Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КАРНА́Ч (Сцяпан Андрэевіч) (10.11.1918, в. Клінок Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл. — 6.2.1991),

Герой Сав. Саюза (1944). Ген.-м. авіяцыі (1957). Скончыў Мінскі аэраклуб (1938), Адэскую ваен. авіяц. школу лётчыкаў (1940), Вышэйшыя лётна-тактычныя курсы (1949), Ваен. акадэмію Генштаба (1958). У Чырв. Арміі з 1938. У Вял. Айч. вайну з 22.6.1941 на Паўд., Крымскім, Закаўказскім, Варонежскім, Сцяпным, 2-м і 1-м Укр. франтах: камандзір звяна, эскадрыллі, штурман палка, нам. камандзіра, камандзір знішчальнага авіяпалка. Удзельнік абароны Севастопаля, баёў у Крыме, на Каўказе, Белгарадска-Харкаўскай аперацыі, баёў на Украіне, у Польшчы, Германіі, Чэхаславакіі, штурму Берліна. Зрабіў 346 баявых вылетаў, удзельнічаў у 84 паветр. баях, збіў 16 варожых самалётаў. Да 1973 у Сав. Арміі.

С.А.Карнач.

т. 8, с. 80

КАРНАЧО́НАК (Мікалай Аляксандравіч) (1922, в. Баркі 1-я Шклоўскага р-на Магілёўскай вобл. — 22.9.1942),

Герой Сав. Саюза (1942). Скончыў аэраклуб у Оршы і Адэскую ваен. авіяц. школу лётчыкаў (1941). У Чырв. Арміі з 1940. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Паўд.-Зах. і Сталінградскім франтах. Камандзір звяна знішчальнага авіяпалка лейтэнант К. зрабіў 349 баявых вылетаў, збіў 10 варожых самалётаў. Загінуў у баі. На тэр. Аршанскага мясакансервавага камбіната, дзе ён працаваў да вайны, К. пастаўлены бюст.

М.А.Карначонак.

т. 8, с. 81

КАРНЕ́ГІ ((Carnegie) Дэйл) (1888, г. Мэрывіл, ЗША — 1955),

амерыканскі псіхолаг, спецыяліст у галіне міжасобасных адносін. Скончыў Пед. каледж ва Уорэнсбергу (1907), вучыўся ў Амер. акадэміі тэатр. мастацтва (Нью-Йорк). З 1912 выступаў з лекцыямі аб гарманічным жыцці, узаемаадносінах паміж людзьмі, уменні даходліва выказваць свае думкі; атрымаў вял. папулярнасць. Стварыў комплексную сістэму навучання дарослых, якая ўключала практыку публічных выступленняў, мастацтва пераканання, вырашэння праблем і прыкладную псіхалогію. Аўтар кніг, напісаных у жанры рэкамендацый і павучанняў.

Тв.:

Рус. пер. — Как завоевывать друзей и оказывать влияние на людей. М., 1989;

Как перестать беспокоиться и начать жить. М., 1990.

т. 8, с. 81

КАРНЕ́ЕВА (Ніна Аляксееўна) (н. 23.7.1920, г. Рцішчава Саратаўскай вобл., Расія),

бел. актрыса. Нар. арт. Беларусі (1990). Скончыла тэатр. студыю Маск. камернага т-ра (1946). Працавала ў т-рах Тулы, Масквы, Алматы. З 1957 у Гомельскім абл. драм. т-ры. Выканаўца вострахарактарных, камед. роляў. Творчасць вызначаецца глыбокім раскрыццём унутр. свету гераінь, імкненнем да яркай сцэн. формы. Сярод роляў: Жыгоцкая («Вайна пад стрэхамі» паводле А.​Адамовіча), княгіня Вольга [«Гора і слава» («Русь Кіеўская») А.​Петрашкевіча], Мігачова («Не было ні гроша, ды раптам шастак» А.​Астроўскага), Акуліна Іванаўна («Мяшчане» М.​Горкага), Мар’я («Любоў Яравая» К.​Транёва), Жанна («Чаму ўсміхаліся зоркі» К.​Карнейчука), Заначаалава («Кафедра» В.​Урублеўскай), Нуйкіна («Мы, што ніжэй падпісаліся» А.​Гельмана) і інш.

Н.А.Карнеева.
Н.Карнеева ў ролі Жанны.

т. 8, с. 81

КАРНЕ́ЕНКА (Уладзімір Якаўлевіч) (15.7.1924, в. Губіншчына Крычаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 10.5.1996),

поўны кавалер ордэна Славы. У Вял. Айч. вайну на фронце з 1943. Камандзір кулямётнага разліку ст. сяржант К. 28.2.1944 каля в. Янава Быхаўскага р-на знішчыў кулямёт і каля 20 гітлераўцаў, паранены, працягваў бой; у ліп. 1944 у баі на тэр. Смалявіцкага р-на прабраўся з разлікам у тыл праціўніка, агнём пасеяў паніку, што дапамагло сав. падраздзяленням прарваць варожыя пазіцыі; у студз. 1945 на тэр. Польшчы ўдзельнічаў у адбіцці 5 варожых контратак. У 1945—79 на сав. рабоце на Магілёўшчыне.

т. 8, с. 81

КАРНЕ́ЕЎ (Захар Рыгоравіч) (1747—9.3.1828),

дзяржаўны дзеяч Расіі. У 1768—82 служыў у казацкім войску, потым дырэктар эканоміі Курскай губ., віцэ-губернатар Арлоўскай губ. З 8.1.1797 да 1806 мінскі губернатар. Курыраваў стварэнне Атласа і Тапаграфічнага апісання Мінскай губ., выказваўся супраць прымусовага пераводу уніятаў у праваслаўе. З 1808 сенатар, з 1810 чл. Дзяржсавета, з 1814 віцэ-прэзідэнт Пецярбургскага біблейскага т-ва. У 1817—22 папячыцель Харкаўскага ун-та. Аўтар шэрагу багаслоўскіх павучанняў.

Я.​К.​Анішчанка.

т. 8, с. 81

КАРНЕ́ЛІУС ((Cornelius) Петэр фон) (23.9.1783, г. Дзюсельдорф, Германія — 6.3.1867),

нямецкі жывапісец, прадстаўнік рамантызму. Вучыўся ў АМ у Дзюсельдорфе (у 1795—1809). У 1811—19 уваходзіў у групоўку назарэйцаў у Рыме. З 1821 дырэктар дзюсельдорфскай, з 1825 — мюнхенскай, з 1841 — берлінскай АМ. Пісаў у лінейна-графічнай манеры напоўненыя патэтыкай фрэскі, у якіх адлюстроўваў тэмы ант. і сярэдневяковай гісторыі, біблейскія сцэны, алегарычныя выявы (фрэскі ў доме Бартольдзі ў Рыме, 1816—18; у гліптатэцы, 1820—30, і ў царкве св. Людвіга, 1829—40, у Мюнхене і інш.). Зрабіў ілюстрацыі да «Фаўста» І.​В.​Гётэ (1816) і інш.

Я.​Ф.​Шунейка.

т. 8, с. 81

КАРНЕ́ЛЬ ((Corneille) П’ер) (6.6.1606, г. Руан, Францыя — 1.10.1684),

французскі драматург, найбуйнейшы прадстаўнік класіцызму. Чл. Франц. акадэміі (з 1647). Літ. дзейнасць пачаў з вершаў (зб. «Паэтычная сумесь», 1632). Першая спроба ў жанры камедыі — «Меліта» (паст. 1629), у жанры трагедыі — «Медэя» (паст. 1635). Пасля пастаноўкі трагедыі «Сід» (1637), якая прадэманстравала складанасць духоўнага свету чалавека, прыярытэт розуму, свядомасці і стала ўзорным творам класіцызму, эталонам прыгожага ў франц. культуры, К. пачалі называць «Вялікі Карнель». Аўтар трагедый «першай манеры» («Гарацый», паст. 1640; «Цына», паст. 1640—41; «Паліеўкт», паст. 1641—42), для якіх характэрны раўнавага асабістага і грамадзянскага, агульначалавечага і патрыятычнага, вытрыманасць у эстэт. законах класіцызму. У трагедыях «другой манеры» («Радагуна», паст. 1644—45; «Іраклій», паст. 1646; «Нікамед», паст. 1651; «Пертарыт», паст. 1651) акцэнт зроблены на асабістым пачатку, больш складанай стала інтрыга, з’явіўся матыў антаганістычнасці інтарэсаў асобы і дзяржавы, узмацніўся момант ірацыянальнасці, што сведчыла пра ўплыў барока. Трагедыям «трэцяй манеры» («Эдып», паст. 1659; «Серторый», паст. 1662; «Сафанісба», паст. 1663; «Агон», паст. 1664; «Атыла»; паст. 1667; «Ціт і Берэніка», паст. 1670) уласцівы рэзкі крэн у бок дзяржаўнага, ператварэнне героя ў «функцыю» грамадства, што і абумовіла заняпад творчасці К. і правал трагедыі «Сурэна» (паст. 1674).

Тв.:

Рус. пер. — Театр. Т. 1—2. М., 1984;

Избр. трагедии. М., 1956.

Літ.:

Адан А. Театр Корнеля и Расина // Театр французского классицизма: Пер. с фр. М., 1970;

Кржевский Б.А. Театр Корнеля и Расина // Кржевский Б.А. Статьи о зарубежной литературе. М.; Л., 1960;

Обломиевский Д.Д. Французский классицизм. М., 1968.

Г.​В.​Сініла.

П.Карнель.

т. 8, с. 81

КАРНЕ́Т (франц. cornette),

малодшы афіцэрскі чын (воінскае званне) у кавалерыі шэрагу краін Еўропы і Расіі ў 15 — пач. 20 ст. Першапачаткова К. выконвалі ролю сцяганосцаў. У рас. арміі ўведзены у 1801 (акрамя драгунскай і казацкай кавалерыі, з 1882 уведзены і ў драгунаў), потым у жандармерыі і пагран. варце, адпавядаў чыну прапаршчыка (з 1884 падпаручніка) у пяхоце, артылерыі і інш. часцях, харунжага ў казакоў. Скасаваны ў еўрап. арміях да канца 19 ст., у Расіі — у 1917.

т. 8, с. 82

Карніенка Аляксей Аляксандравіч

т. 18, кн. 1, с. 402