РАДЫЕНУКЛІ́ДЫ,
радыеактыўныя атамы (нукліды) хім. элементаў. Бываюць прыродныя і штучна атрыманыя (тэхнагенныя). Адрозніваюць паводле тыпу радыеактыўнага распаду (гл. Радыеактыўнасць). Большасць Р. з’яўляюцца крыніцамі рэнтгенаўскага ці гама-выпрамянення. У адпаведнасці з нормамі радыяцыйнай бяспекі паводле таксічнасці падзяляюцца на Р. асабліва небяспечныя для чалавека і Р. высокай, сярэдняй і малой радыетаксічнасці (гл. Радыеактыўнае рэчыва). Значная колькасць тэхнагенных Р. утвараецца пры рабоце ядз. рэактараў, пераважна атамных электрастанцый. Уздзеянне прыродных і тэхнагенных Р. навакольнага асяроддзя на жывыя арганізмы вывучае радыяцыйная экалогія.
т. 13, с. 229
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)