Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

КО́ВЕНСКАЯ ГУБЕ́РНЯ.

Існавала 1843—1919 на тэр. Літвы і Беларусі Цэнтр — г. Коўна (Каўнас). Утворана 1.7.1843 паводле ўказа «Аб пераўтварэнні паўночна-заходніх губерняў» ад 18.12.1842. Да 1912 уваходзіла ў Віленскае генерал-губернатарства. Складалася з 7 паветаў, якія раней уваходзілі ў Віленскую губ.: Вількамірскі, Ковенскі, Новааляксандраўскі (Браслаўскі), Панявежскі, Расіенскі, Цяльшэўскі, Шавельскі. Пл. 35 712 кв. вёрст. Паводле перапісу 1897 нас. 1544,6 тыс. чал., з іх 66% літоўцы, 9% палякі, 4,7% рускія, 2,3% латышы, 2% беларусы. Асн. маса беларусаў жыла ў Новааляксандраўскім пав., дзе яна складала 16,8%. У 1919 асн. частка К.г. адышла да Літвы, а ўсх. з г. Браслаў і Відзы акупіравана Польшчай і ў 1922—39 уваходзіла ў Віленскае ваяводства.

У.​Г.​Філякоў.

т. 8, с. 372

«КО́ВЕНСКІ ЗБО́РНІК»,

рукапісны літаратурны зборнік 1-й трэці 18 ст. Складзены ў Ковенскім езуіцкім калегіуме. Апісаны А.​Брукнерам і Я.​Карскім (рукапіс загінуў у 1944 у Варшаве). Зборнік уключаў «аргумент» (пераказ гіст. падзей, пакладзеных у аснову твора), масленічную драму пра жыццё і смерць рым. імператара Нерона (паст. 1731), бел. інтэрмедыі «Селянін, вучань», «Селянін і вучань-уцякач», «Літаратар, селянін, Самахвальскі», «Гульня Фартуны» і інш. Інтэрмедыі адметныя завершанасцю жанравай формы, іх гал. герой — бел. селянін, кемлівы, вынаходлівы, здольны ашукаць (перахітрыць) паноў, шляхціцаў, «мудрых» вучоных, студэнтаў і нават чорта. Герой надзелены жывой, набліжанай да гутарковай, мовай.

Літ.:

Мальдзіс А. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980. С. 192—199.

А.​В.​Мальдзіс.

т. 8, с. 372

КО́ВЕНТРЫ (Coventry),

горад у цэнтр. ч. Вялікабрытаніі. Каля 320 тыс. ж. (1994). Трансп. вузел. Прам-сць: аўта-, авія-, рухавіка- і станкабудаванне, эл.-тэхн., радыёэлектронная, каляровая металургія (вытв-сць алюмінію і бронзы), хім. (штучны шоўк). Ун-т. Тэхн. каледж. Руіны гатычнага сабора (14 ст.; разбураны ў час 2-й сусв. вайны, захоўваюцца як сведчанне фаш. варварства), побач новы сабор (20 ст.). Пасля разбурэнняў у 2-ю сусв. вайну К. адбудаваны нанава.

Сфарміраваўся вакол заснаванага ў 1043 кляштара бенедыкцінцаў. У 1153 атрымаў гар. правы. У 13—17 ст. цэнтр гандлю і вытв-сці воўны. З пач. 20 ст. развіваецца вытв-сць аўтамабіляў, электраапаратуры, авіяматораў, самалётаў, штучных тканін. У 2-ю сусв. вайну бамбардзіроўкамі герм. авіяцыі знішчаны гіст. цэнтр К. з арх. помнікамі 14—15 ст.

т. 8, с. 373

«КО́ВЕНТ-ГА́РДЭН»

(«Covent Garden»),

оперны тэатр у Лондане. Засн. ў 1732 тэатр. дзеячам і акцёрам Дж.​Рычам як драматычны. З 1847 оперны, з 1890-х г. «Каралеўскі оперны т-р «Ковент-Гардэн», з 1949 дзяржаўны. У 18—1-й пал. 19 ст. ў т-ры працавалі некалькі самаст. труп; ставіліся драм., оперныя і балетныя спектаклі, цыркавыя праграмы. Сучасны рэпертуар складаюць творы англ. кампазітараў і сусв. класіка. З канца 19 ст. спектаклі ідуць на мове арыгінала. У іх удзельнічаюць буйнейшыя спевакі свету. У розны час спектаклямі т-ра дырыжыравалі Р.​Вагнер, Ф.​Вейнгартнер, О.​Клемперэр, А.​Коўтс, Г.​Малер, Ф.​Мотль, Г.​Рыхтэр, Б.​Хайтынк, А.​Мелік-Пашаеў, Г.​Раждзественскі, Я.​Святланаў і інш. Сярод муз. кіраўнікоў т-ра Т.​Бічэм, К.​Ранкль, Р.​Кубелік, К.​Дэйвіс, Г.​Шолці і інш. З 1946 на сцэне «К.-Г.» выступае Каралеўскі балет Вялікабрытаніі.

Будынак тэатра «Ковент-Гардэн». 1810.

т. 8, с. 373

КО́ВЕРЗНІ, каверзні,

у беларусаў лыкавыя лапці з закрытымі насамі.

т. 8, с. 373

Кові Рычард

т. 18, кн. 1, с. 408

КО́ГАН (Аляксандр Рыгоравіч) (н. 12.3.1929, г. Прылукі Чарнігаўскай вобл., Украіна),

бел. вучоны ў галіне тэхналогіі тэкст. матэрыялаў. Д-р тэхн. н. (1984), праф. (1985). Скончыў Маскоўскую тэкст. акадэмію (1954). З 1968 у Віцебскім тэхнал. ун-це. Навук. працы па тэхналогіі прадзення камбінаваных і тэкстураваных хім. нітак. Распрацаваў тэарэт. палажэнні атрымання высокарасцяжных нітак, прагназіравання і мадэлявання ўласцівасцей новых нітак з улікам іх структурных асаблівасцей.

Тв.:

Производство комбинированной пряжи и нити. М., 1981;

Производство комбинированных нитей аэродинамическим способом. М., 1988 (у сааўт.).

т. 8, с. 373

КО́ГАН (Леанід Барысавіч) (14.11.1924, г. Днепрапятроўск, Украіна — 17.12.1982),

расійскі скрыпач, педагог. Нар. арт. СССР (1966). Ганаровы акад. Нац. акадэміі «Санта-Чэчылія» (1982). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1948, клас А.​Ямпольскага), з 1952 выкладаў у ёй (з 1963 праф.). З 1944 саліст Маскоўскай філармоніі. Выступаў як саліст і ансамбліст. Рэпертуар уключаў скрыпічную музыку розных стыляў, эпох і народаў, ад манум. твораў, што вымагаюць глыбіні інтэрпрэтатарскай канцэпцыі і шырыні муз. мыслення, да мініяцюр, заснаваных на філіграннай апрацоўцы дэталей. Яго выкананне вылучалася рамант. узнёсласцю, эмацыянальнай насычанасцю, моцным тэмпераментам. 1-я прэмія на Міжнар. конкурсе скрыпачоў імя каралевы Лізаветы (Брусель, 1951). Ленінская прэмія 1965.

Літ.:

Григорьев В. Л.​Коган. М., 1975;

Л.​Коган: Воспоминания. Письма. Статьи. Интервью. М., 1987.

Л.Б.Коган.

т. 8, с. 373

КО́ГАЎТ ((Kohout) Павел) (н. 20.7.1928, Прага),

чэшскі пісьменнік, драматург. Працаваў культ. аташэ ў Маскве (1949—50), гал. рэдактарам гумарыстычнага час. «Dikobraz» («Дзікабраз»), Удзельнік дысідэнцкага руху 1960—70-х г. З 1979 у Аўстрыі. Друкуецца з 1950. Аўтар зб-каў паліт. і лірычных вершаў «Вершы і песні» (1952), «Час кахання і барацьбы» (1954). Крытычны пафас характэрны для п’есы «Такое каханне» (1957; паст. Гродзенскім абл. драм. т-рам і Бел. т-рам імя Я.​Коласа ў 1958, Магілёўскім абл. драм. т-рам у 1962), сатыр. рамана «Катыня» (1978), аўтабіягр. раманаў «З дзённіка контррэвалюцыянера» (1969), «Дзе закапаны сабака» (1987); маральная праблематыка ў п’есах «Добрая песня» (1952), «Жнівень, жнівень, жнівень» (1968). Аўтар п’ес «Марыя ў змаганні з анёламі» (1981), «Ecce Constantia» (паст. 1990), рамана «Канец вялікіх канікул» (1990), сатыр. апавяданняў, артыкулаў пра л-ру і т-р. На бел. мову паасобныя вершы К. пераклаў М.​Калачынскі. Дзярж. прэмія Аўстрыі 1977.

Тв.:

Рус. пер. — Хорошая песня. М., 1957;

[Вершы] // Антология чешской поэзии. М., 1959. Т. 3.

І.​В.​Шаблоўская.

т. 8, с. 373

КО́ГАЎТАКА КАМЕ́ТА,

камета, адкрытая чэшскім астраномам Л.​Когаўтакам на здымках неба ў 1973. Візуальна назіралася ў канцы 1973 — пач. 1974 (бляск у перыгеліі дасягнуў -3 візуальнай зорнай велічыні). Мела 3 хвасты, у т. л. 1 анамальны, накіраваны да Сонца. У К.к. выяўлены спектральныя лініі вады, зарэгістравана радыёвыпрамяненне малекул метылцыяну, цыяністага вадароду і этылавага спірту. К.к. рухаецца па гіпербалічнай арбіце і пакіне Сонечную сістэму.

т. 8, с. 373