Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КІКЛО́ПЫ, цыклопы,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі аднавокія волаты, сыны Урана і Геі. Былі скінуты бацькам у тартар (бездань), але вызвалены Зеўсам, для якога вырабілі маланкі-стрэлы, што дапамаглі яму адолець тытанаў. Лічыліся памагатымі Гефеста ў яго кузні, будаўнікамі магутных «кіклапічных» пабудоў у Мікенах і Тырынфе. Паводле «Адысеі», К. — дзікае племя, што жыве ў пячорах на аддаленым востраве і не прызнае ўлады багоў.

т. 8, с. 257

КІКО́ІН (Ісак Канстанцінавіч) (28.3.1908, г. Жагарэ, Літва — 28.12.1984),

савецкі фізік. Акад. АН СССР (1953, чл.-кар. 1943). Герой Сац. Працы (1951, 1978). Скончыў Ленінградскі політэхн. ін-т (1930). З 1943 у Ін-це атамнай энергіі імя Курчатава АН СССР. Навук. працы па атамнай фізіцы і тэхніцы, фізіцы цвёрдага цела. Даследаваў эл. і магн. ўласцівасці металаў і паўправаднікоў, адкрыў (разам з М.​М.​Насковым) фотамагн. эфект у паўправадніках (эфект К.—Наскова). Распрацаваў метады вымярэння эл. велічынь пры вял. (да 10 А) пастаянных токах. Аўтар падручнікаў для школ і ВНУ Ленінская прэмія 1959, Дзярж. прэміі СССР 1942, 1951, 1953, 1959, 1967, 1980.

І.К.Кікоін.

т. 8, с. 257

КІЛА́,

хвароба каранёў раслін сям. крыжакветных, якая выклікаецца грыбам Plasmodiophora brassicae. Найчасцей пашкоджвае капусту, а таксама бручку, радыску, рэпу, рэдзьку, гарчыцу, турнэпс, некат. віды пустазелля. Найб. пашырана на кіслых глебах.

Споры грыба пранікаюць у тканкі кораня, выклікаюць узмоцненае дзяленне клетак, у выніку ўтвараюцца вял. патаўшчэнні, нарасці, уздуцці. У іх пранікаюць інш. мікраарганізмы, нарасці загніваюць і разбураюцца. Споры грыба трапляюць у глебу, якая з’яўляецца асн. крыніцай заражэння (споры К. захоўваюцца 5—6 гадоў). Расліны заражаюцца на працягу ўсяго перыяду вегетацыі. Меры барацьбы: выкарыстанне ўстойлівых сартоў, дэзінфекцыя парнікоў і расаднікаў, вапнаванне глебы, выбракоўка заражанай расады, правільная агратэхніка, знішчэнне крыжакветнага пустазелля і інш.

У.​П.​Пярэднеў.

Кіла капусты.

т. 8, с. 257

КІЛАГРА́М (франц. kilo ад грэч. chilioi тысяча + грам),

адзінка масы, адна з асн. адзінак Міжнароднай сістэмы адзінак (СІ). Абазначаецца кг.

К. роўны масе міжнар. прататыпа, які захоўваецца ў Міжнар. бюро мер і вагаў (у Сеўры каля Парыжа). Прататып К. — цыліндрычная гіра дыяметрам і вышынёй 39 мм, зробленая ў 1799 з плацінаірыдыевага сплаву Адносная хібнасць параўнання эталонаў-копій з гэтым прататыпам не перавышае 2∙10​−9. З 40 зробленых копій 2 (№ 12 і 26) былі перададзены Расіі. Эталон № 12 быў прыняты ў СССР за дзярж. першасны эталон адзінкі масы (зберагаецца ў Санкт-Пецярбургу).

т. 8, с. 257

КІЛАМЕ́ТР,

кратная адзінка ад метра — адзінкі даўжыні Міжнароднай сістэмы адзінак (СІ). Абазначаецца км. 1 км = 1000 м = 0,93738 рус. вярсты = 0,62137 англ. устаўной мілі = 0,53996 марской мілі.

т. 8, с. 257

КІЛАЎЭ́А (Kilauea),

бесперапынна дзеючы вулкан на в-ве Гаваі, у Ціхім ак. Тэр. ЗША (штат Гаваі). Выш. 1247 м. Шчытападобны конус з вял. кальдэрай (дыям. 4,5 км, глыб. больш за 230 м), у якой возера, перакрытае слоем лавы. Апошняе значнае вывяржэнне адбылося ў 1983—85. К. ўваходзіць у склад Гавайскага вулканічнага нац. парку, уключанага ЮНЕСКА у Спіс сусв. спадчыны. Вулканалагічная станцыя.

т. 8, с. 257

Кілбас Анатоль Аляксандравіч

т. 18, кн. 1, с. 406

Кілбі Джэк Сент-Клер

т. 18, кн. 1, с. 406

КІ́ЛЕР (англ. killer),

наёмны забойца. Тэрмін у заканадаўстве не выкарыстоўваецца, аднак шырока ўжываецца ў юрыд. публіцыстыцы.

т. 8, с. 257

КІЛІ́ ((Killy) Жан Клод) (н. 30.8.1943, г. Сен-Клу, Францыя),

французскі спартсмен (гарналыжны спорт). Чэмпіён X зімовых Алімп. гульняў (1968, г. Грэнобль, Францыя) у альпійскім трохбор’і: скарасным спуску, слаламе і слаламе-гіганце. Лепшы спартсмен X зімовых Алімп. гульняў. Чэмпіён свету ў трохбор’і (1966, 1968), у скарасным спуску (1966). Уладальнік Кубка свету (1967—68). З 1968 прафесіянал (чэмпіён свету, 1973). Узначальваў Арганізац. Камітэт XVI зімовых Алімп. гульняў (1992, г. Альбервіль, Францыя).

т. 8, с. 257