РЭЧАІ́СНАСЦЬ,
аб’ектыўна рэальнае, актуальнае і наяўнае быццё. Р. адрозніваюць ад ідэальнага, нерэчаіснага зместу чалавечых вобразаў і паняццяў і патэнцыяльнага, магчымага быцця, якое яшчэ не ўзнікла, не стала наяўным. Складаецца са шматлікай колькасці матэрыяльных прадметаў, з’яў, рэчаў з іх уласцівасцямі і адносінамі, якія знаходзяцца ў працэсах развіцця і змен. Да Р. адносяцца і прыродныя, і грамадска-гіст. з’явы, у т. л. каштоўнасці матэрыяльнай і духоўнай культуры. Таксама ўключае псіхафізіял. ўласцівасці людзей (магчымасць адлюстроўваць з’явы свету ў форме адчуванняў і звязаныя з імі ўспрыняцце, уяўленні, паняцці, меркаванні, тэорыі і інш.), але ідэальны змест гэтых уласцівасцей да Р. не адносіцца: ён можа адпавядаць Р. ці скажаць правільнае ўяўленне аб ёй. Крытэрыем правільнага адлюстравання Р. ў ідэях з’яўляецца практыка.
Катэгорыя Р. выкарыстоўвалася яшчэ ў стараж.-грэч. філасофіі. Дэмакрыт проціпастаўляў Р. як «свет па ісціне» «свету па меркаванні». Платон разглядаў Р. як свет ідэальных сутнасцей, процілеглы пачуццёваму свету. У філасофіі 16—18 ст. Р. тлумачылася як сукупнасць матэрыяльных цел, якія аб’ектыўна існуюць у прасторы і часе і наглядна дадзены чалавеку ў адчуваннях. Г.В.Ф.Гегель прызнаваў у якасці Р. абсалютныя паняцці, якія аб’ектыўна існуюць і дыялектна развіваюцца ў сусв. розуме. Рас. філосафы М.А.Бярдзяеў, С.Л.Франк разглядалі Р. як абсалютнае (Божае) быццё і лічылі, што яго нельга даказаць, але трэба першапачаткова зыходзіць з яго; разам з тым яны прызнавалі першаснасць прадметнага быцця і сцвярджалі, што ўкаранёнасць чалавека ў гэтым быцці робіць магчымай яго свядомасць. Прадстаўнікі экзістэнцыялізму разглядалі Р. як перажыванне чалавекам свайго існавання. Бельг. фізік і філосаф І.Р.Прыгожын распрацаваў сінергетычны падыход у разуменні Р., якую разглядаў як самарэгулюемую сістэму, што грунтуецца на ўзаемапераходных працэсах хаосу і парадку, няўстойлівасці і ўстойлівасці, дэзарганізацыі і арганізацыі. Паняцце «Р.» цесна звязана з катэгорыяй магчымасці, якая з’яўляецца патэнцыяльнай Р., перадумовай Р. У развіцці пэўных з’яў Р. змешчана мноства нерэалізаваных магчымасцей. Іх рэалізацыя залежыць ад канкрэтных умоў, а часта ад выпадковых абставін развіцця Р. (гл. Магчымасць і рэчаіснасць). Працэсы рэалізацыі магчымасцей у Р. як самарэгулюемай сістэме даследуюцца ў сінергетыцы.
В.Дз.Марозаў.
т. 14, с. 36
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)