высокага раздзялення пры даследаваннях малекул аміяку, атамаў азоту і вадароду, а таксама іх ядраў.

Першы М.г. на малекулах аміяку створаны ў 1955 М.Г.Басавым і А.М.Прохаравым і незалежна амер. фізікам Ч.​Таўнсам. Пучок малекул аміяку накіроўваўся ў сартавальнае прыстасаванне, праз якое ў аб’ёмны рэзанатар праходзілі толькі ўзбуджаныя часціцы. Пучок, які пралятае праз настроены на частату малекулярнага пераходу рэзанатар, выпрамяняе лішак сваёй энергіі. Вызначаецца высокімі стабільнасцю частаты генерацыі і монахраматычнасцю.

Л.​М.​Арлоў.

Схема малекулярнага генератара.

т. 10, с. 27

«МАЛЕ́ННЕ ДАНІІ́ЛА ЗАТО́ЧНІКА»,

помнік стараж.-рус. літаратуры 13 ст. Прыпісваецца гіст. або літ. герою — Даніілу Заточніку. Захаваўся ў спісах 15—16 ст. Існуюць 2 яго рэдакцыі: «Слова Данііла Заточніка» (12 ст.?) і «М.Д.З.». «Маленне» напісана ў форме паслання і спалучае ў сабе апалогію моцнай княжацкай улады і асабістае самасцвярджэнне. У ім выкарыстоўваюцца традыцыі кніжнай культуры, цытуецца Біблія і інш. літ. творы. Стыль вызначаецца афарыстычнасцю, іншасказальнасцю, выкарыстаннем элементаў сатыры і жывой гаворкі.

Публ.:

Слово Даниила Заточеника... // Златоструй: Древняя Русь X—XIII вв. М., 1990.

Літ.:

Лихачев Д.С. Даниил Заточник // Словарь книжников и книжности Древней Руси. Л., 1987. Вып. 1.

С.​Ф.​Кузьміна.

т. 10, с. 28

МАЛЕ́НЧАНКА (Аляксандр Фёдаравіч) (н. 1.1.1932, г. Орша Віцебскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне радыебіялогіі. Д-р мед. н. (1974). Брат Р.Ф.Маленчанка. Скончыў 1-ы Ленінградскі мед. ін-т (1955). З 1965 у Ін-це радыеэкалагічных праблем Нац. АН Беларусі (з 1973 заг. лабараторыі). Навук. працы па вывучэнні медыка-біял. наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС: біял. эфекты спалучанага дзеяння іанізавальнага выпрамянення і фактараў нерадыяцыйнай прыроды, распрацоўка метадаў карэкцыі выкліканых паталаг. змен.

Тв.:

Ядерная энергетика: Общество и природа. Мн., 1990 (разам з А.​А.​Паўлоўскім, Ю.​С.​Панітковым);

Макрофаги легких при сочетанном воздействии ионизирующего излучения и оксидов азота (разам з Т.​Я.​Даражэнкавай) // Радиационная биология. Радиоэкология. 1994. Т. 34, вып. 4—5.

т. 10, с. 28

МАЛЕ́НЧАНКА (Рыма Фёдараўна) (н. 26.6.1935, г. Орша Віцебскай вобл.),

бел. актрыса, педагог. Засл. арт. Беларусі (1968). Сястра А.Ф.Маленчанкі. Скончыла БДУ (1957). У 1955—93 працавала ў Бел. т-ры юнага гледача. У 1965—74 выкладала ў Бел. тэатр.-маст. ін-це, з 1975 (з перапынкам) — у Бел. ун-це культуры. На сцэне выконвала ролі травесці, драматычныя, характарныя. Ёй уласцівы тонкі псіхалагізм, мяккая стрыманая манера выканання. Ролі ў дзіцячым рэпертуары: Сунічка («Прыгоды Чыпаліна» паводле Дж.​Радары), Чырвоная Шапачка (аднайм. твор Я.​Шварца), Хлапчыш-Благіш («Хлапчыш-Кібальчыш» паводле А.​Гайдара) і інш. Сярод роляў у класічным рэпертуары: Агнія («Мінулася кату масленіца» А.​Астроўскага), Марыя Антонаўна («Рэвізор» М.​Гогаля), Аркадзіна («Чайка» А.​Чэхава). З інш. роляў: Ульяна Паўлаўна («Экзамен на восень» І.​Шамякіна), Марутка («Марутка» С.​Алексіевіч), Дзятлічыха («Подых навальніцы» паводле І.​Мележа), Долі (.«Галасы травы» Т.​Капотэ). Выступае з монаспектаклямі. Займаецца канцэртнай дзейнасцю. У праграме творы рус. і бел. паэтаў.

В.​А.​Ракіцкі.

т. 10, с. 28