Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

РЭ́ЧАВАЕ ПРА́ВА,

суб’ектыўнае грамадзянскае права, аб’ектам якога з’яўляецца рэч (у праве). Асоба, якая валодае Р.п., ажыццяўляе яго самастойна. Уласнік рэчы валодае, карыстаецца і распараджаецца ёй паводле свайго меркавання ў межах, устаноўленых законам.

т. 14, с. 36

РЭЧАІ́СНАСЦЬ,

аб’ектыўна рэальнае, актуальнае і наяўнае быццё. Р. адрозніваюць ад ідэальнага, нерэчаіснага зместу чалавечых вобразаў і паняццяў і патэнцыяльнага, магчымага быцця, якое яшчэ не ўзнікла, не стала наяўным. Складаецца са шматлікай колькасці матэрыяльных прадметаў, з’яў, рэчаў з іх уласцівасцямі і адносінамі, якія знаходзяцца ў працэсах развіцця і змен. Да Р. адносяцца і прыродныя, і грамадска-гіст. з’явы, у т. л. каштоўнасці матэрыяльнай і духоўнай культуры. Таксама ўключае псіхафізіял. ўласцівасці людзей (магчымасць адлюстроўваць з’явы свету ў форме адчуванняў і звязаныя з імі ўспрыняцце, уяўленні, паняцці, меркаванні, тэорыі і інш.), але ідэальны змест гэтых уласцівасцей да Р. не адносіцца: ён можа адпавядаць Р. ці скажаць правільнае ўяўленне аб ёй. Крытэрыем правільнага адлюстравання Р. ў ідэях з’яўляецца практыка.

Катэгорыя Р. выкарыстоўвалася яшчэ ў стараж.-грэч. філасофіі. Дэмакрыт проціпастаўляў Р. як «свет па ісціне» «свету па меркаванні». Платон разглядаў Р. як свет ідэальных сутнасцей, процілеглы пачуццёваму свету. У філасофіі 16—18 ст. Р. тлумачылася як сукупнасць матэрыяльных цел, якія аб’ектыўна існуюць у прасторы і часе і наглядна дадзены чалавеку ў адчуваннях. Г.В.​Ф.​Гегель прызнаваў у якасці Р. абсалютныя паняцці, якія аб’ектыўна існуюць і дыялектна развіваюцца ў сусв. розуме. Рас. філосафы М.​А.​Бярдзяеў, С.​Л.​Франк разглядалі Р. як абсалютнае (Божае) быццё і лічылі, што яго нельга даказаць, але трэба першапачаткова зыходзіць з яго; разам з тым яны прызнавалі першаснасць прадметнага быцця і сцвярджалі, што ўкаранёнасць чалавека ў гэтым быцці робіць магчымай яго свядомасць. Прадстаўнікі экзістэнцыялізму разглядалі Р. як перажыванне чалавекам свайго існавання. Бельг. фізік і філосаф І.​Р.​Прыгожын распрацаваў сінергетычны падыход у разуменні Р., якую разглядаў як самарэгулюемую сістэму, што грунтуецца на ўзаемапераходных працэсах хаосу і парадку, няўстойлівасці і ўстойлівасці, дэзарганізацыі і арганізацыі. Паняцце «Р.» цесна звязана з катэгорыяй магчымасці, якая з’яўляецца патэнцыяльнай Р., перадумовай Р. У развіцці пэўных з’яў Р. змешчана мноства нерэалізаваных магчымасцей. Іх рэалізацыя залежыць ад канкрэтных умоў, а часта ад выпадковых абставін развіцця Р. (гл. Магчымасць і рэчаіснасць). Працэсы рэалізацыі магчымасцей у Р. як самарэгулюемай сістэме даследуюцца ў сінергетыцы.

В.​Дз.​Марозаў.

т. 14, с. 36

РЭ́ЧКІ,

вёска ў Івацэвіцкім р-не Брэсцкай вобл., каля р. Вісліца. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 65 км на ПдУ ад горада і чыг. ст. Івацэвічы, 200 км ад Брэста. 970 ж., 324 двары (2001). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Царква (2000), малітоўны дом евангельскіх хрысціян-баптыстаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 14, с. 37

РЭ́ЧЫВА,

адзін з двух (нараўне з полем фізічным) відаў матэрыі. Складаецца з элементарных часціц (у асн. электронаў, пратонаў і нейтронаў) з масай (энергіяй спакою), не роўнай нулю. У зямных умовах вядомы 4 станы Р.: газ, вадкасць, цвёрдае цела і плазма, у белых карліках і нейтронных зорках Р. знаходзіцца ў звышшчыльным стане. У хіміі Р. прынята падзяляць на простыя, утвораныя атамамі аднаго хім. элемента (гл. Простае рэчыва), і складаныя (гл. Злучэнне хімічнае). Разнастайнасць фіз. і хім. уласцівасцей Р. абумоўлена эл.-магн. узаемадзеяннем паміж электронамі і ядрамі атамаў, а таксама паміж атамамі і малекуламі.

У класічнай фізіцы фіз. поле, якое мае неперарыўную структуру, проціпастаўлялася Р., якое складаецца з дыскрэтных утварэнняў. У квантавай механіцы ўстаноўлена, што кожны мікрааб’ект мае дваістую прыроду. Напр., электрон (часціца Р.) характарызуецца як карпускулярнымі, так і хвалевымі, а фатон (квант эл.-магн. поля) — хвалевымі і карпускулярнымі ўласцівасцямі (гл. Карпускулярна-хвалевы дуалізм). Выяўленне дыялектычнай узаемасувязі паміж уласцівасцямі Р. і поля прывяло да больш глыбокага разумення структуры матэрыі і дазволіла размежаваць паняцці Р. і матэрыі, якія атаясамліваліся ў навуцы на працягу многіх стагоддзяў.

Літ.:

Вавилов С.И. Развитие идеи вещества // Собр. соч. М., 1956. Т. 3;

Эрдэи-Груз Т. Основы строения материи: Пер. с нем. М., 1976.

А.​І.​Болсун.

т. 14, с. 37

РЭЧЫТАТЫ́Ў (італьян. recitativo ад recitare дэкламаваць),

тып вакальнай, радзей інструм. мелодыкі, якая ўвасабляе інтанацыі, рытміку і агульную структуру натуральнай гаворкі, захоўваючы фіксаваны муз. строй; таксама назва раздзела ў оперы, кантаце, араторыі ў 17—19 ст., які папярэднічаў арыі (А.​Скарлаці, І.​С.​Бах, В.​А.​Моцарт, Дж.​Вердзі і інш.). Р. адрозніваюцца паводле моўнага прататыпу.

У фальклоры розных народаў — гэта абрадавыя песні, плачы-галашэнні і інш. Вылучаецца рэчытатыўная літургічная псалмодыя. У творах кампазітараў неапалітанскай опернай школы пач. 18 ст. склаліся 2 віды Р.: «secco», які імітаваў бытавую гаворку, і «accompagnato», арыентаваны на патэтычную тэатр. дэкламацыю. Р. у інстр. музыцы паявіўся пад уплывам оперы (Ф.​Банпорці, Дж.​Тарэлі, І.​Кунаў і інш.). Пазней семантычныя магчымасці інстр. Р. ўзбагачаліся за кошт пераўтварэння ім новых інтанацыйных прататыпаў — культавай псалмодыі, фалькл. Р., кантрастнай і медытатыўнай унутр. мовы.

У бел. музыцы Р. прадстаўлены ў сольных і ансамблевых нумарах першых бел. опер (быў невыразны, часам пераважаў дэкламацыйны пачатак). Багатыя магчымасці Р. ў операх А.​Багатырова, С.​Картэса, Ю.​Семянякі, Дз.​Смольскага, А.​Туранкова, Я.​Цікоцкага, дзе ён гнутка адлюстроўвае эмац. стан герояў, адценні розных сітуацый у працэсе развіцця дзеяння. Магчымасці інстр. Р. шырока выкарыстаны ў бел. сімф. музыцы.

Літ.:

Друскин М.С. Речитатив в русской классической опере // Друскин М.С. Исследования. Воспоминания. Л.;

М., 1977;

Володкович А.В. Народные белорусские речитативные жанры // Вопросы музыкознания. Мн., 1981;

Златковский Ю.Д. К теории инструментального речитатива // Там жа;

Ягож. Проблемы анализа инструментального речитатива // Науч. тр. Бел. Акад. музыки. Мн., 1997. Вып. 5.

Ю.​Дз.​Златкоўскі.

т. 14, с. 37

РЭ́ЧЫЦА,

горад абл. падпарадкавання, цэнтр Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл., на правым беразе р. Дняпро пры ўпадзенні ў яго р. Ведрыч; чыг. ст. на лініі Гомель—Калінкавічы; рачны порт; вузел аўтадарог на Гомель, Калінкавічы, Светлагорск, Жлобін, Лоеў, Хойнікі. За 50 км на З ад Гомеля. 66,8 тыс. ж. (2000).

Упершыню ўпамінаецца ў Густынскім летапісе пад 1213; у 1-м Наўгародскім летапісе Р. ў 1214 названа «чарнігаўскім» горадам, што быў разгромлены наўгародскім кн. Мсціславам. З 14 ст. ў складзе ВКЛ, у Мінскім ваяводстве. У 1392—1430 Р. валодаў вял. кн. ВКЛ Вітаўт. У жн. 1561 горад атрымаў ад вял. кн. ВКЛ і караля Польшчы Жыгімонта II Аўгуста няпоўнае магдэбургскае права. У 1569 Р. — цэнтр павета. У час антыфеадальнай вайны 1648—51 горад некалькі разоў займалі казацка-сялянскія атрады. У 1648 Р. авалодаў 3-тыс. атрад, якому Б.​Хмяльніцкі забараніў пакідаць горад як важны стратэгічны пункт, але ў 1649 яго адбіў Януш Радзівіл. У 1650 Р. заняў палкоўнік М.Нябаба, які таксама не ўтрымаў яе і быў забіты пры адступленні Пасля вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 Р. страціла стратэгічнае значэнне, і яе ўмацаванні пачалі разбурацца. Паводле прывілея вял. кн ВКЛ і караля Польшчы Аўгуста III ад 15.7.1734 Р. трапіла ва ўладанне кн. Радзівілаў. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Р. ў Рас. імперыі, з 1795 павятовы цэнтр Мінскай губ. У 1886 праз Р. пракладзены ўчастак Лунінец—Гомель Палескіх чыгунак, у 1890-я г. адкрыта прыстань. Паводле перапісу 1897 у Р. 9280 ж., у 1899—9332 ж., маслазавод, цагельня, 2 лесапільні і 2 півамёдаварныя з-ды, прыходскае вучылішча, 2-класнае яўр. вучылішча, некалькі хедэраў, бальніца. У 1903—04 у Р. 205 рамесных прадпрыемстваў (857 рабочых). У 1904 у Р. створана арг-цыя РСДРП, якая ўваходзіла ў склад Палескага камітэта РСДРП). У 1910 у Р. 6 фабрык і заводаў (363 рабочыя). З лют. 1918 да студз. 1919 акупіравана герм. войскамі. У час стракапытаўскага мяцяжу 1919 горад захапілі мяцежнікі. З 8.5 да 20.6.1920 акупіравана польскімі войскамі. У 1919—26 цэнтр Рэчыцкага раёна і Рэчыцкай акругі БССР, з 9.6.1927 да 26.7.1930 у Гомельскай акрузе, з 20.2.1938 у Гомельскай вобл., з 27.9.1938 горад абл. падпарадкавання. У 1939 29,8 тыс ж. 28.8.1941 Р. акупіравана ням.-фаш захопнікамі, якія загубілі ў Р. і раёне 3,8 тыс. чал. Дзейнічала Рэчыцкае патрыятычнае падполле. Вызвалена 18.11.1943 у ходзе Гомельска-Рэчыцкай аперацыі 1943 войскамі Бел. фронту. У 1973—53,9 тыс. ж.

Прадпрыемствы машынабуд. і металаапр. (Рэчыцкі суднабудаўніча-суднарамонтны завод, Рэчыцкі метызны завод), харч. (з-ды піваварны, кансервавы, масла і сухога малака, кансервава-агароднінасушыльны, хлебазавод, камбінат збожжапрадуктаў, млын-камбінат), буд. матэрыялаў (Рэчыцкі камбінат будаўнічых матэрыялаў, Рэчыцкі кераміка-трубны завод, Рэчыцкі завод механічнай апрацоўкі драўніны), хім. (Рэчыцкі доследна-прамысловы гідролізны завод, з-д «Тэрмапласт»), лёгкай (ільнозавод, ткацкае ВА, філіялы гомельскіх ВА — швейнага «Камінтэрн» і абутковага «Праца») прам-сці. Працуюць з-д маст. керамікі, газаперапрацоўчы з-д, раённыя аб’яднанні Дзяржкамсельгастэхнікі і «Сельгасхімія», райпрамкамбінат, камбінат быт. абслугоўвання. У горадзе Рэчыцкі сельскагаспадарчы тэхнікум, СПТУ-178, Дом дзіцячай творчасці, 9 б-к, Рэчыцкі краязнаўчы музей, філіял Дзярж. архіва Гомельскай вобл. Брацкія могілкі сав. воінаў і партызан, 4 брацкія магілы сав. воінаў і партызан, брацкая магіла падпольшчыкаў часоў Вял. Айч. вайны, 4 брацкія магілы ахвяр фашызму, магіла ахвяр мяцяжу 1919. Помнікі археалогіі: мезалітычнае паселішча і гарадзішча стараж. Р.

У канцы 12 ст. горад быў умацаваным пунктам на зямлі дрыгавічоў. У 13 ст. дзядзінец знаходзіўся на месцы гарадзішча ранняга жал. веку і эпохі Кіеўскай Русі на правым беразе р Дняпро (цяпер у гар. парку). У 16—1-й пал. 17 ст. горад меў 3 лініі ўмацаванняў з цэнтрам — 5-вежавым Рэчыцкім замкам, абкружаным ровам і злучаным з астатняй ч. горада пад’ёмным мостам. У 1634 мінскі ваявода А.​Слушка заснаваў у Р. кляштар дамініканцаў. У канцы 19 — пач. 20 ст. ў Р. былі 2 царквы — Успенская і Мікалаеўская (з 1723), Троіцкі касцёл, сінагога і некалькі яўр. малітоўных дамоў. У 1910 туг 1309 жылых пабудоў (з іх 4 мураваныя), 14 цэркваў і малітоўных дамоў. Паводле першага рэгулярнага плана (1800) склалася прамавугольная сістэма планіроўкі, якая ў працэсе развіцця дапоўнілася радыяльнай. Горад забудоўваўся паводле генпланаў 1937—39 (арх. Г.​Парсаданаў), 1951 (арх. Парсаданаў, М.​Томах, ін-т «Белдзяржпраект»), 1977 (БелНДІПгорадабудаўніцтва). У аснове генплана 2000 (БелНДІПгорадабудаўніцтва) закладзены прынцып функцыян. заніравання тэрыторыі. Асн. напрамкі развіцця горада — паўд., паўд-ўсх., паўд.-зах., прадугледжаны таксама шырокі выхад яго да Дняпра. Агульнагар. цэнтр размяшчаецца ўздоўж цэнтр. ч. гал. вуліцы — Савецкай і абмежаваны вул. Чапаева і Авіяцыйнай. Горад мае пераважна 1- ці 2—3-павярховую сядзібную забудову. Асн. капітальная (шматкватэрная) забудова знаходзіцца па вул. Савецкай, у мікрараёнах і кварталах, прылеглых да яе ў цэнтр. і паўд.-ўсх. частках. а таксама па вул. Сняжкова, Маладзёжнай, Чапаева, Нафтавікоў і інш. Па вул. Савецкай і Набярэжнай захаваліся фрагменты забудовы 19 ст. Вытв. зоны — ва ўсх. і паўд.-зах. ч. Ствараецца адзіная сістэма ландшафтна-рэкрэацыйных тэр. уздоўж Дняпра і Ведрычы.

А.​М.​Бадзяка, М.​А.​Найшулер (архітэктура), Т.​С.​Скрыпчанка (гісторыя).

Горад Рэчыца. Забудова вуліцы Савецкай.

т. 14, с. 37

РЭ́ЧЫЦА,

рабочы пасёлак у Столінскім р-не Брэсцкай вобл., чыг. ст. Гарынь на лініі Лунінец—Сарны (Украіна) на аўтадарозе Столін—Сарны. За 7 км на Пд ад Століна, 238 км ад Брэста. 6,8 тыс. ж. (2000).

У 19 ст. вёска Столінскай вол. Пінскага пав. У 1886—332 ж., 31 двор, царква. З пабудовай чыгункі Лунінец—Роўна (1885) чыг. ст. Гарынь. У 1921—39 у складзе Польшчы, вёска Сталінскага пав. Палескага ваяв., 948 ж. (1921). З 1939 у БССР, з 1940 у Столінскім р-не Пінскай вобл., з 1954 Брэсцкай вобл. З 6.7.1960 рабочы пасёлак.

Працуюць з-ды: абліцовачна-фасаднай керамікі, кансервавы, камбінат буд. матэрыялаў, лесазавод, раённае аб’яднанне сельгастэхнікі, камбінат быт. абслугоўвання; 3 сярэднія і сярэдняя вочна-завочная школы, 4 дашкольныя ўстановы, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі, цэрквы — правасл., хрысціян веры евангельскай, хрысціян баптыстаў-евангелістаў. Брацкая магіла сав. воінаў.

т. 14, с. 38

РЭ́ЧЫЦА,

вёска ў Камянецкім р-не Брэсцкай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 12 км на У ад г. Камянец, 51 км ад Брэста, 16 км ад чыг. ст. Тэўлі. 271 ж., 93 двары (2001). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў, помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — Свята-Успенская царква (1873).

т. 14, с. 38

РЭ́ЧЫЦА,

вёска ў Чэрыкаўскім р-не Магілёўскай вобл., каля р. Волчас, на аўтадарозе Чэрыкаў—Крычаў. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 12 км на ПнУ ад г. Чэрыкаў, 89 км ад Магілёва, 17 км ад чыг. ст. Крычаў. 503 ж., 183 двары (2001). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызана. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 14, с. 38

РЭ́ЧЫЦКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну. Дзейнічала ў жн. 1941 — ліст. 1943 у г. Рэчыца Гомельскай вобл. Складалася з 5 груп

(40 чал.): у друкарні (кіраўнік І.​Дз.​Усхопаў),

канторы «Заготжывёла» (Д.​В.​Мыткін), гар. управе (М.​У.​Жыленка), драмтэатры (Г.​С.​Хумар’ян), камсамольска-маладзёжная на чыг. ст. (П.​М.​Маркаль). Мела сувязь з партызанамі Рэчыцкай брыгады, укр. злучэння С.​А.​Каўпака, падп. Гомельскім абкомам і Рэчыцкім райкомам ЛКСМБ. Падпольшчыкі здабывалі для партызан разведданыя, перадавалі ім прадукты харчавання, медыкаменты, бланкі акупац. дакументаў, паперу, друкавалі лістоўкі, праводзілі дыверсіі. У барацьбе супраць ням. фашыстаў загінула 16 падпольшчыкаў. У Рэчыцы на іх магіле помнік.

М.​Ф.​Шумейка.

т. 14, с. 38