Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

КЕНІЯ́ТА, Кеньята (Kenyatta) Джома (10.10.1891, Ічаверы, каля г. Найробі, Кенія — 22.8.1978), дзяржаўны і паліт. дзеяч Кеніі. Паходзіў з племя кікую. У 1928—31 ген. сакратар Цэнтр. асацыяцыі кікую (адна з першых паліт. арг-цый кенійцаў). У 1931—46 вучыўся і працаваў у СССР і Вялікабрытаніі. З 1947 старшыня партыі Саюз афрыканцаў Кеніі. У 1952—59 зняволены брыт. ўладамі па абвінавачанні ў прыналежнасці да рэліг.-паліт. руху «Мау-мау», потым у ссылцы. У 1960 завочна абраны прэзідэнтам партыі Нац. саюз афрыканцаў Кеніі. У 1963—64 прэм’ер-міністр, у 1964—78 прэзідэнт і кіраўнік урада Кеніі. Распрацаваў (разам з Т.​Мбоя) і рэалізаваў канцэпцыю т.зв. дэмакр. сацыялізму, вынікам чаго стаў выбар капіталіст. шляху развіцця ў Кеніі.

В.​У.​Адзярыха.

т. 8, с. 231

КЕНТ ((Kent) Рокуэл) (21.6.1882, г. Тарытаўн, ЗША — 13.3.1971),

амерыканскі мастак, пісьменнік, прадстаўнік амер. рэалізму. Ганаровы чл. АМ СССР (1962). Скончыў Калумбійскі ун-т, вучыўся жывапісу ў У.​М.​Чэйза і Р.​Хенры (1909). Шмат вандраваў па Пн ЗША і інш. краін. Уражанні ад паўн. прыроды і побыту жыхароў адлюстроўваў у маст. і літ. творах. Рабіў антыфаш. плакаты і карыкатуры. Ілюстраваў уласныя кнігі, амер., зах.-еўрап., рус. аўтараў. Сярод жывапісных твораў: «Працаўнікі мора», «Зіма» (абодва 1907), «Вяртанне паляўнічага. Паўночная Грэнландыя» (1933), «Лістапад у Паўночнай Грэнландыі», «Поўнач» (1935—37), «Рака Осейбл. Зіма» (1960) і інш. Аўтар кніг, напісаных на аснове сваіх падарожжаў: «У дзікім краі» (1920), «Курс N by Е» (1930), «Саламіна» (1935), «Пра людзей і горы» (1959), «Грэнландскі дзённік» (1962), а таксама аўтабіягр. «Гэта маё ўласнае» (1940), «Гэта я, Божа!» (1955).

Р.Кент. Лістапад у Паўночнай Грэнландыі.

т. 8, с. 231

КЕНТА́ЎР,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі дзікая істота, паўчалавек-паўконь (ніжняя ч. цела з 4 нагамі як у каня, грудзі, галава і рукі як у чалавека). Паводле міфаў, амаль усе К. народжаны ад цара племені лапіфаў (у Фесаліі на ПнУ у Грэцыі) Іксіёна і хмары, што па волі Зеўса набыла аблічча Геры. Буйныя, нястрымныя істоты, акрамя Фола і Хірона (выхавацеля Ахіла, Ясона і інш. герояў), якія ўвасабляюць мудрасць і памяркоўнасць. Сцэны з т.зв. кентаўрамахіі (бітвы лапіфаў з кентаўрамі) і інш. міфалагічных падзей, звязаных з К., адлюстраваны ў скульпт. выявах храма Зеўса ў Алімпіі, Гефестэёна і Парфенона ў Афінах (5 ст. да н.э.), насценным жывапісе ў Пампеях, у скульптуры (Мікеланджэла, А.​Радэн) і жывапісе (П.​П.​Рубенс, Ф.​Салімена, А.​Бёклін, Л.​Карынт і інш.).

Палада і кентаўр. Мастак С.​Батычэлі. 1480-я г.

т. 8, с. 231

КЕНТУ́КІ (Kentucky),

штат на Пд ЗША. Пл. 104,6 тыс. км². Нас. 3883,7 тыс. чал. (1996), у т. л. каля 70% гарадскога. Адм. ц. — г. Франкфарт. Большую ч. тэрыторыі займае вапняковае плато Камберленд (выш. 200—450 м), расчлянёнае глыбокімі далінамі рэк Камберленд, Грын-Рывер і Кентукі. Характэрны карставыя формы рэльефу. На З і ПнЗ раўніна ўздоўж р. Агайо. Клімат умераны вільготны. Сярэднія месячныя т-ры паветра каля 1 °C у студз., каля 24 °C у ліп., ападкаў 1000—1250 мм за год. Захаваліся невял. ўчасткі шыракалістых лясоў. К. — індустр.-агр. штат. Развіты хім. (сінт. каўчук, валокны, пластмасы і інш.), электратэхн. (быт. электрапрылады) прам-сць, агульнае машынабудаванне. Горад Падзьюка — адзін з цэнтраў атамнай прам-сці. Важнае значэнне маюць харч. (у т. л. вінаробства і вытв-сць віскі) і тытунёвая прам-сць. Здабыча каменнага вугалю (каля 100 млн. т штогод), нафты, буд. каменю, плавікавага шпату і інш. У сельскай гаспадарцы кошт прадукцыі раслінаводства і жывёлагадоўлі прыкладна роўныя. Гал. культура — тытунь. Сеюць таксама кукурузу, кармавыя травы, сою, пшаніцу. Садоўніцтва. Мяса-малочная і мясная жывёлагадоўля. Транспарт аўтамабільны і чыгуначны. Суднаходства на р. Агайо. Гал. прамысл. цэнтры — гарады Луісвіл і Лексінгтан.

т. 8, с. 232

КЕ́НТЭРБЕРЫ (Canterbury),

горад на ПдУ Вялікабрытаніі, на У ад Лондана, у графстве Кент. Узнік у 1 ст. н.э. на месцы кельцкага паселішча, якое змяніў рым. лагер. У 6—8 ст. сталіца англа-саксонскага каралеўства Кент. 131 тыс. ж. (1991). Чыг. станцыя, вузел аўтадарог. Невялікія прадпрыемствы гарбарнай, харч., электратэхн., паліграф. прам-сці. Ун-т. У К. самая стараж. ў краіне епіскапская кафедра і абацтва (засн. ў 597). Архіепіскап Кентэрберыйскі — кіраўнік англіканскай царквы. У К. Каралеўскі музей (маст. галерэя, старажытнасці Кента). Кентэрберыйскі сабор (1070—1503), абацтва св. Аўгусціна і царква св. Марціна занесены ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

т. 8, с. 232

КЕ́НЬКА (Міхаіл Паўлавіч) (н. 8.2.1947, в. Верацеі Пастаўскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. літ.-знавец, перакладчык. Канд. філал. н. (1983). Скончыў Магілёўскі пед. ін-т (1969). Працаваў журналістам, настаўнікам. З 1976 у Ін-це л-ры імя Я.​Купалы АН Беларусі, з 1983 нам. гал. рэдактара выд-ва «Юнацтва», з 1988 выкладчык БДУ. Друкуецца з 1974. Даследуе сучасную бел. прозу і паэзію, тэорыю і практыку маст. перакладу (кн. «Майстэрства Аркадзя Куляшова-перакладчыка», 1983), творчасць бел. пісьменнікаў. Пераклаў з польскай кн. «Крыжакі» Г.​Сянкевіча, апавяданні С.​Градзенскай, з чэшскай — кн. «Клапзубава каманда» Э.​Баса, апавяданні І.​Кліма і інш.

Тв.:

Міхась Лынькоў Летапіс жыцця і творчасці. Мн., 1987.

т. 8, с. 232

КЕНЭ́ ((Quesnay) Франсуа) (4.6.1694, г. Мер, Францыя — 16.12.1774),

французскі вучоны-эканаміст, заснавальнік школы фізіякратаў. Д-р медыцыны (1744). Прыдворны ўрач Людовіка XV. К. і яго школа абверглі асн. тэзіс меркантылізму аб узнікненні прыбытку з абарачэння і выводзілі прырост багацця з працэсу вытв-сці. У працы К. «Эканамічная табліца» (1758) упершыню зроблена спроба правесці аналіз грамадскага ўзнаўлення з пазіцыі вызначаных балансавых прапорцый паміж натуральнымі (рэчавамі) і вартаснымі зменамі грамадскага прадукту.

Тв.:

Рус. пер. — Избр. экономические произведения. М., 1960.

Ф.Кенэ.

т. 8, с. 232

КЕ́НЭДЗІ ((Kennedy) Джон Фіцджэралд) (29.5.1917, г. Бруклайн, ЗША — 22.11.1963),

палітычны і дзярж. дзеяч ЗША. Брат Р.Ф.Кенэдзі. Скончыў Гарвардскі ун-т (1940). Удзельнік 2-й сусв. вайны, афіцэр флоту. Пасля вайны журналіст. У 1947—53 чл. палаты прадстаўнікоў кангрэса ЗША, у 1953—61 сенатар ад штата Масачусетс. У 1961—63 прэзідэнт ЗША ад Дэмакр. партыі. Намагаўся ажыццявіць праграму сац.-эканам. рэформ, у т. л. абмежаваць расавую дыскрымінацыю неграў у ЗША, імкнуўся вырашыць складаныя міжнар. праблемы праз перагаворы (напр., Карыбскі крызіс 1962). Аўтар кніг «Нацыя імігрантаў» (1959), «Рысы мужнасці» (1962) і інш. Забіты ў г. Далас у час паездкі па краіне напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 1964. Паводле афіц. версіі спец. камісіі на чале з старшынёй Вярх. суда ЗША Э.​Уорэнам (вер. 1964), прызначанай прэзідэнтам ЗША Л.​Джонсанам, К. забіў амерыканец Л.​Х.​Освальд (некаторы час жыў у Мінску), які нібыта дзейнічаў адзін.

Літ.:

Громыко А. Даллаская трагедия // Покушение или убийство по политическим мотивам. Мн., 1993.

Дж.Кенэдзі.

т. 8, с. 232

КЕ́НЭДЗІ ((Kennedy) Роберт Фрэнсіс) (20.11.1925, г. Бруклайн, ЗША — 6.6.1968),

дзяржаўны і паліт. дзеяч ЗША. Брат Дж.Ф.Кенэдзі. Па адукацыі юрыст. У 1953—60 юрыд. саветнік сенацкіх камісій, у т. л. ў 1953—54 пастаяннага падкамітэта па расследаваннях на чале з Дж.Р.Макарці. У 1961—64 міністр юстыцыі (ген. пракурор), падтрымліваў рух за грамадз. правы негрыцянскага насельніцтва, спрыяў прыняццю ў 1964 закона аб грамадз. правах. У 1964—68 сенатар ад штата Нью-Йорк. У 1968 абвясціў пра намер дамагацца вылучэння сваёй кандыдатуры на пасаду прэзідэнта ЗША ад Дэмакр. партыі. Забіты ў час перадвыбарчай кампаніі.

т. 8, с. 232

КЕ́ПЕН (Уладзімір Пятровіч) (8.10.1846, С.-Пецярбург — 22.6.1940),

метэаролаг і кліматолаг. Вучыўся ў Пецярбургскім ун-це. У 1872—75 у Гал. фіз. абсерваторыі, у 1875 пераехаў у Германію, потым у Аўстрыю. Навук. працы па кліматалогіі, агульнай, сінаптычнай і марской метэаралогіі. Вывучаў кліматычныя ўмовы розных раёнаў Зямлі, паўтаральнасць і рух цыклонаў і антыцыклонаў, уплыў сонечнай актыўнасці на надвор’е і клімат, кліматы мінулага і інш. Стварыў класіфікацыю кліматаў Зямлі.

Тв.:

Рус. пер. — Климатоведение: Общее учение о климате. СПб., 1912;

Основы климатологии: (Климаты земного шара). М., 1938.

т. 8, с. 232