сукупнасць нерв. структур, што размяшчаюцца ў спінным, прадаўгаватым, сярэднім мозгу, вароліевым мосце і ўтвараюць адзіны функц. комплекс. Філагенетычна стараж. сістэма рухальнага кантролю, добра развіта ў пазваночных жывёл і чалавека. Мае шматлікія нейроны, разгалінаваныя адросткі якіх ідуць ва ўзыходным і сыходным напрамках. Бесперапынную танічную актыўнасць нейронаў Р.ф. забяспечвае іх высокая хім. адчувальнасць да гумаральных фактараў і фармакалагічных рэчываў (барбітураты), а таксама сыходжанне (канвергенцыя) да іх нерв. (аферэнтных) імпульсаў з перыферыі арганізма. Узыходная танічная імпульсацыя Р.ф. рэгулюе дзейнасць кары вял. паўшар’яў, сыходная — спінальныя рухальныя цэнтры. Нейроны фармацыі звязаны з усімі органамі пачуццяў, рухальнымі і адчувальнымі абласцямі кары галаўнога мозга, таламусам, гіпаталамусам, спінным мозгам і выконваюць складаныя інтэграцыйна-каардынацыйныя функцыі. Дзейнасць Р.ф. кантралюецца карой вял. паўшар’яў.
запаленне сятчаткі вока, якое прыводзіць да зніжэння вастрыні зроку. Пры Р. ўзнікае ненармальная светлавое адчуванне (бляск «маланкі» ў вачах і інш.), звужэнне палёў зроку. Часцей узнікае ад узбуджальніка бактэрыяльнага паходжання (стрэптакок, стафілакок, пнеўмакок) або вірусаў (грыпу, герпесу); бывае таксама пры туберкулёзе, сіфілісе і інш., зрэдку ад светлавога іанізавальнага выпрамянення, блізарукасці, пашкоджання сятчаткі вока. Адрозніваюць Р. туберкулёзны, метастатычны, сонечны, лепрозны і інш. Лячэнне комплекснае.
(Вікенцій Уладзіслававіч; 1812? — не пазней 1883),
польскі і бел. пісьменнік; прадстаўнік рамантызму. Жыў у маёнтку Мосар у Полацкім пав. У 1827—34 чыноўнік у Віцебску. У 1839—42 полацкі павятовы прадвадзіцель дваранства (маршалак). Друкаваўся ў альманахах «Niezabudka» («Незабудка»), «Rocznik literacki» («Літаратурны штогоднік»), «Rubon» («Рубон»), Збіраў і публікаваў бел. фальклор, шырока выкарыстаў яго ў вершаванай аповесці «Жонка» (1844). У паэме «Летуценнік» (1849) выказаў сімпатыі да вызв. барацьбы грэч. народа. У публіцыст. артыкулах заклікаў развіваць на Беларусі прамысловасць. Прыхільна ставіўся да паўстання 1863—64, прыцягваўся да следства, быў пад наглядам паліцыі. Зрабіў запіс у «Альбоме» А.І.Вярыгі-Дарэўскага. У пісьме да І.Легатовіча расказаў пра сувязі беларусаў, якія жылі ў Пецярбургу, з Т.Шаўчэнкам.
Літ.:
Зямкевіч Р. Тарас Шаўчэнка і беларусы // Тарас Шаўчэнка і беларуская літаратура. Мн., 1964;
Кісялёў Г. Загадка беларускай «Энеіды». Мн., 1971;
Яго ж. Радаводнае дрэва. Мн., 1994;
Пачынальнікі. Мн., 1977;
IngIot M. Polskie czasopisma literackie ziem litewsko-mskich w latach 1832—1851. Warszawa, 1966.
РЭ́УТАЎ (Алег Аляксандравіч) (н. 5.9.1920, г. Макееўка Данецкай вобл., Украіна),
расійскі хімік-арганік. Акад.Рас.АН (1964, чл.-кар. 1958). Скончыў Маскоўскі ун-т (1941), дзе і працуе з 1945 (з 1954 праф.), адначасова з 1962 у Ін-це элементаарган. злучэнняў Рас.АН. Навук. працы па хіміі металаарган. злучэнняў, даследаванні механізмаў гомалітычных і электрафільных рэакцый. Распрацаваў шэраг новых метадаў сінтэзу элементаарган. злучэнняў пры дапамозе оніевых злучэнняў (1951—65), агульны метад сінтэзу плаціна- і паладыйарган. злучэнняў узаемадзеяннем комплексаў гэтых металаў з ртуцьарган. злучэннямі. Стварыў высокаэфектыўны дэзінфекцыйны прэпарат дыяцыд. Адкрыў з’яву транс-умацавання сувязей у каардынацыйных злучэннях пераходных металаў (1974). Ленінская прэмія 1984.
Тв.:
Механизмы реакций металлоорганических соединений. М., 1972 (разам з І.П.Бялецкай, В.І.Сакаловым).
РЭУТЫЛІЗА́ЦЫЯ (ад рэ... + франц. utilisation ад лац. utilis карысны),
паўторнае выкарыстанне раслінамі мінер. і нізкамалекулярных арган. рэчываў з аджылых і назапашвальных органаў у выніку іх транспарціроўкі па сітавідных трубках флаэмы да маладых растучых органаў. У працэсе Р. ўдзельнічаюць пераважна вугляводы і амінакіслоты (атрымліваюцца ў выніку распаду поліцукрыдаў і бялкоў) і элементы мінер. жыўлення (акрамя кальцыю і бору). У аднагадовых раслін Р. асабліва інтэнсіўна ідзе на позніх этапах антагенезу, пры выспяванні пладоў і насення. У шматгадовых раслін пластычныя рэчывы адцякаюць з лісця ў назапашвальныя органы (клубні, карані, сцёблы) перад лістападам, іх Р. пачынаецца пры руху сокаў наступнай вясной. Здольнасць расліны да Р. пэўнага мінер. элемента вызначаецца пры выключэнні яго з пажыўнай сумесі. Пры недахопе азоту, фосфару, калію, магнію раней пашкоджваецца старое лісце (высокая здольнасць да Р.); пры недахопе кальцыю, бору, жалеза, серы, марганцу, якія практычна не здольны да Р., пашкоджваюцца маладыя органы. Працэсы Р. выкарыстоўваюцца ў сельскай гаспадарцы, напр., для паскарэння выспявання каробачак бавоўніку і інш.
РЭ́УЦКІ (Уладзімір Рыгоравіч) (н. 27.8.1937, ст. Звеннявы Бікінскага р-на Хабараўскага краю, Расія),
бел. вучоны ў галіне фізіялогіі раслін. Д-рбіял.н. (1985).
Скончыў Ленінградскую лесатэхн. акадэмію (1962). З 1969 у Ін-це эксперым. батанікі Нац.АН Беларусі (з 1990 заг. лабараторыі). Навук. працы па фізіялогіі воднага гамеастазу раслін, рухальных сілах і рэгуляцыі транспарту вады, асаблівасцях функцыянавання аквапарынаў, узаемасувязі воднага рэжыму і фотасінтэзу, водным стрэсе.
Тв.:
Эколого-физиологические основы мелиорации почв агрофитоценозов. Мн., 1974 (разам з Л.П.Смаляком);
Адаптациогенез процессов фотосинтеза в связи с водообеспеченностью растений (разам з Ж.І.Казловой) // Проблемы экспериментальной ботаники. Мн., 1997.
РЭЎВАЕНСАВЕ́ТЫ, Рэвалюцыйныя ваенныя саветы (РВС),
вышэйшыя калегіяльныя органы ваен. улады і паліт. кіраўніцтва ў франтах, арміях, флатах і флатыліях у Сав. Расіі ў 1918—21 (на Д. Усходзе да ліст. 1922, у Сібіры да студз. 1923, на Зах. фронце да крас. 1924, у Сярэдняй Азіі да чэрв. 1926). Упершыню створаны на Усх. фронце паводле пастановы СНК ад 13.6.1918 у складзе каманд. фронтам і 2 камісараў. Прызначаліся з мэтай арганізацыі ваен. дзеянняў, кіраўніцтва, падрыхтоўкі і забеспячэння войск, парт.-паліт. і культ.-выхаваўчай работы. Мелі правы органаў сав. улады на тэр. дыслакацыі дадзенага аб’яднання; праводзіць мабілізацыю людскіх і матэрыяльных рэсурсаў на патрэбы фронту, забяспечваць рэв. парадак; у выпадку неабходнасці маглі ўмешвацца і адмяняць распараджэнні камандуючага і нават адлучаць яго ад пасады, аб чым павінны былі неадкладна рапартаваць вышэйстаячаму РВС. Непасрэдна РВС падпарадкоўваліся: штаб, рэв.ваен. трыбунал, палітаддзел, ваен. кантроль, нач. забеспячэння, нач. санітарнай службы і кіраўніцтва інспектараў родаў войск.
Рэвалюцыйны ваенны савет Рэспублікі (з 28.8.1923 Рэвалюцыйны ваенны савет СССР), калегіяльны орган вышэйшай ваен. улады ў 1918—34. Створаны 6.9.1918 паводле пастановы ВЦВК ад 2.9.1918 аб пераўтварэнні Сав. рэспублікі ў ваен. лагер. Аб’ядноўваў функцыі Вышэйшага савета, Наркамата па ваен. і марскіх справах і яго калегіі (члены калегіі ўвайшлі ў склад РВСР). Старшыня РВСР адначасова ўзначальваў Наркамат па ваен. і марскіх справах і зацвярджаўся ВЦВК РСФСР (з 1923 СНКСССР). РВСР кіраваў дзейнасцю ўсіх органаў ваен. ведамства, будаўніцтвам узбр. сіл, распрацоўваў планы па абароне краіны і інш. Яму падпарадкоўваліся ўсе органы і кіруючыя асобы ваен. ведамства: Галоўнакаманд. ўзбр. сіламі рэспублікі, Усерас.гал. штаб, Палявы штаб РВС Рэспублікі (з лют. 1921 — штаб РККА), Вышэйшая ваен. інспекцыя, Усерас. бюро камісараў (пазней Палітаддзел і Палітупраўленне РВСР) і інш. Скасаваны 20.6.1934.
Старшыні: Л.Д.Троцкі (6.11.1918—26.1.1925), М В Фрунзе (26.1.1925—31.10.1925), К.Я.Варашылаў (6.11.1925—20.6.1934).