Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

МАГАДЫ́ША, Мукдыша,

горад, сталіца Самалі. Знаходзіцца на ПдУ краіны, на ўзбярэжжы Індыйскага ак. Адм. ц. вобл. Банадыр. 997 тыс. ж. (1997). Вузел аўтадарог. Гал. порт краіны. Міжнар. аэрапорт. Найбуйнейшы прамысл. цэнтр краіны (каля 50% агульнай колькасці прадпрыемстваў апрацоўчай прам-сці). Прам-сць: харч., гарбарна-абутковая, метала- і дрэваапр., нафтаперапр., суднабуд. і суднарамонтная. Ун-т. Нац. музей. Арх. помнікі 13—19 ст. (мячэці Фахр-ад-дзіна, Абд аль-Азіза, руіны крапасных збудаванняў).

Засн. араб. і перс. купцамі ў 12 ст. У 12—17 ст. цэнтр аднайм. дзяржавы, буйнейшы араб. горад на ўсх. узбярэжжы Афрыкі. Гандлявала па моры з араб. краінамі і Індыяй, караванным шляхам — з унутр. абласцямі Афр. Рога, чаканіла ўласную манету. У 1499 горад моцна пацярпеў ад абстрэлу партуг. эскадры Васка да Гамы. У канцы 17 ст. далучана да Аманскага султаната, з пач. 19 ст. пад намінальнай уладай Занзібара, з 2-й пал. 19 ст. фактычна пад кантролем самалійскага султаната Геледы. У 1905—41 адм. цэнтр Італьян. Самалі. У 2-ю сусв. вайну ўзята брыт. войскамі. З 1950 адм. цэнтр падапечнай тэр. Самалі пад кіраваннем Італіі. З 1960 сталіца незалежнага Самалі.

т. 9, с. 442

МАГАЗІ́Н (франц. magazin ад араб. сховішча, склады),

1) прадпрыемства рознічнага гандлю, якое выступае як юрыд. асоба. Падзяляюцца на спецыялізаваныя з абмежаваным асартыментам тавараў (хлебныя, агароднінна-садавінныя, малочныя, мэблевыя, кніжныя, абутковыя, гатовага адзення, гасп. і неспецыялізаваныя з больш шырокім асартыментам тавараў. Існуюць мяшаныя прадуктова-прамысл. М. Пашыраны універсальныя М. са спецыялізаванымі секцыямі, М. самаабслугоўвання, салоны-М., М.-аўтаматы; у гандл. цэнтрах М. знаходзяцца ў адным комплексе з прадпрыемствамі грамадскага харчавання і гандлю.

2) Дылерская кампанія, якая займаецца купляй-продажам аблігацый.

3) Будынак, у якім захоўваліся грамадскія запасы прадуктаў (збожжа, крупы, мука, соль і інш.) на выпадак дапамогі людзям, якія апынуліся ў бядзе. Былі пашыраны ў Літве, Польшчы, Расіі, на Украіне. На Беларусі вядомы ў 2-й пал. 18 — пач. 20 ст. Будынак прамавугольны ў плане, звычайна з 4—5 уваходамі ў асобныя склады. 3 падоўжнага боку будавалі галерэю на слупах або вял. вынас страхі (в. Старобін Слуцкага р-на Мінскай вобл., 1825). Праз тарцы збудавання рабілі скразны праезд і засекі для прадуктаў па абодва яго бакі (в. Касарычы Глускага р-на Магілёўскай вобл., пач. 19 ст.). Сцены М. ставілі на высокіх мураваных фундаментах ці штандарах (в. Вял. Чучавічы Лунінецкага р-на Брэсцкай вобл., 19 ст.). Паводле тыпавых праектаў дзярж. М. звычайна будавалі ў комплексе з некалькіх будынкаў, абкружалі іх равамі, агароджамі, будынкамі для аховы (г. Ваўкавыск, 1851).

С.​А.​Сергачоў (архітэктура).

т. 9, с. 442

МАГАЗІ́Н,

1) спецыяльнае ўстройства ў агнястрэльнай зброі для размяшчэння патронаў (выстралаў) і паступовага іх перамяшчэння на лінію дасылкі (у прыёмнік) перад падачай у патроннік. М. падзяляюцца паводле месца злучэння са зброяй (падствольныя, прыкладавыя, універсальныя), формы (каробчатыя, дыскавыя, барабанныя) і парадку размяшчэння ў іх патронаў (аднародныя, мнагарадныя). Выкарыстоўваецца ў аўтам. і неаўтам. стралк. зброі, артыл. узбраенні караблёў і лятальных апаратаў, малакаліберных зенітных аўтам. гарматах.

2) Колькасць мін, якая можа быць размешчана на палубе карабля.

т. 9, с. 442

«МАГА́ЗЫН ПО́ЛЬСКІ»

(«Magazyn polski», «Часопіс польскі»),

штоквартальны часопіс; орган Саюза палякаў ў Беларусі. Выдаецца з 1992 у Гродне на польск. мове (лісты чытачоў друкуюцца на бел. і рус. мовах). Асвятляе пытанні гіст., культ. развіцця Беларусі, ВКЛ, некаторыя аспекты міжнац. адносін на тэр. сучаснай Беларусі. Змяшчае матэрыялы пра сусветна вядомых дзеячаў навукі, гісторыі Беларусі. Публікуе маст. творы бел. і замежных пісьменнікаў.

т. 9, с. 442

МАГАЛІСТА́Н, Магулістан, Магалістанскае ханства,

цюркская дзяржава ў 14—16 ст. на тэр. Казахстана, Кыргызстана, Узбекістана і Таджыкістана. Засн. ў 1340-я г. нашчадкам Чынгісхана Таглук-Цімурам пасля распаду Джагатайскага (Чагатайскага) улуса. Напачатку ўключаў яго ўсх. частку (Усх. Туркестан, Сямірэчча і Паўд. Сібір), у 1360—61 да М. далучаны і Маверанахр (адпаў пасля смерці Таглук-Цімура ў 1363). Як незалежная дзяржава М. існаваў да 1570-х г. на тэр. Усх. Туркестана. Часам тэрмін «М.» выкарыстоўваюць для вызначэння Усх. Туркестана.

т. 9, с. 442

МАГАМА́ЕЎ (Абдул Муслім Магаметавіч) (18.9.1885, г. Грозны, Чэчня — 28.7.1937),

азербайджанскі кампазітар, дырыжор, муз. дзеяч; адзін са стваральнікаў нац. муз. т-ра. Засл. дз. маст. Азербайджана (1935). Скончыў Гарыйскую наст. семінарыю (1904). Першы азерб. дырыжор. З 1911 у опернай трупе У.Гаджыбекава. У 1920—30-я г. заг. аддзела мастацтваў Наркамасветы Азербайджана, кіраўнік муз. рэдакцыі Бакінскага радыё, дырэктар і гал. дырыжор Азерб. т-ра оперы і балета. У кампазітарскай творчасці ўвасабляў прынцып узаемадзеяння нар. і класічнага муз. мастацтва, выступаў за сінтэз нар.-песеннага матэрыялу і еўрап. муз. форм. Збіраў і запісваў нар. мелодыі, апублікаваў першы зборнік азерб. нар. песень (1927, з Гаджыбекавым). Сярод твораў: оперы «Шах Ісмаіл» (1916; паст. 1919, 1924, 1947), «Нэргіз» (паст. 1935); сімф. п’есы на сучасную тэматыку, у т. л. «Танец вызваленай азербайджанкі», «На палях Азербайджана»; фантазія «Дэрвіш»; масавыя песні; музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў.

Літ.:

Исмайлова Г. Муслим Магомаев. 2 изд. Баку, 1986.

А.М.М.Магамаеў.

т. 9, с. 442

МАГАМА́ЕЎ (Муслім Магаметавіч) (н. 17.8.1942, Баку),

азербайджанскі спявак (барытон), дырыжор. Нар. арт. Азербайджана. Нар. арт. СССР (1973). Унук А.М.М.Магамаева. Скончыў Азерб. кансерваторыю (1968). З 1962 (з перапынкам) саліст Азерб. т-ра оперы і балета, адначасова ў 1975—79 маст. кіраўнік Дзярж. эстр.-сімф. аркестра Азербайджана. Валодае гнуткім голасам прыгожага мяккага тэмбру вял. дыяпазону, сцэн. тэмпераментам. Сярод лепшых оперных партый: Фігара («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні), Скарпія («Тоска» Дж.​Пучыні), Алека («Алека» С.​Рахманінава), Аслан-шах («Шах Ісмаіл» А.М.​М.​Магамаева), Гасан-хан («Кёр-аглы» У.​Гаджыбекава). У канцэртах выконвае арыі з опер, аперэт, рамансы, эстр. і неапалітанскія песні. Аўтар твораў для эстр.-сімф. аркестра, песень, музыкі да драм. спектакляў і кінафільмаў. Зняўся ў кінафільмах «Нізамі», «Спявае Муслім Магамаеў». 1-я прэмія на Міжнар. фестывалі песні ў Сопаце (Польшча, 1969), «Залаты дыск» (1969, Францыя).

Літ.:

Тихвинская Л. Муслим Магомаев // Певцы советской эстрады. М., 1977.

М.М.Магамаеў.

т. 9, с. 442

МАГАМЕ́Т,

гл. Мухамед.

т. 9, с. 443

МАГАМЕТА́НСТВА,

устарэлая назва мусульманства (ісламу) ад старой транскрыпцыі імя заснавальніка ісламу Мухамеда — Магамет.

т. 9, с. 443

МАГА́Р (Setaria italica convar. moharia),

кветкавая расліна сям. метлюжковых. Пашыраны пераважна ў Азіі. Культывуецца ў краінах з умераным і субтрапічным кліматам.

Аднагадовая травяністая расліна. Сцёблы слабагалінастыя выш. да 1 м, аблісцелыя. Суквецце — коласападобная мяцёлка (султан) даўж. 25 см, шыр. 4 см, у адрозненне ад чумізы, не падзеленае на лопасці. Паводле колеру зярнявак і шчацінак бывае М. аранжавы, белы, жоўты, чырвоны. Стараж. кармавая (зялёны корм, сена, сілас, збожжа) і харч. (збожжа) культура.

У.​П.​Пярэднеў.

т. 9, с. 443