Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КАСЦЯНЕ́ВІЦКІ БОЙ 1944.

Адбыўся паміж партыз. брыгадай імя В.​Т.​Варанянскага (камандзір В.​В.​Сямёнаў) і ням.-фаш. захопнікамі ў в. Касцяневічы Куранецкага р-на Вілейскай вобл. 31.1.1944 у Вял. Айч. вайну. Гарнізон у в. Касцяневічы (каля 140 гітлераўцаў, узброеных 2 мінамётамі, 10 кулямётамі, аўтаматамі) ахоўваў шашу Мінск—Даўгінава і падыходы да чыгункі Маладзечна—Полацк. 30.1.1944 партыз. атрады ў цяжкіх умовах бездарожжа зрабілі 37-кіламетровы марш з месца дыслакацыі да в. Касцяневічы. У выніку раптоўнасці налёту праціўнік не здолеў аказаць сур’ёзнага супраціўлення і гарнізон быў захоплены, знішчана шмат гітлераўцаў, захоплена зброя, боепрыпасы, абмундзіраванне і запасы харчавання.

т. 8, с. 166

КАСЦЯНЕ́ВІЦКІ КАСЦЁЛ МА́ЦІ БО́ЖАЙ,

помнік архітэктуры позняга барока. Пабудаваны ў сярэдзіне 18 ст. ў в. Касцяневічы Вілейскага р-на Мінскай вобл. Прамавугольны ў плане аб’ём накрыты высокім двухсхільным дахам з вальмай над алтарнай часткай. Сцены апрацаваны плоскімі пілястрамі. Гал. фасад завершаны атыкавым франтонам складанай формы з паўцыркульным аконным праёмам. Франтон упрыгожаны валютамі, пілястрамі, шматслаёвым карнізам. Да ўсх. крыла далучана прыбудова з атыкавым барочным франтонам над уваходам. Падлога касцёла выкладзена каляровай мазаікай. Алтар аздоблены 6 паўкруглымі калонамі з іанічнымі капітэлямі.

А.​Ю.​Пятросава.

Касцяневіцкі касцёл Маці Божай.

т. 8, с. 166

КАСЦЯНЕ́ВІЧЫ,

вёска ў Вілейскім р-не Мінскай вобл., на аўтадарозе Вілейка—Докшыцы. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 24 км на ПнУ ад г. Вілейка, 95 км ад Мінска, 10 км ад чыг. раз’езда Стражы. 237 ж., 109 двароў (1998). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. У Вял. Айч. вайну ў К. адбыўся Касцяневіцкі бой 1944. Помнік архітэктуры — Касцяневіцкі касцёл Маці Божай (18 ст.).

т. 8, с. 166

КАСЦЯНЕ́Ц (Asplenium),

род папарацей сям. аспленіевых. Каля 700 відаў. Пашыраны па ўсіх кантынентах. Растуць на вапнавых скалах.

Шматгадовыя травяністыя, наземныя, наскальныя ці эпіфітныя расліны выш, да 15 см з кароткім верт. ці паўзучым карэнішчам. У тропіках — буйныя, з перыстым ці суцэльным лісцем даўж. да 2 м, тоўстым карэнішчам і масай зблытаных каранёў, утвараюць падабенства гнёздаў на ствалах і галінах дрэў (гнездавыя эпіфіты). Сорусы лінейныя, уздоўж бакавых жылак ніжняй паверхні ліста, пакрыты плеўкай індузія. Многія віды ўтвараюць на лісці вывадкавыя пупышкі для вегетатыўнага размнажэння. Дэкар. расліны.

Касцянец воласападобны.

т. 8, с. 166

КАСЦЯНЁЎКА,

рака ў Шчучынскім р-не Гродзенскай вобл., правы прыток р. Лебяда (бас. р. Нёман). Даўж. 21 км. Пл. вадазбору 98 км². Пачынаецца каля в. Калечыцы. Рэчышча каналізаванае на працягу 7 км да вусця. На рацэ створана сажалка.

т. 8, с. 166

КАСЦЯНЁЎСКІ КА́МАВЫ ЎЗГО́РАК,

геалагічны помнік прыроды на Беларусі (з 1994). На паўд. ускраіне в. Касцянёва Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. Купалападобны ўзгорак выш. 5—8 м, даўж. 100 м, шыр. 70 м. Форма авальная, паверхня нахілена на Пд і абкружана кальцавым валам выш. да 2 м. Узнік каля 150 тыс. г. назад пры раставанні дняпроўскага ледавіка. У 10—12 ст. тут існаваў стараж. горад.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 8, с. 166

КАСЦЯНІ́ЦЫ (Rubus saxatilis),

кветкавыя расліны сям. ружавых. Пашыраны ва ўмеранай зоне Еўразіі, на Беларусі — усюды. Трапляюцца ў лясах, зарасніках хмызняку, на лугавых схілах.

Шматгадовыя травяністыя расліны выш. да 30 см з прамастойнымі кветаноснымі сцёбламі, укрытымі шыпамі і валаскамі. Ад карэнішча адыходзяць аднагадовыя неквітучыя паўзучыя парасткі (вусы), якія сцелюцца і ўкараняюцца. Лісце чаргаванае, доўгачаранковае, трайчастае, двойчынадрэзанае. Кветкі белыя з 5 вузкімі пялёсткамі ў шчыткападобных суквеццях. Плод — шматкасцянка з ярка-чырв. сакаўных кіслых плодзікаў. Харч. і лек. расліны.

Касцяніцы камяністыя.

т. 8, с. 166

КАСЦЯ́НКА,

сакавіты плод раслін з рэзкай дыферэнцыяцыяй слаёў каляплодніка. Мае ў сабе тонкі скурысты пазаплоднік, сакавіты міжплоднік і адраўнелы ўнутрыплоднік (эндакарпій), які ўтварае костачку, дзе знаходзіцца семя. Аднакасцянка ў вішні, слівы, міндаля, шматкасцянка ў малін, ажын, крушыны (іх плод складаецца з многіх дробных К., якія знаходзяцца на агульным кветаложы). Вядомы сухія К. са скурыстым (міндаль, грэцкі арэх) ці валакністым (какосавая пальма) міжплоднікам.

т. 8, с. 167

КАСЦЯ́НКІ (Lithobiomorpha),

атрад губаногіх мнаганожак. Каля 800 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя пустынь. Жывуць пад камянямі, карой пнёў, у парахні, у вільготных мясцінах. На Беларусі найчасцей трапляецца К. звычайная, або мнаганожка-каменялаз (Lithobius forficatus).

Даўж. да 50 мм. Знешне падобныя да скалапендравых. Цела пляскатае, зверху рыжаватае або карычневае. Тулава сегментаванае, укрытае цвёрдым хіцінавым покрывам (адсюль назва). Ног 15 пар. Кормяцца дробнымі насякомымі. Раздзельнаполыя, адкладваюць адзінкавыя яйцы. Здабычу забіваюць ядам залоз, што знаходзяцца ў нагасківіцах.

т. 8, с. 167

КАСЫ́ГІН (Аляксей Мікалаевіч) (21.2.1904, С.-Пецярбург — 18.12.1980),

савецкі парт. і дзярж. дзеяч. Двойчы Герой Сац. Працы (1964, 1974). Чл. КПСС (з 1927), яе ЦК (з 1939) і Палітбюро (Прэзідыума) ЦК (1948—52, 1960—80). Скончыў Ленінградскі тэкст. ін-т (1935). У 1939—40 нарком тэкст. прам-сці; у 1940—53, 1953—56, 1957—60 нам. старшыні СНК (СМ) СССР, адначасова ў Вял. Айч. вайну ў 1941—42 нам. старшыні Савета па эвакуацыі, у 1942 упаўнаважаны Дзярж. к-та абароны ў Ленінградзе; у 1943—46 старшыня СНК РСФСР; у 1948 міністр фінансаў, у 1949—53 лёгкай, у 1953 лёгкай і харч. прам-сці, у 1953—54 тавараў нар. спажывання СССР. У 1956—57 1-ы нам. старшыні Дзяржэканамкамісіі, з 1957 1-ы нам. старшыні, у 1959—60 старшыня Дзяржплана СССР. З 1960 1-ы нам. старшыні, у 1964—80 старшыня СМ СССР. Адзін з ініцыятараў эканам. рэформы 1965 у СССР (увядзенне гасп. разліку і інш.). У 1970-я г. садзейнічаў працэсу разрадкі міжнар. напружанасці (падпісанне Маскоўскага дагавора з ФРГ, 1970; скліканне Нарады па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, 1973).

Тв.:

К великой цели: Избр. речи и статьи. Т. 1-2. М., 1979.

Касцянка звычайная.

т. 8, с. 167