МАЛЕ́НЧАНКА (Рыма Фёдараўна) (н. 26.6.1935, г. Орша Віцебскай вобл.),
бел. актрыса, педагог. Засл. арт. Беларусі (1968). Сястра А.Ф.Маленчанкі. Скончыла БДУ (1957). У 1955—93 працавала ў Бел. т-ры юнага гледача. У 1965—74 выкладала ў Бел. тэатр.-маст. ін-це, з 1975 (з перапынкам) — у Бел. ун-це культуры. На сцэне выконвала ролі травесці, драматычныя, характарныя. Ёй уласцівы тонкі псіхалагізм, мяккая стрыманая манера выканання. Ролі ў дзіцячым рэпертуары: Сунічка («Прыгоды Чыпаліна» паводле Дж.Радары), Чырвоная Шапачка (аднайм. твор Я.Шварца), Хлапчыш-Благіш («Хлапчыш-Кібальчыш» паводле А.Гайдара) і інш. Сярод роляў у класічным рэпертуары: Агнія («Мінулася кату масленіца» А.Астроўскага), Марыя Антонаўна («Рэвізор» М.Гогаля), Аркадзіна («Чайка» А.Чэхава). З інш. роляў: Ульяна Паўлаўна («Экзамен на восень» І.Шамякіна), Марутка («Марутка» С.Алексіевіч), Дзятлічыха («Подых навальніцы» паводле І.Мележа), Долі (.«Галасы травы» Т.Капотэ). Выступае з монаспектаклямі. Займаецца канцэртнай дзейнасцю. У праграме творы рус. і бел. паэтаў.
В.А.Ракіцкі.
т. 10, с. 28
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)