МАА́Р (ням. Maar),
лейкападобная або цыліндрычная ўпадзіна вулканічнага паходжання, якая ўзнікла на зямной паверхні пры газавым выбуху без вылівання лавы. Дыяметр М. да 3,5 км, глыб. да 300—400 м. Часам абкружана кальцавым валам з абломкаў горных парод. Ва ўмовах вільготнага клімату часта запаўняецца вадой і ўтварае т.зв. мааравае возера (напр., Лахер-Зэ ў Германіі).
т. 9, с. 440
МААРЫ́ (сапр. Аджамян) Гурген Рыгоравіч
(14.8.1903, г. Ван, Турцыя — 16.7.1969),
армянскі пісьменнік. Засл. дз. культ. Арменіі (1965). У 1915 з інш. бежанцамі перасяліўся з Турцыі ў Расію. У 1937—56 рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны. Друкаваўся з 1917. Аўтар зб-каў лірычных вершаў «Тытанік» (1924), «Пара выспявання пладоў» (1930), «Давільня» (1960), кн. апавяданняў «Пра каханне, рэўнасць і садоўнікаў Ніцы» (1929), гіст. рамана «Сады гараць» (1966), кн. мемуараў «Чарэнц-намэ» (1968) і інш. У аўтабіягр. трылогіі («Дзяцінства», 1929; «Юнацтва», 1930; «На парозе маладосці», 1955) — трагічны лёс зах. армян у пач. 20 ст. Быў знаёмы з Я.Купалам. На бел. мову асобныя творы М. пераклаў М.Гіль.
Тв.:
Рус. пер. — Юность. М., 1978.
т. 9, с. 440
МАА́С, Мёз (флам. Maas, франц. Meuse),
рака ў Францыі, Бельгіі і Нідэрландах. Даўж. 925 км, пл. бас. 36 тыс. км². Бярэ пачатак у Францыі на плато Лангр, перасякае Ардэны ў глыбока ўрэзанай даліне, працякае па Сярэднееўрап. раўніне, упадае ў паўд. рукаў дэльты р. Рэйн. Жыўленне пераважна дажджавое і снегавое. Зімой і вясной моцныя паводкі, узровень вады падымаецца да 5—8 м. Сярэдні расход вады ў ніжнім цячэнні 300—400 м³/с. Суднаходная да вярхоўяў, злучана каналамі з рэкамі Шэльда, Сена, Рэйн і інш. Вышэй г. Седан рэчышча шлюзаванае. На М. гарады Вердэн (Францыя), Льеж (Бельгія), Маастрыхт (Нідэрланды).
т. 9, с. 440
МАА́СТРЫХТ (Maastricht),
горад на Пд Нідэрландаў. Адм. ц. правінцыі Лімбург. 114 тыс. ж. (1993). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт на р. Маас і каналах. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: шкляная і керамічная, маш.-буд., хімічная. Ун-т. Лімбургскі музей мастацтва і архітэктуры (у манастыры Бонефантэн, 17 ст.), Епіскапскі музей. Арх. помнікі 10—18 ст.: цэрквы, манастыры, жылыя дамы, ратуша.
т. 9, с. 440
МААСТРЫ́ХЦКІЯ ПАГАДНЕ́ННІ 1992,
комплекс дагаворанасцей паміж краінамі-ўдзельніцамі Еўрапейскіх супольнасцей, якія былі дасягнуты ў г. Маастрыхт (Нідэрланды) у лют. 1992. Датычыліся стварэння Еўрапейскага саюза (гл. Маастрыхцкі дагавор 1992) і інтэграцыі яго краін-удзельніц у паліт., эканам., валютнай, сац. сферы, у галіне юстыцыі і ўнутр. спраў.
т. 9, с. 440
МААСТРЫ́ХЦКІ ДАГАВО́Р 1992,
дагавор краін-удзельніц Еўрапейскіх эканамічных супольнасцей аб стварэнні Еўрапейскага саюза (ЕС), падпісаны ў г. Маастрыхт (Нідэрланды) 7.2.1992 дванаццаццю краінамі (Францыя, Германія, Італія, Бельгія, Нідэрланды, Люксембург, Вялікабрытанія, Данія, Ірландыя, Грэцыя, Іспанія, Партугалія). У 1995 да дагавора далучыліся Швецыя, Фінляндыя, Аўстрыя. Асн. мэтай М.д. было ўсебаковае паглыбленне інтэграцыі ў паліт., эканам., валютнай, сац. і інш. сферах, узмацненне грашовых сувязей краін-удзельніц ЕС і стварэнне агульнай грашовай адзінкі (еўра, уведзена з 1999).
Л.І.Шмыгава.
т. 9, с. 440
МАБІ́Л (Mobile),
горад на Пд ЗША, у штаце Алабама, на беразе бухты Мабіл у Мексіканскім зал. Засн. ў 1711. 206,5 тыс. ж., з прыгарадамі больш за 500 тыс. ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог, буйны порт. Прам-сць: суднабуд. (у т. л. буд-ва платформ для марскога бурэння), суднарамонтная, хім., нафтаперапр., цэлюлозна-папяровая, харчовая. Вытв-сць гліназёму. 3 ун-ты.
т. 9, с. 440
МАБІЛІЗА́ЦЫЯ (франц. mobilisation ад лац. mobilis рухомы),
комплекс мерапрыемстваў па пераводу на ваен. становішча ўзбр. сіл, эканомікі і дзярж. ін-таў краіны (агульная М.) або якой-н. іх часткі (частковая М.). Можа праводзіцца адкрытым або скрытым спосабам. Абвяшчэнне М. — кампетэнцыя вышэйшых органаў дзярж. улады; у Рэспубліцы Беларусь — Прэзідэнта з унясеннем у трохдзённы тэрмін прынятага рашэння на зацвярджэнне Савета Рэспублікі. М. стала практыкавацца са стварэннем масавых армій, якія камплектуюцца на аснове ўсеаг. воінскай павіннасці (канец 18—19 ст.). У Расіі тэрмін «М.» стаў афіцыйна ўжывацца з 1870. М. ўзбр. сіл заключаецца ў іх пераводзе (разгортванні) на арганізацыю і састаў ваен. часу. Фактарамі паспяховага правядзення М. ўзбр. сіл з’яўляюцца: наяўнасць і падрыхтаванасць людскіх рэсурсаў для камплектавання разгортваемых вайск. фарміраванняў; назапашванне ў мірны час неабходных запасаў узбраення, ваен. тэхнікі і інш. матэрыяльных сродкаў; добра пастаўлены ўлік, апавяшчэнне і збор ваеннаабавязаных. М. эканомікі ўключае разгортванне ваен. вытв-сці, перабудову нар. гаспадаркі і навукі на патрэбы ваен. часу і забеспячэнне жывучасці і ўстойлівасці гасп. механізму краіны.
т. 9, с. 440
МАБІЛІ́ЗМ (ад лац. mobilis рухомы),
геалагічная гіпотэза, якая дапускае вялікія (да некалькі тысяч кіламетраў) гарызантальныя перамяшчэнні буйных пліт літасферы на працягу геал. часу. Тэрмін уведзены швейц. геолагам Э.Арганам (1924). М. супрацьпастаўляўся канцэпцыі фіксізму (гл. Тэктанічныя гіпотэзы). Навук. тэорыя М. распрацавана ў 1910—12 амер. вучоным Ф.Тэйларам і ням. геафізікам А.Вегенерам (гл. Вегенера гіпотэза). Сучасны варыянт М., т.зв. тэктоніка пліт або новая глабальная тэктоніка, заснавана на выніках даследаванняў рэльефу дна акіяна і магнітных анамалій яго парод і на даных палеамагнетызму.
т. 9, с. 440
МАБІЛЬЁН, Мабіён (Mabillon) Жан (26.12.1632, г. Сен-П’ермон, Францыя — 27.12.1707), французскі гісторык, заснавальнік дыпламатыкі і палеаграфіі. Чл. кангрэгацыі маўрыстаў. З 1664 працаваў у бібліятэцы манастыра Сен-Жэрмен-дэ-Прэ (Парыж). З 1701 чл. акадэміі надпісаў. Здзейсніў шматтомную публікацыю крыніц па гісторыі бенедыкцінцаў з каментарыямі і заўвагамі (13 тамоў, 2 апошнія скончаны інш. маўрыстамі). Распрацаваў методыку вызначэння сапраўднасці дакумента, устанавіў адзнакі датавання і лакалізацыі рукапісу, стварыў тэорыю «нац. тыпаў» лац. пісьма.
т. 9, с. 440