Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КАРША́К (Васіль Уладзіміравіч) (9.1.1909, с. Высокае Чарнігаўскай вобл., Украіна — 14.6.1988),

савецкі хімік. Акад. АН СССР (1976, чл.-кар. 1953). Скончыў Маскоўскі хіміка-тэхнал. ін-т (1931), дзе і працаваў, адначасова ў 1938—54 у Ін-це арган. хіміі, з 1954 у Ін-це элементаарган. злучэнняў АН СССР. Навук. працы па хіміі палімераў. Устанавіў асн. заканамернасці працэсу полікандэнсацыі. Адкрыў нераўнаважную полікандэнсацыю і інш. рэакцыі сінтэзу палімераў. Даказаў уплыў прасторавых фактараў на полімерызацыю ненасычаных злучэнняў. Сінтэзаваў валокнаўтваральныя поліаміды (1940, разам з С.​Р.​Рафікавым), карбін (1961), шэраг тэрмаўстойлівых палімераў: поліпіразолаў, полібензімідазолаў, поліімідаў і інш. Ленінская прэмія 1986. Дзярж. прэміі СССР 1949, 1951.

Літ.:

В.​В.​Коршак. М., 1982.

В.У.Каршак.

т. 8, с. 112

КАРШАКЕ́ВІЧ (Аляксандр Уладзіміравіч) (н. 6.4.1959, Мінск),

бел. спартсмен (гандбол). Майстар спорту СССР міжнароднага класа (1980). Засл. майстар спорту (1982). Чэмпіён XXIV (1988, Сеул) і сярэбраны прызёр XXII (1980, Масква) Алімп. гульняў. Чэмпіён свету сярод юніёраў (1979), сярод дарослых (1982), сярэбраны прызёр чэмпіянату свету (1990). Уладальнік Кубка еўрап. чэмпіёнаў (1987—89), Кубка кубкаў (1983, 1985), Суперкубка (1989). Чэмпіён СССР (1981, 1983—84, 1987—89). З 1996 старшы трэнер маладзёжных зборных каманд Беларусі.

т. 8, с. 112

КАРШАЧО́К,

птушка, гл. Сокал-каршачок.

т. 8, с. 112

КАРШУКО́Ў (Яўген Іванавіч) (н. 1.1.1932, в. Давыдавічы Калінкавіцкага р-на Гомельскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1956). З 1959 працаваў у раённых газетах Гомельшчыны, на Гомельскай студыі тэлебачання. З 1971 у газ. «Літаратура і мастацтва», час. «Вожык», у 1980—89 гал. рэдактар выд-ва «Юнацтва», з 1989 у апараце СП Беларусі. Друкуецца з 1955. Аўтар зб-каў гумарэсак і апавяданняў «У дарогу» (1963), «Не без таго...» (1967), «Сустрэча» (1969), «Бывай, кампанія!» (1977), «Перад Новым годам» (1980), «Пісьмо жонцы», «І надыходзіць дзень» (абодва 1982), «Надвячоркам» (1992), кн. для дзяцей «Змоўшчыкі» (1975), «Пасланне нашчадкам» (1987) і інш. Перакладае з славацкай мовы (зб-кі апавяд. «Апошні вераснёвы дзень», 1982, «Соль зямлі», 1992; раман Р.​Морыца «Выбух», 1984).

т. 8, с. 112

КАРШУНЫ́ (Milvus),

род драпежных птушак сям. ястрабіных. 2 віды: К. чорны (M. korchun; пашыраны ў Еўразіі, Афрыцы, Паўн. Аўстраліі) і К. чырвоны (M. milvus; у Зах. Еўропе, Паўн. Афрыцы, Пярэдняй Азіі). Пералётныя птушкі. Жывуць у лясах, стэпах і паўпустынях, паблізу вадаёмаў. На Беларусі гняздуюць абодва віды. К. чырвоны занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.

Даўж. да 70 см, маса да 1400 г. Крылы доўгія і шырокія, хвост доўгі, з выемкай. Апярэнне бурае ў К. чорнага або чырв.-бурае ў К. чырвонага. Гнёзды на дрэвах, скалах, абрывах. Нясуць 2—4 яйцы. Здабычу выглядаюць, лунаючы ў паветры. Кормяцца дробнымі грызунамі, паўзунамі, земнаводнымі, мярцвячынай, часам дробнымі птушкамі і рыбай.

Каршуны: 1 — чырвоны, 2 — чорны.

т. 8, с. 112

КАРШЫ́НСКІ СТЭП,

хвалістая раўніна ва Узбекістане. Паніжаецца ад 500 м да 200 м з У на З ад перадгор’яў Зераўшанскага і Гісарскага хрыбтоў да пяскоў Сундуклі. Арашаецца р. Кашкадар’я і Каршынскім магістральным каналам. Характэрна палынова-салянкавая расліннасць. Пасевы збожжавых і бавоўніку. Ва ўсх. ч. раўніны — г. Каршы.

т. 8, с. 112

КА́РЫ, лесавозы,

сані для перавозкі лесу і буд. матэрыялаў. Рабілі з масіўных, часцей натуральна выгнутых палазоў, якія трывала злучалі паміж сабой па капылах дубовымі вязамі, брускамі ці патоўшчанымі на канцах калодкамі. Спосаб укладкі бярвён залежаў ад даўжыні, канструкцыі К., мясц. тыпаў запрэжкі. Былі пашыраны да сярэдзіны 20 ст. Выйшлі з ужытку.

В.​С.​Цітоў.

т. 8, с. 112

КА́РЫ,

старажытны горад на ПнЗ Месапатаміі (цяпер г. Харан, Турцыя), паблізу якога 9.5.53 да н.э. адбылася бітва паміж рым. войскам М.​Краса (больш за 40 тыс. чал.) і парфянскім войскам пад камандаваннем Сурэны. Перавага парфян у конніцы прывяла да разгрому рым. авангарда і адступлення рымлян у К. 10 мая Крас забіты ў час перагавораў, а рэшткі рым. арміі (12—14 тыс. чал.) адступілі за р. Еўфрат.

Кары.

т. 8, с. 112

КАРЫ́БА (Kariba),

Элізабет, вадасховішча ў Замбіі і Зімбабве, на р. Замбезі. Пл. 4450 км², аб’ём 160,3 км³, даўж. 300 км. Створана ў 1958—63 з мэтай энергетыкі (ГЭС Карыба), ірыгацыі, суднаходства і барацьбы з паводкамі.

т. 8, с. 112

КАРЫ́БСКАЕ МО́РА (Caribbean Sea),

Караібскае мора, паўзамкнёнае мора Атлантычнага ак., паміж Цэнтр. і Паўд. Амерыкай і Вялікімі і Малымі Антыльскімі а-вамі. Абмывае берагі дзяржаў: Мексіка, Беліз. Гватэмала, Гандурас, Нікарагуа, Коста-Рыка, Панама, Калумбія, Венесуэла, Трынідад і Табага, Куба, Гаіці, Дамініканская Рэспубліка, Ямайка, Дамініка, Сент-Вінсент і Грэнадзіны, Сент-Кітс і Невіс, Грэнада, а таксама ўладанні ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі і Нідэрландаў.

На ПнЗ злучана Юкатанскім прал. з Мексіканскім зал., на ПнУ і У — пралівамі паміж Антыльскімі а-вамі з Атлантычным ак., на ПдЗ — штучным Панамскім каналам з Ціхім ак. Пл. 2777 тыс. км². Найб. глыб. 7090 м. Берагі месцамі гарыстыя, на асобных участках нізінныя; на З і каля Антыльскіх а-воў акаймаваны каралавымі рыфамі. Берагавая лінія моцна парэзаная; на З і Пд залівы Гандураскі, Дар’енскі, Венесуэльскі. Найб. астравы: Куба, Гаіці, Ямайка, Пуэрта-Рыка. Клімат трапічны, знаходзіцца пад уплывам пасатнай цыркуляцыі. Т-ра вады зімой 25 °C, летам 28 °C. Салёнасць каля 36‰. Прылівы няправільныя, паўсутачныя (да 1 м). Водзяцца акулы, лятучыя рыбы, марскія чарапахі і інш., трапляюцца кашалоты і гарбатыя кіты, на в-ве Ямайка — цюлені і ламанціны. Праз К.м. і Панамскі канал праходзіць найб. кароткі марскі шлях з Атлантычнага ў Ціхі ак. Гал. парты: Маракайба, Ла-Гуайра (Венесуэла), Картахена (Калумбія), Лімон (Коста-Рыка), Калон (Панама), Санта-Дамінга (Дамініканская Рэспубліка), Сант’яга-дэ-Куба (Куба).

т. 8, с. 112