Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

КРОВАПАРАЗІ́ТЫ,

арганізмы, у якіх асобныя стадыі жыццёвага цыкла праходзяць у плазме або клетках крыві пазваночных жывёл і чалавека. Пашыраны пераважна ў краінах з гарачым і ўмераным кліматам. Да К. адносяцца: узбуджальнікі малярыі ў чалавека і жывёл (плазмодыі), у птушак (лейкацытазоан, гемапратэус, эгіптыянела); узбуджальнікі захворванняў свойскіх жывёл (піраплазмы, тэйлерыі, анаплазмы), паразіты лейкацытаў чалавека і многіх жывёл — таксаплазмы, гемагрэгарыны. Да паразітаў плазмы крыві адносяць узбуджальнікаў трыпанасамозаў, якія выклікаюць цяжкія хваробы ў чалавека (сонная хвароба, хвароба Шагаса), некаторых шматклетачных — шыстасомаў, або крывяных двухвуснавак — узбуджальнікаў шыстастаматозаў шыстасаматозаў (гельмінтозаў). У крыві паразітуюць таксама некаторыя гельмінты — нематоды і трэматоды. Гл. таксама Таксаплазмоз.

т. 8, с. 474

КРОВАПУСКА́ННЕ,

выдаленне пэўнай колькасці крыві (200—400 мл) з крывянога рэчышча ў лек. мэтах. Робяць пры цяжкіх гіпертанічных крызах (зніжае крывяны ціск), сардэчнай недастатковасці (зніжае прыток крыві да сэрца), ацёку лёгкіх, некат. хваробах крыві, урэміі, атручэннях, таксікозах цяжарнасці і інш. Робяць пракол ці разрэз вены (радзей артэрыі) або з дапамогай п’явак.

А.​У.​Чантурыя.

т. 8, с. 474

КРОВАСПАРАВІКІ́,

падатрад прасцейшых жывёл, гл. Гемаспарыдыі.

т. 8, с. 474

КРОВАСПЫНЯ́ЛЬНЫЯ СРО́ДКІ,

антыгемарагічныя, гемастатычныя сродкі, лекавыя, фармакалагічныя рэчывы, якія ўжываюцца для спынення крывацёкаў. Бываюць мясц. (непасрэдны кантакт з кроватачывай тканкай) і агульнага, рэзарбцыйнага (увядзенне ў арганізм унутрывенна, падскурна і інш.) дзеяння. Да К.с. мясцовага ўздзеяння належаць трамбін, гемастатычная губка і рэчывы, якія каагулююць бялкі (танін, танальбін, тромбапласцін, оксіцэладэкс і інш.), солі цяжкіх металаў у невял. колькасцях (жалеза хларыд, медзі сульфат, прэпараты вісмуту, серабра нітрат, цынку хларыд), часта ўжываюць калію перманганат, галын, перакіс вадароду, фармальдэгід, ёд і інш. Да К.с. агульнага ўздзеяння належаць вітамін K (вікасол), 10 %-ны раствор хларыду кальцыю, лек. сродкі, якія звужаюць перыферыйныя сасуды (адрэналін, глюкакортыкастэроіды, эфедрын, метазон і інш.). Кроваспыняльны эфект дае пераліванне крыві (або плазмы), эрытрацытнай і трамбацытарнай масы крыві. Пры крывацёках, звязаных з парушэннем пранікальнасці капіляраў, ужываюць аскарбінавую к-ту, руцін, жэлацін, дыцынон і інш. Як гемастатыкі выкарыстоўваюць эпсілонамінакапронавую к-ту, авамін, кантрыкал і інш. Пры дрэннай згусальнасці крыві ўжываюць фібрынаген, антыгемафільныя глабуліны, крыяпрэцыпітат і інш. У якасці К.с. карыстаюцца прэпаратамі з розных раслін: арнікі, вадзянога перцу, каліны, кары дубу, крапівы, крываўніку, купальніку горнага, ліста шалфею. Да К.с. належаць таксама матачныя сродкі для спынення матачных крывацёкаў.

Я.​П.​Іваноў.

т. 8, с. 474

КРОГ ((Krogh) Аўгуст) (15.11.1874, г. Грэна, Данія — 13.9.1949),

дацкі фізіёлаг. Чл. Дацкага каралеўскага т-ва навук (1937). Скончыў Капенгагенскі ун-т (1899) і працаваў у ім (1916—45, праф.). Навук. працы па фізіялогіі капілярнага кровазвароту. Адкрыў механізм рэгулявання прасвету капіляраў, газаабмену ў лёгкіх, выявіў анатама-фізіял. асаблівасці капілярнай сценкі, увёў у практыку метады мікратонаметрыі, дыферэнцыяльнай манаметрыі, вызначэння мінутнага аб’ёму крыві і інш. Нобелеўская прэмія 1920.

т. 8, с. 474

КРОГ ((Krohg) Крысціян) (13.8.1852, Осла — 16.10.1925),

нарвежскі жывапісец. Вучыўся ў Карлсруэ (1874—75) і Берліне (1875—79). Зазнаў уплывы А. фон Менцэля і франц. імпрэсіяністаў. Працаваў у Нарвегіі, Даніі, Францыі. У 1901—09 выкладаў у акадэміі Каларосі ў Парыжы. З 1909 праф. і дырэктар АМ у Осла. Аўтар партрэтаў і жанравых карцін, якія вызначаюцца глыбокім рэалізмам вобразаў і стрыманым каларытам: «Лева руля!» (1879), «Хворая дзяўчына» (1880—81), «Суровы вецер» (1882), «Партрэт дзяўчыны» (1886), «Барацьба за выжыванне» (1888—89), партрэт А.​Стрындберга (1898) і інш. Ствараў карціны-ілюстрацыі да ўласных літ. твораў («Альберціне ў паліцэйскім пастарунку», 1886—87, да рамана «Альберціне»).

В.​Я.​Буйвал.

К.Крог Суровы вецер. 1882.

т. 8, с. 474

КРО́ЕР ((Krøyer) Педэр Северын) (23.7.1851, г. Ставангер, Нарвегія —20 ці 21.11.1909),

дацкі жывапісец-рэаліст. Вучыўся ў АМ у Капенгагене (1864—70), працаваў у майстэрні Л.​Бана ў Парыжы. У творах імкнуўся перадаць рухі, святло-паветр. асяроддзе і яго ўздзеянне на форму прадметаў: «Чыстка сардзін у Канкарна ў Брэтані» (1879), «Вясковы капялюшнік у Італіі» (1880), «Рыбакі на беразе мора» (1883), «Пасяджэнне Акадэміі навук» (1897). Аўтар партрэтаў Розенёрн-Лен (1891), Х.​Драхмана (1902) і інш.

т. 8, с. 475

КРОЗ (Дора Захараўна) (12.11.1909, г. Сянно Віцебскай вобл. — 8.12.1997),

бел. спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана). Скончыла Бел. студыю оперы і балета (1933), Бел. кансерваторыю (1937, клас В.​Несцярэнка). У 1933—49 салістка Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Валодала голасам прыгожага серабрыстага тэмбру, тонкім муз. густам. Сярод лепшых партый: Марфачка («Алеся» Я.​Цікоцкага), Марфа («Царская нявеста» М.​Рымскага-Корсакава), Мікаэла («Кармэн» Ж.​Бізэ), Джыльда, Віялета («Рыгалета», «Травіята» Дж.​Вердзі). З інш. партый: Караліна («У пушчах Палесся» А.​Багатырова), Русалка («Кветка шчасця» А.​Туранкова), Разіна («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні), Алімпія («Казкі Гофмана» Ж.​Афенбаха).

Б.​С.​Смольскі.

т. 8, с. 475

КРОЙФ, Круіф (Crujiff) Іохан (н. 25.4.1947, Амстэрдам), галандскі спартсмен (футбол). Сярэбраны прызёр чэмпіянату свету (1974), бронз. прызёр чэмпіянату Еўропы (1976). Уладальнік Кубка чэмпіёнаў (1971—73), Суперкубка і Міжкантынентальнага кубка (1972), Кубка «Залаты мяч» (1971, 1973—74). Чэмпіён Нідэрландаў (1966—68, 1970, 1972—73, 1982—84) і ўладальнік Кубка Нідэрландаў (1967, 1970—72, 1983—84). Чэмпіён (1974) і ўладальнік Кубка Іспаніі (1978).

т. 8, с. 475

КРО́КУС,

кветкавая расліна, тое, што шафран.

т. 8, с. 475