Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Карняйчук Мікалай Паўлавіч

т. 18, кн. 1, с. 402

КАРО́ ((Corot) Каміль) (16.7.1796, Парыж — 22.2.1875),

французскі жывапісец; адзін з заснавальнікаў рэаліст. школы ў франц. пейзажным жывапісе. Вучыўся ў А.​Мішалона і В.​Бертэна (1822—24). Працаваў з натуры. У творах 1820—40-х г. па-майстэрску паказаў прыгажосць франц. і італьян. прыроды і арх. помнікаў («Шартрскі сабор», 1830). Класіцыстычная тэндэнцыя адчуваецца ў гіст. пейзажах («Гамер і пастухі», 1845, і інш.). З 1850-х г. творчасць К. набыла паэтычны характар; жывапісная манера стала больш лёгкай і трапяткой, каларыт узбагаціўся тонкімі валёрнымі гармоніямі ў серабрыстых тонах, што набліжае К. да імпрэсіяністаў («Вечар», канец 1850-х г.; «Сажалка ў гушчары», «Званіца ў Аржантэйлі», «Парыў ветру», 1860-я г.; «Краявід з возерам», паміж 1860—73; і інш.). Пісаў партрэты, працаваў у графіцы.

В.​Я.​Буйвал.

К.Каро. Шартрскі сабор. 1830.

т. 8, с. 86

КАРО́БАЧКА,

сухі шматнасенны плод раслін, утвораны некалькімі пладалісцікамі і здольны да раскрыцця. Уласціва многім відам (напр., мак, трыпутнік, цюльпан, бавоўнік і інш.). Бывае двух- ці шматгнездавая (паслёнавыя, залознікавыя, лілейныя), аднагнездавая з пасценнымі (фіялкавыя, званочкавыя) ці з цэнтр. (гваздзіковыя) насенняносцамі. К. называюць таксама частку спарагонія імхоў, дзе знаходзяцца споры.

т. 8, с. 87

«КАРО́БАЧКА»,

гарадскі бытавы танец. Муз. памер ​2/4. Тэмп умерана хуткі. Выконваецца пад мелодыю рус. нар. песні «Карабейнікі». Выканаўцы, узяўшыся рукамі накрыж, прыстаўным крокам рухаюцца па крузе, потым кожны выконвае некалькі вальсавых паваротаў.

Працягваючы рух, танцоры робяць прыстаўныя крокі ў бакі і павароты пад рукой. У канцы фігуры хлопец і дзяўчына робяць до-за-до. Рухі паўтараюцца некалькі разоў запар у тым жа парадку. Другая фігура выконваецца як полька або вальс. Танец мае невял. рэгіянальныя адрозненні. З канца 19 ст. пашыраны па ўсёй Беларусі.

т. 8, с. 87

КАРО́БКА,

1) у беларусаў традыц. прылада для зімовай лоўлі рыбы. Пасудзіна з конусападобна ўвагнутым дном з адтулінай (горлам) пасярэдзіне. Выраблялі з драніцы, лубу, выпляталі з дубцоў; часта выкарыстоўвалі старыя рашоты, дно якіх замянялі мешкавінай, горла падтрымлівалася вяровачкамі, прымацаванымі да верхняга краю рашот. Устанаўлівалі ў палонках, якія разам з К. закрывалі галінкамі, каб вада не замярзала. Рыба, якая імкнулася да свежай вады, заплывала ў К. Пашырана на Палессі.

2) Ёмістасць для ручной сяўбы; тое, што сявенька.

3) Ёмістасць для захоўвання і пераноскі зерня, круп і інш. сыпучых рэчываў.

І.​М.​Браім.

Каробка.

т. 8, с. 87

КАРО́БКА ПЕРАДА́Ч, каробка скарасцей,

механізм, з дапамогай якога рэгулююць частату вярчэння выхаднога вала ў сілавых перадачах трансп. машын, станкоў і інш. Размяшчаецца ў асобным корпусе (каробцы) ці ў агульным з інш. механізмамі. Бывае бесступеньчатая (варыятар), ступеньчатая (мае зубчастыя перадачы) і камбінаваная. Канструкцыя залежыць ад прызначэння К.п., спосабу пераключэння перадач і тэхн. характарыстык машыны ці станка. К.п., прызначаная для змены падачы (перамяшчэння інструменту адносна апрацаванай загатоўкі) у металарэзных, дрэваапрацоўчых і каменярэзных станках, наз. каробкай падач.

В.​А.​Сяргеенка.

Схема трохступеньчатай каробкі перадач: 1 — вядучы вал; 2 — вядучая шасцярня пастаяннага зачаплення; 3 — кулачковая муфта; 4 — шасцярня 2-й перадачы; 5 — шасцярня 1-й перадачы і задняга ходу; 6 — выхадны вал; 7 — прамежкавая шасцярня задняга ходу; 8, 9, 10 — вядучыя шасцерні задняга ходу, 1-й і 2-й перадач; 11 — прамежкавы вал; 12 — выхадная шасцярня пастаяннага зачаплення.

т. 8, с. 87

КАРО́БКІН (Уладзімір Андрэевіч) (н. 2.11.1940, г. Орша Віцебскай вобл.),

бел. канструктар і вучоны ў галіне машынабудавання. Канд. тэхн. н. (1986). Скончыў БПІ (1964). З 1964 на Мінскім трактарным з-дзе (МТЗ), з 1981 нач. і гал. канструктар асобнага КБ ВА «МТЗ», адначасова з 1994 у БПА. Навук. працы па праектаванні і канструяванні базавых шасі транспартных машын. Пад яго кіраўніцтвам створаны і запушчаны ў серыйную вытворчасць гусенічныя шасі для машын спец. прызначэння, а таксама лясныя, шахтавыя, камунальныя і дарожна-буд. машыны на базе колавых трактароў. Ленінская прэмія 1986.

М.​П.​Савік.

т. 8, с. 87

КАРО́БКІНА (Святлана Тарасаўна) (н. 28.3.1938, в. Сеніца Мінскага р-на),

бел. паэтэса. Друкуецца з 1968. У паэт. зб-ках «Колер дабра» (1978), «Арабескі восені зялёнай» (1990), «Вячорніца» (1995) любоў да свайго краю, роднай мовы. Для яе твораў характэрны лірызм, рамантычнасць.

В.​У.​Смольская.

т. 8, с. 87

КАРО́БУШКІНА (Таццяна Мікалаеўна) (н. 20.7.1934, в. Кубышка Нялідаўскага р-на Цвярской вобл., Расія),

бел. археолаг. Канд. гіст. н. (1977). Скончыла БДУ (1958). З 1958 у Ін-це гісторыі Нац. АН Беларусі. Даследуе земляробства на Беларусі ў перыяд ранняга феадалізму, гісторыю насельніцтва 10—13 ст. тэр. Бел. Пабужжа. Асн. працы: «Земляробства на тэрыторыі Беларусі ў X—XIII стст.» (1979), «Археалогія Беларусі: Бібліягр. паказ. (1932—1975)» (1988), «Курганы Беларускага Пабужжа, X—XIII стст.» (1993). Адзін з аўтараў «Гісторыі Мінска» (1967), «Нарысаў па археалогіі Беларусі» (ч. 2, 1972), «Беларускай археалогіі» (1987).

т. 8, с. 87

КАРО́ВІН (Канстанцін Аляксеевіч) (5.12.1861, Масква — 11.9.1939),

рускі жывапісец. Прадстаўнік рус. імпрэсіянізму. Брат С.А.Каровіна. Скончыў Маскоўскае вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства (1886), вучыўся ў А.​Саўрасава і В.​Паленава, у Пецярбургскай АМ (1882). Выкладаў у Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1901—18) і Дзярж. вольных маст. майстэрнях (1918—19). Член аб’яднанняў «Мир искусства» і Саюз рус. мастакоў. Творы вылучаюцца свежасцю пленэрнага выканання, пастознасцю фарбавай масы, яркасцю каларыту і святлонасычанасцю, аптымістычнасцю светаўспрымання: «Паўночная ідылія» (1886), «Каля балкона» (1888—89), «Зімой» (1894), «Парыжская кавярня» (1899—1900), партрэты Т.​С.​Любатовіч (1886—87), Ф.​І.​Шаляпіна (1911) і інш. Як тэатр. мастак стварыў арыгінальны, сінтэтычны маст. вобраз муз. спектакляў («Садко», «Залаты пеўнік» М.​Рымскага-Корсакава, «Канёк-гарбунок» Ц.​Пуні і інш.). З 1923 працаваў у Францыі.

В.​Я.​Буйвал.

К.Каровін. Каля балкона. Іспанкі Леанора і Ампара. 1886.

т. 8, с. 88