РАБКО́ВЫЯ, рабкі (Pterocletidae, або Pteroclidae),

сямейства (падатрад) птушак атр. голубападобных. Вядомы з алігацэну (каля 30 млн. г. назад). 2 роды: саджы (Syrrhaptes) з 2 відамі і рабкі (Pterocles) з 14 відамі. Пашыраны ў Паўд. Еўропе, Азіі, Афрыцы, у стэпах, саваннах, паўпустынях і пустынях. Пераважна аселыя птушкі. Трымаюцца чародкамі, гняздуюцца на зямлі. На Беларусі адзначаны выпадкова залётны від саджа, або капытка (S. paradoxus).

Даўж. да 45 см, маса да 550 г. Афарбоўка пясчаная, вохрыстая, жаўтаватая. Крылы доўгія, вострыя. Дзюба без васковіцы. Ногі кароткія, апераны да пальцаў; у саджы апераны і пальцы. Задні палец малы або адсутнічае. Кормяцца насеннем, зялёнымі ч. раслін, насякомымі. Адкладваюць да 4 яец. Аб’ект спарт. палявання.

Э.​Р.​Самусенка.

Рабковыя: 1 — саджа; 2 — рабок белабрухі (а — самец, б — самка).

т. 13, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)