КЕ́НЭДЗІ ((Kennedy) Джон Фіцджэралд) (29.5.1917, г. Бруклайн, ЗША — 22.11.1963),
палітычны і дзярж. дзеяч ЗША. Брат Р.Ф.Кенэдзі. Скончыў Гарвардскі ун-т (1940). Удзельнік 2-й сусв. вайны, афіцэр флоту. Пасля вайны журналіст. У 1947—53 чл. палаты прадстаўнікоў кангрэса ЗША, у 1953—61 сенатар ад штата Масачусетс. У 1961—63 прэзідэнт ЗША ад Дэмакр. партыі. Намагаўся ажыццявіць праграму сац.-эканам. рэформ, у т. л. абмежаваць расавую дыскрымінацыю неграў у ЗША, імкнуўся вырашыць складаныя міжнар. праблемы праз перагаворы (напр., Карыбскі крызіс 1962). Аўтар кніг «Нацыя імігрантаў» (1959), «Рысы мужнасці» (1962) і інш. Забіты ў г. Далас у час паездкі па краіне напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 1964. Паводле афіц. версіі спец. камісіі на чале з старшынёй Вярх. суда ЗША Э.Уорэнам (вер. 1964), прызначанай прэзідэнтам ЗША Л.Джонсанам, К. забіў амерыканец Л.Х.Освальд (некаторы час жыў у Мінску), які нібыта дзейнічаў адзін.
Літ.:
Громыко А. Даллаская трагедия // Покушение или убийство по политическим мотивам. Мн., 1993.