Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

РАБІ́НАВАЯ НОЧ,

у беларусаў назва навальнічнай ночы, якая абавязкова чакаецца ў канцы лета (у спасаўку, паміж Іллёй ці Барысам і вялікай Прачыстай або паміж вялікай і малой Прачыстамі). Наз. таксама арабінавая ноч, вераб’іная ноч. На працягу ўсёй Р.н. неба скаланаюць грымоты, бліскаюць маланкі, лье праліўны дождж, дзьме моцны вецер, узнікаюць віхуры. Згодна з нар. павер’ем, у гэту ноч з пекла на свет выходзілі ўсе злыя сілы, якія нібыта спраўлялі сваё гал. гадавое свята. Паводле адных меркаванняў, у Р.н. розная нечысць страшыла хрышчоных людзей, паводле другіх — наадварот, усе стыхіі прыроды ядналіся, каб знішчыць нячыстую сілу. Кожны забіты ці пакалечаны ў гэту ноч перуном лічыўся нядобрым чараўніком. Р.н. нібыта патрэбна для спялення ягад рабіны, калі ж ягады не спелі — чакалі благога заканчэння лета і халоднай восені.

У.​А.​Васілевіч.

т. 13, с. 184

РАБІ́НІЯ (Robinia),

род кветкавых раслін сям. бабовых. Каля 20 відаў. Пашыраны ў Паўн. і Цэнтр. Амерыцы. Завезены ў Еўропу ў пач. 17 ст. На Беларусі інтрадукавана 4 віды Р.: псеўдаакацыя, або белая акацыя (R. pseudacacia), клейкая (R. viscosa), новамексіканская (R. neomexicana), пышная (R. luxurians). Культывуюцца ў садах і парках.

Лістападныя, часта калючыя, дрэвы або кусты. Лісце непарнаперыстаскладанае, аснова чаранка ўтварае покрыва, якое ахоўвае пазушныя пупышкі. Кветкі белыя, ружовыя, чырв. ў гронках. Плод — лінейна падоўжаны боб. Драўніна ў Р. псеўдаакацыі шчыльная, трывалая з цёмна-жоўтым ядром і светлай абалонай; ідзе на выраб мэблі, добра паліруецца. Адна з лепшых меданосаў. Выкарыстоўваецца для замацавання пяскоў, малаплодных і засоленых глеб, схілаў яроў і інш. Дэкар. расліны.

І.​М.​Гарановіч.

Рабінія псеўдаакацыя.

т. 13, с. 184

РАБІ́ННІК, дрозд-рабіннік (Turdus pilaris),

птушка роду драздоў сям. драздовых атр. вераб’інападобных. Пашыраны ў Еўропе і Азіі. Жыве на ўзлесках, у рэдкалессі, па далінах рэк, у парках, садах. Селіцца на дрэвах парамі і калоніямі. На Беларусі пралётны, пералётны і часткова зімуючы від.

Даўж. да 29 см, маса да 103 г. Корміцца насякомымі, інш. дробнымі беспазваночнымі, восенню і зімой ягадамі. Адкладвае да 7 яец, двойчы за год.

Рабіннік.

т. 13, с. 184

РАБІ́ННІК (Sorbaria),

род кветкавых раслін сям. ружавых. 10 відаў. Пашыраны ў Азіі. На Беларусі інтрадукаваны 2 віды Р.: рабіналісты (S. sorbifolia) і сумахалісты (S. rhoifolia). Культывуюцца ў садах і парках.

Лістападныя кусты выш. ад 40 см да 6 м. Кветкі дробныя, белыя або ружовыя ў буйных канцавых мяцёлках. Плод — шматлістоўка. Выкарыстоўваюцца для замацавання берагоў і адхонаў. Дэкар. і меданосныя расліны.

І.​М.​Гарановіч.

Рабіннік рабіналісты.

т. 13, с. 185

РАБІНО́ВІЧ (Вольга Ільінічна) (н. 10.5.1960, г. Небіт-Даг, Туркменістан),

бел. спартсменка (гімнастыка маст.). Майстар спорту міжнар. класа (1976). Скончыла Бел. ін-т фіз. культуры (1981). З 1978 інструктар Спорткамітэта Беларусі. Чэмпіёнка свету (1977, г. Базель, Швейцарыя), сярэбраны прызёр чэмпіянату Еўропы (1978, Мадрыд), чэмпіёнка СССР (1976, 1977, 1979) у групавым практыкаванні.

т. 13, с. 185

РАБІНО́ВІЧ (Ісак Майсеевіч) (23.1.1886, г. Магілёў — 28.4.1977),

расійскі вучоны ў галіне буд. механікі. Чл.-кар. АН СССР (1946). Правадз. чл. Акадэміі буд-ва і архітэктуры СССР (1956). Ген.-маёр-інжынер (1943). Засл. дзеяч навукі і тэхнікі Расіі (1944). Герой Сац. Працы (1966). Скончыў Маскоўскае вышэйшае тэхн. вучылішча (1918). З 1932 праф. Ваенна-інж. акадэміі, з 1933 — Маскоўскага інж.-буд. ін-та. Навук. працы па дынаміцы збудаванняў, вывучэнні ўздзеяння дынамічных нагрузак на пралёты мастоў і інш. інж. збудаванні, па гісторыі буд. механікі.

Тв.:

Расчет сооружений на импульсивные воздействия. М., 1970 (у сааўт.);

Вопросы теории статического расчета сооружений с односторонними связями. М., 1975.

т. 13, с. 185

РАБІНО́ВІЧ (Міхаіл Уладзіміравіч) (7.10.1901, г. Брэст — 27.12.1977),

генерал-маёр танк. войск (1942). Скончыў курсы «Выстрал» (1928), бранятанк. курсы (1931). У Чырв. Арміі з 1919. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Карэльскім, Паўн.-Зах., 2-м Бел. франтах: камандуючы бранятанк. і механізаванымі войскамі арміі, фронту. З 1944 у цэнтр. апараце Наркамата абароны СССР, у 1946—54 у войсках.

т. 13, с. 185

РАБКЕ́ВІЧ (Валянцін Іванавіч) (15.2.1937, в. Аксаміты Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 6.2.1995),

бел. паэт, перакладчык, мовазнавец. Канд. філал. н. (1973). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1959). Настаўнічаў у Віцебскай і Мінскай абласцях. З 1967 у выд-ве «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя», з 1974 — «Мастацкая літаратура». Дэбютаваў вершамі ў 1957. Аўтар зб. вершаў «Ад зімы да зімы» (1982). На бел. мову пераклаў зб. М.​Чарамшыны «Апавяданні» (1982), раманы Л.​Метсара «Мары не паміраюць» (1983), А.​Кобы «Жанчына ў пяску», «Чужы твар» (абодва 1986), К.​Маккалаў «Птушкі на цернях» (з С.​Дорскім), М.​Марцінсан «Мама выходзіць замуж» (абодва 1988), аповесць М.​Гогаля «Тарас Бульба», яго камедыю «Рэвізор», паэму «Мёртвыя душы» (усе 1990), паасобныя вершы Г.​Ахматавай, С.​Ясеніна, М.​Рыльскага, апавяданні Я.​Гуцалы, М.​Зошчанкі, Г.​Цюцюнніка і інш. Выступаў з арт. па пытаннях л-ры і культуры мовы. Збіраў фальклор (зб. «Паслухай, што людзі кажуць: Беларускія народныя прыказкі, прымаўкі, прыкметы, жарты», 1985).

І.​У.​Саламевіч.

т. 13, с. 185

РАБКО́ВЫЯ, рабкі (Pterocletidae, або Pteroclidae),

сямейства (падатрад) птушак атр. голубападобных. Вядомы з алігацэну (каля 30 млн. г. назад). 2 роды: саджы (Syrrhaptes) з 2 відамі і рабкі (Pterocles) з 14 відамі. Пашыраны ў Паўд. Еўропе, Азіі, Афрыцы, у стэпах, саваннах, паўпустынях і пустынях. Пераважна аселыя птушкі. Трымаюцца чародкамі, гняздуюцца на зямлі. На Беларусі адзначаны выпадкова залётны від саджа, або капытка (S. paradoxus).

Даўж. да 45 см, маса да 550 г. Афарбоўка пясчаная, вохрыстая, жаўтаватая. Крылы доўгія, вострыя. Дзюба без васковіцы. Ногі кароткія, апераны да пальцаў; у саджы апераны і пальцы. Задні палец малы або адсутнічае. Кормяцца насеннем, зялёнымі ч. раслін, насякомымі. Адкладваюць да 4 яец. Аб’ект спарт. палявання.

Э.​Р.​Самусенка.

Рабковыя: 1 — саджа; 2 — рабок белабрухі (а — самец, б — самка).

т. 13, с. 185

РАБКО́Р, рабочы карэспандэнт,

рабочы ці інш. работнік прамысл. прадпрыемства або арганізацыі, які добраахвотна, на грамадскіх пачатках, дасылае карэспандэнцыі ў газеты, на радыё, тэлебачанне пра свой працоўны калектыў, падзеі ў жыцці горада, пасёлка.

т. 13, с. 185