«КО́ВЕНТ-ГА́РДЭН»

(«Covent Garden»),

оперны тэатр у Лондане. Засн. ў 1732 тэатр. дзеячам і акцёрам Дж.​Рычам як драматычны. З 1847 оперны, з 1890-х г. «Каралеўскі оперны т-р «Ковент-Гардэн», з 1949 дзяржаўны. У 18—1-й пал. 19 ст. ў т-ры працавалі некалькі самаст. труп; ставіліся драм., оперныя і балетныя спектаклі, цыркавыя праграмы. Сучасны рэпертуар складаюць творы англ. кампазітараў і сусв. класіка. З канца 19 ст. спектаклі ідуць на мове арыгінала. У іх удзельнічаюць буйнейшыя спевакі свету. У розны час спектаклямі т-ра дырыжыравалі Р.​Вагнер, Ф.​Вейнгартнер, О.​Клемперэр, А.​Коўтс, Г.​Малер, Ф.​Мотль, Г.​Рыхтэр, Б.​Хайтынк, А.​Мелік-Пашаеў, Г.​Раждзественскі, Я.​Святланаў і інш. Сярод муз. кіраўнікоў т-ра Т.​Бічэм, К.​Ранкль, Р.​Кубелік, К.​Дэйвіс, Г.​Шолці і інш. З 1946 на сцэне «К.-Г.» выступае Каралеўскі балет Вялікабрытаніі.

Будынак тэатра «Ковент-Гардэн». 1810.

т. 8, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)