Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

РЭФРА́КЦЫЯ святла,

скрыўленне светлавога праменя ў асяроддзі з плаўна і неперарыўна пераменным пераламлення паказчыкам. У шырокім сэнсе — тое, што пераламленне святла. Тэрмінам «Р.» карыстаюцца ў атм. і акулярнай оптыцы, а таксама ў оптыцы вока. У выніку Р. пры пэўных умовах узнікаюць міражы і інш. аптычныя з’явы (напр., вясёлка, гало).

т. 14, с. 34

РЭФРЫЖЭРА́ТАР (франц. réfrigérateur ад лац. refrigerare ахалоджваць),

транспартны сродак з цеплаізаляванымі камерамі і халадзільнымі ўстаноўкамі для перавозкі хуткапсавальных грузаў. У якасці Р. выкарыстоўваюць спец. ізатэрмічныя аўтамабілі і прычэпы, вагоны і паязды, судны. Ізатэрмічныя аўтамабілі маюць кузаў з цеплаізаляцыяй, якая абмяжоўвае цеплаабмен паміж унутр. і вонкавымі паверхнямі. Адрозніваюць аўтамабілі-лядоўнікі, аўтамабілі-Р. (з аўтам. халадзільнымі ўстаноўкамі) і з эл. ацяпленнем (забяспечвае т-ру ад +10 да -15 °C). Рэфрыжэратарныя судны бываюць грузавыя (сухагрузы) або грузапасажырскія; пашыраны рэфрыжэратарныя рыбапрамысловыя судны.

т. 14, с. 34

РЭФРЭ́Н (ад франц. refrain прыпеў),

1) у музыцы тэма інстр. або вак. муз. твора, якая праходзіць у ім не менш як 3 разы і замацоўвае яго кампазіцыйна. Характэрны для ронда і блізкіх да яго муз. форм. Часам Р. становіцца лейттэмай (гл. Лейтматыў) правядзенне якой звязана з увасабленнем найб. важных ідэй.

Тэрмін «Р.» уведзены ў 12—16 ст. для абазначэння паўтарэнняў заканчэння страфы ў песенных формах; у музыказнаўстве часцей карыстаюцца тэрмінам «прыпеў».

У вершаскладанні слова, радок або страфа, якія паўтараюцца праз пэўную колькасць радкоў у вершы. Р. нясе вял. сэнсавую нагрузку, звычайна ў ім увасоблена гал. ідэя твора. Так, у «Песні вольнага чалавека» Я.​Купалы кожнаму катрэну спадарожнічае наступны Р.:

Душой я вольны чалавек,
І гэткім буду цэлы век!

В.​П.​Рагойша (у вершаскладанні).

т. 14, с. 34

РЭ́ХА,

акустычная ці эл.-магн. хваля, што адбіваецца ад якой-н. перашкоды і рэгіструецца прыёмнікам ці назіральнікам Гукавое Р. (пошчак) распазнаецца на слых, калі інтэрвал паміж пасланым і прынятым сігналамі 50—60 мс і больш. Для некаторых жывёл (напр., кажаны, дэльфіны, кіты) Р. — сродак арыенціроўкі і пошуку здабычы. Эл.-магн. Р. выкарыстоўваецца, напр., у радыёлакацыі, далёкай радыёсувязі на кароткіх хвалях; акустычнае — у гідралакацыі, ультрагукавой дэфектаскапіі.

т. 14, с. 34

РЭХАВЕ́РШ,

верш, у якім сумежныя радкі зарыфмаваны рэхарыфмай. Няцотныя радкі ў ім звычайна доўгія, а цотныя — кароткія, з адна- ці двухскладовых слоў. Прыклад — жартоўны Р. «Цімох» А.​Русака:

Як правёў мяне Цімох,
 Ох, ох!
Было цёмна на дварох,
 Ох, ох!
«Ну, Цімошка, дык бывай»,
 Ай, ай!
А ён кажа: «Пачакай»,
 Ай, ай!

В.​П.​Рагойша.

т. 14, с. 34

РЭХАЛО́Т (ад рэха + лот),

гідраакустычная прылада для вымярэння глыбіні вадаёма ці глыбіні апускання ў ваду якіх-н. цел. Дзеянне Р. заснавана на вымярэнні часу праходжання ультрагуку ад днішча судна, дзе знаходзяцца выпрамяняльнік і прыёмнік сігналаў, да дна (цела) і назад. Выкарыстоўваюць у суднаходстве, рыбалоўстве і інш. Таксама Р. — прылада для вымярэння глыбіні ўзроўню ў буравой свідравіне, па якім вызначаецца ціск на забой слупа вадкасці. Засн. на вымярэнні часу праходжання гуку ад вусця свідравіны да ўзроўню вадкасці і назад.

Схема суднавага рэхалота: 1 — дыск са шкалой глыбінь; 2 — электрарухавік; 3 — генератар ультрагукавой частаты; 4 — гідраакустычны выпрамяняльнік; 5 — гідраакустычны прыёмнік; 6 — узмацняльнік сігналаў.

т. 14, с. 34

«РЭ́ХА НА ПАЛЕ́ССІ»,

гл. Пціцкая аперацыя 1942.

т. 14, с. 34

РЭЦІНО́Л, вітамін A,

растваральны ў тлушчах вітамін, C20H30O. У арганізме жывёл і чалавека ўтвараецца з караціну, які паступае з ежай. Назапашваецца гал. чынам у печані (асабліва ў печані марскіх жывёл, рыб).

Недахоп Р. (або правітамінаў A) у ежы вядзе да хвароб вачэй, затрымкі росту маладых арганізмаў; лішак — да парушэнняў абмену рэчываў (гл. Гіпервітамінозы). Р. удзельнічае ў біяхім. працэсах. Сутачная патрэба ў Р. дарослага чалавека — 0,4—0,7 мг, дзіцяці — 1 мг Выкарыстоўваецца ў медыцыне.

т. 14, с. 34

РЭЦІРА́ДА (ад франц. retirer адступаць),

1) адступальныя баявыя дзеянні войск (адыход) у мэтах заняцця новых пазіцый.

2) Умацаванні ў палявых пазіцыях і крапасных збудаваннях для абароны ў выпадку адступлення. Тэрмін «Р.» часам выкарыстоўваўся ў значэнні ўхілення ад рашучых дзеянняў.

т. 14, с. 35

РЭЦЫДЫ́Ў (ад лац. recidivus які вяртаецца) у медыцыне, вяртанне хваробы пасля перыяду рэмісіі. Узнікае пры няпоўным вылячэнні хваробы, што пры неспрыяльных умовах прыводзіць да аднаўлення яе клінічных праяў. Бывае пры некат. формах артрыту, рэўматызму, язвавай хваробе, пухлінах і інш. Для некат. хвароб узнікненне Р. адлюстравана ў назвах, напр., зваротны тыф, рэцыдывуючы параліч.

т. 14, с. 35