Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

РАДЫЕІЗАТО́ПНАЯ ДЫЯГНО́СТЫКА,

тое, што радыенуклідная дыягностыка.

т. 13, с. 229

РАДЫЕІЗАТО́ПНЫЯ КРЫНІ́ЦЫ ЭНЕ́РГІІ,

аўтаномныя крыніцы энергіі, у якіх выдзеленая пры радыеактыўным распадзе энергія пераўтвараецца ў цеплавую, эл. ці інш. віды энергіі. Асн. элементы радыеізатопнага эл. генератара — радыенуклідная крыніца цеплаты (напр., цеплавыдзяляльны элемент) і паўправадніковы тэрмаэлектрычны генератар. Служаць для сілкавання аўтам. апаратуры (напр., радыёмаякоў, радыёметэаралагічных станцый), устаноўленай у цяжкадаступных раёнах ці на касм. апаратах, а таксама ў біял. эксперыментах, напр., па ўжыўленні штучнага сэрца. Гл. таксама Ядзерная батарэя.

т. 13, с. 229

РАДЫЕІМУНАДЫЯГНО́СТЫКА,

дыягнастычны метад даследавання, заснаваны на выкарыстанні радыеізатопнага мечання антыгенаў або антыцел. Найб. адчувальны метад вызначэння антыгенаў і антыцел, выкарыстоўваецца таксама для вызначэння гармонаў, лек. рэчываў, для дыягностыкі бактэрыяльных, вірусных, пратазойных захворванняў, даследавання бялкоў крыві, тканкавых антыгенаў.

т. 13, с. 229

РАДЫЕМАДЫФІКА́ЦЫЯ,

штучная змена радыеадчувальнасці клетак, тканак і арганізма ці ў бок яе зніжэння (проціпрамянёвая абарона), ці ў бок павышэння (радыесенсібілізацыя). Фіз. і хім. агенты, якія выкарыстоўваюцца для проціпрамянёвай абароны — радыепратэктары, для сенсібілізацыі да выпрамянення — радыесенсібілізатары.

т. 13, с. 229

РАДЫЕМЕТРЫ́ЧНЫЯ МЕ́ТАДЫ РАЗВЕ́ДКІ, радыеметрыя, радыеметрычная разведка,

комплекс метадаў геафізічнай разведкі карысных выкапняў і вывучэння нетраў Зямлі, заснаваных на рэгістрацыі выпраменьванняў прыродных і штучна выкліканых радыеактыўных палёў (гл. Радыеактыўнасць). Існуе больш за 50 метадаў, аб’яднаных у групы плошчавай і профільнай (для карціравання распасцірання радыеактыўных палёў), свідравіннай (радыеметрычнае даследаванне і апрабаванне керну горных парод) радыеметрыі.

Уключаюць гама-здымку, эманацыйную, радыегідрагеал., рэнтгенарадыеметрычную і гама-нейтронную здымкі. Для іх правядзення выкарыстоўваюцца альфа-, бэта-, гама-радыёметры і спектрометры. Радыеметрычныя даследаванні ў свідравінах і апрабаванне керну ажыццяўляюцца многаканальнымі спектрометрамі, імпульснымі генератарамі нейтронаў, спектрометрамі ядзерна-магнітнага рэзанансу і нейтронна-актывацыйнага аналізу. На Беларусі Р.м.р. выкарыстоўваюцца ў Геафізічнай экспедыцыі (Мінск) і Комплекснай партыі геафіз. даследаванняў свідравін (г. Мазыр Гомельскай вобл.) ВА «Белгеалогія», ва Упраўленні геафіз. работ у свідравінах (г. Рэчыца Гомельскай вобл.) ВА «Беларусьнафта». З дапамогай Р.м.р. выяўлены радовішчы калійных солей, фасфарытаў, бурых вуглёў, гаручых сланцаў, даўсанітаў і інш. Устаноўлены генет. і парагенетычныя сувязі карысных выкапняў з пашырэннем радыеактыўных элементаў і іх утрыманнем у пародзе. Радыеметрыя шырока выкарыстоўваецца для выяўлення радыяцыйнага забруджвання, звязанага з катастрофай на Чарнобыльскай АЭС.

А.​Ш.​Хайбулін.

т. 13, с. 229

РАДЫЕНУКЛІ́ДНАЯ ДЫЯГНО́СТЫКА, радыеізатопная дыягностыка,

распазнаванне паталагічных змен асобных органаў і сістэм арганізма з дапамогай радыеактыўных прэпаратаў. Заснавана на рэгістрацыі і вымярэнні выпрамяненняў ад уведзеных у арганізм радыеактыўных прэпаратаў або радыеметрыі біял. проб. Р.д. з выкарыстаннем радыенуклідаў адлюстроўвае іх рух і размеркаванне ў органах і тканках і не ўплывае на цячэнне фізіял. працэсаў. Актыўнасць радыенукліда, які выкарыстоўваецца пры Р.д., памяншаецца ў выніку яго распаду (фіз. працэс) і вывядзення прэпарату з арганізма (біял. працэс). З мэтай візуалізацыі ў Р.д. выкарыстоўваюцца радыенукліды, што выпраменьваюць гамафатоны (высокаэнергет. эл.-магн. выпрамяненне). Каб пазбегнуць празмернага ўздзеяння на пацыента, перыяд паўраспаду радыенукліда павінен складаць ​1/3 часу даследавання, якое цягнецца ад 10 мін да некалькіх гадзін. Р.д. дазваляе вывучаць абмен рэчываў, функцыю органаў і сістэм, скорасць руху крыві і лімфы, транзіт кішэчнага змесціва, сакраторна-экскрэторныя працэсы і інш.

А.​М.​Міхайлаў.

т. 13, с. 229

РАДЫЕНУКЛІ́ДЫ,

радыеактыўныя атамы (нукліды) хім. элементаў. Бываюць прыродныя і штучна атрыманыя (тэхнагенныя). Адрозніваюць паводле тыпу радыеактыўнага распаду (гл. Радыеактыўнасць). Большасць Р. з’яўляюцца крыніцамі рэнтгенаўскага ці гама-выпрамянення. У адпаведнасці з нормамі радыяцыйнай бяспекі паводле таксічнасці падзяляюцца на Р. асабліва небяспечныя для чалавека і Р. высокай, сярэдняй і малой радыетаксічнасці (гл. Радыеактыўнае рэчыва). Значная колькасць тэхнагенных Р. утвараецца пры рабоце ядз. рэактараў, пераважна атамных электрастанцый. Уздзеянне прыродных і тэхнагенных Р. навакольнага асяроддзя на жывыя арганізмы вывучае радыяцыйная экалогія.

т. 13, с. 229

РАДЫЕПРАТЭ́КТАРЫ (ад радые... + лац. protector абаронца),

рэчывы, увядзенне якіх перад апрамяненнем у асяроддзе з біял. аб’ектамі, у арганізм жывёлы, чалавека зніжае шкоднае дзеянне іанізавальнага выпрамянення. Пераважна сінт. паходжання. Прызначаны для індывід. аховы арганізма ад знешняга апрамянення пры аварыях, у ваен. умовах, для аховы нармальных тканак пры прамянёвай тэрапіі злаякасных пухлін. Дзеянне Р. відаспецыфічнае, напр., некат. Р. ахоўваюць мікраарганізмы і клеткі ў культуры і не абараняюць млекакормячых.

Н.​А.​Арцёмава.

т. 13, с. 229

РАДЫЕРЭЗІСТЭ́НТНАСЦЬ [ад радые... + лац. resistens (resistentis) процідзейны],

устойлівасць біялагічных аб’ектаў да дзеяння іанізавальнага выпрамянення. Процілегласць радыеадчувальнасці.

т. 13, с. 229

РАДЫЕСЕНСІБІЛІЗА́ЦЫЯ (ад радые... + лац. sensibilis адчувальны),

узмацненне адчувальнасці клетак да дзеяння іанізавальнага выпрамянення. Адбываецца пры дапамозе фіз. і хім. агентаў — радыесенсібілізатараў, што ўжываюць да (або ў час) апрамянення ў колькасцях, якія не ўплываюць на жыццяздольнасць клетак. Выкарыстоўваецца ў эксперым. і клінічнай анкалогіі для ўзмацнення прамянёвага пашкоджання пухлін. Мае выбіральнасць дзеяння на пухлінныя клеткі, у выніку чаго павышаецца эфектыўнасць прамянёвай тэрапіі. Колькаснае выражэнне Р. — каэфіцыент, або фактар змены дозы.

Н.​А.​Арцёмава.

т. 13, с. 229