РЭТАРДА́НТЫ (ад лац. retardo затрымліваю, запавольваю),
форма пестыцыдаў, якія прыгнечваюць рост сцёблаў і парасткаў і надаюць раслінам устойлівасць да палягання. Павышаюць эфектыўнасць інш. аграпрыёмаў і ўраджайнасць збожжавых культур, зніжаюць страты прадукцыі ў час збору і захавання. Выкарыстоўваюцца ў выглядзе раствораў, сумяшчаюць з інш. пестыцыдамі і пазакаранёвымі падкормкамі мікраэлементамі. Найб. пашыраныя Р.: хлорхалінхларыд (прадухіляе паляганне азімай пшаніцы, павялічвае выхад насеннай прадукцыі шматгадовых злакавых траў, паляпшае якасць расады памідораў, паскарае плоданашэнне яблынь, абмяжоўвае рост вусоў суніцы); кампазан (прадухіляе паляганне азімага жыта, ячменю, лёну-даўгунцу); гідрэл (прадухіляе прарастанне клубняў бульбы пры захоўванні) і інш.
Л.В.Круглоў.
т. 14, с. 28
РЭТАРДА́ЦЫЯ СЕКСУА́ЛЬНАЯ (лац retardatio спазненне, затрымка),
затрымка псіхасексуальнага развіцця — адставанне тэрмінаў палавога развіцця ад адпаведнага ўзросту дзіцяці. Вылучаюць Р.с. саматагенную, псіхагенную і сацыягенную. Саматагенная мае біял. аснову і звязана з адставаннем у развіцці першасных і другасных палавых адзнак. Значныя расстройствы эндакрыннай сістэмы могуць прывесці да поўнага выпадзення сексуальных кампанентаў у псіхічным развіцці асобы. Псіхагенная Р.с. выклікаецца рознымі парушэннямі псіхікі, агульным адставаннем псіхічнага развіцця. Сацыягенная Р.с. назіраецца пры няправільным палавым выхаванні. Пераважна бывае спалучэнне некалькіх варыянтаў Р.с.
т. 14, с. 28
РЭТО́РСП (ад позналац. retorsio адваротнае дзеянне),
правамерныя прымусовыя дзеянні дзяржавы, якія робяцца ў адказ на недружалюбны акт інш. дзяржавы, што паставіла ў дыскрымінацыйныя ўмовы фіз. або юрыд. асоб першай дзяржавы (напр., абмежаванне правоў іншаземцаў — грамадзян інш. дзяржавы, павелічэнне мытных пошлін гэтай дзяржавы). Мае на мэце аднаўленне прынцыпу ўзаемнасці ў адносінах адпаведных дзяржаў. Меры, што выкарыстоўваюцца ў якасці Р., павінны быць прапарцыянальна адпаведнымі акту, які іх выклікаў, і спыняюцца з моманту аднаўлення ранейшага становішча. Як і рэпрэсаліі, Р. не прадугледжваюць выкарыстання ўзбр. сілы.
т. 14, с. 28
РЭ́ТРА (ням. Rethra, слав. Радыгашч, Радгашч),
рэлігійны цэнтр і ўмацаванне 10—11 ст. прыбалт. зах.-слав. племя радарыяў (ратараў, ратран), якое ўваходзіла ў саюз плямён люцічаў; цяпер — гарадзішча каля г. Фельдберг (Германія). У 1068 разбурана войскамі епіскапа Бурхарда II Гальберштацкага, а ў пач. 12 ст. — імператарам Лотарам III. Звесткі аб Р. сучаснікаў-храністаў Адама Брэменскага і Цітмара Мерзебургскага пацверджаны раскопкамі ням. археолага К.Шухарта (1922). Р. была абкружана 2 землянымі валамі з 3 вял. і 3 малымі вежамі з брамамі. У цэнтры быў драўляны храм бога сонца і агню Радагаста, ці Сварожыча. Каля храма выяўлены рэшткі 10 жылых пабудоў.
т. 14, с. 28
РЭТРАГРА́Д (ад лац. retrogradus які ідзе назад),
праціўнік сацыяльнага і культурнага прагрэсу, чалавек з адсталымі поглядамі, якога наз. таксама рэакцыянерам (напр., доказ рэтраграда, рэтраградскі погляд).
т. 14, с. 28
РЭТРАНСЛЯ́ТАР (ад рэ... + лац. translator пераносчык),
апарат ці электраправоднае асяроддзе для рэтрансляцыі радыёсігналаў; прамежкавы пункт лініі радыёсувязі. Актыўны Р. — прыёмна-перадавальная радыёстанцыя (гл. Радыёрэлейная станцыя). Пасіўны Р. — пояс метал. іголак на каляземнай арбіце, іанізаваная пара металаў, ШСЗ ці мех. канструкцыя пэўнай формы (напр., плоскі адбівальнік, люстраная антэна), здольныя рассейваць або накіравана адбіваць радыёхвалі. Можа абслугоўваць радыёсетку з многіх ліній сувязі з рознымі частотамі радыёсігналаў.
т. 14, с. 28
РЭТРАНСЛЯ́ЦЫЯ,
прыём радыёсігналаў на прамежкавых пунктах радыёрэлейнай лініі сувязі для ўзмацнення і далейшай перадачы іх з дапамогай рэтранслятараў. Адрозніваюць Р. з узмацненнем без пераўтварэння і рэгенератыўную Р. — з пераўтварэннем сігналаў і выпраўленнем скажэнняў, якія ўзніклі пры перадачы.
т. 14, с. 29
РЭТРАСПЕ́КЦЫЯ (ад лац. retro назад+ specio гляджу),
1) зварот да мінулага, аналіз падзей, якія адбываліся раней, з мэтай выяўлення ў іх зародкаў тэндэнцый, уласцівых сучаснасці.
2) Погляд на прагрэс. сац. з’явы, як на такія, якія ўжо існавалі раней.
3) Агляд інфармацыі за мінулыя гады (напр., рэтраспектыўная бібліяграфія, рэтраспектыўны пошук дакументаў, рэтраспектыўны фільм).
т. 14, с. 29
РЭ́ТУШ (франц. retouche ад retoucher падмалёўваць, падпраўляць, літар. — зноў датыкацца),
выпраўленне выяў (малюнкаў, фотаздымкаў і інш.) шляхам прарысоўкі іх алоўкамі або фарбамі, выскрабання асобных участкаў або хім. апрацоўкі (траўленне эмульсіі фатаграфічнага слоя). Бывае тэхнічная (выдаленне выпадковых дэфектаў — кропак, плям, драпін) і градацыйная (узмацненне або аслабленне шчыльнасці асобных участкаў паўтонавай выявы). У паліграфіі Р. выкарыстоўваюць для падрыхтоўкі арыгіналаў да друку, выпраўлення негатываў і дыяпазітываў перад вырабам друкарскіх форм. Звычайна выконваюць уручную, на выявах вял. памераў — аэрографам.
т. 14, с. 29
РЭТЫКУЛАЦЫ́ТЫ (ад лац. reticulum сетачка + kytos клетка),
бяз’ядзерныя постклетачныя структуры, якія папярэднічаюць утварэнню эрытрацытаў. У крыватоку за 24—28 гадз пераўтвараюцца ў спелыя эрытрацыты. Цытаплазма Р. амаль цалкам запоўнена гемаглабінам, мае ў сабе рэшткі полірыбасом і інш. арганел. У Р. ажыццяўляецца сінтэз бялку, пурынаў, ліпідаў і інш. У дарослага чалавека ў норме Р. у крыві 0,7—1% ад агульнай колькасці эрытрацытаў. Павелічэнне колькасці Р. (да 50% і больш) сведчыць пра недастатковасць пераносу кіслароду (бывае, напр., пры вял. стратах крыві). Р. менш за 0,5% ад агульнай колькасці эрытрацытаў — прыкмета прыгнечання іх утварэння.
А.С.Леанцюк.
т. 14, с. 29