РЭТЫКУЛАЦЫ́ТЫ (ад лац. reticulum сетачка + kytos клетка),

бяз’ядзерныя постклетачныя структуры, якія папярэднічаюць утварэнню эрытрацытаў. У крыватоку за 24—28 гадз пераўтвараюцца ў спелыя эрытрацыты. Цытаплазма Р. амаль цалкам запоўнена гемаглабінам, мае ў сабе рэшткі полірыбасом і інш. арганел. У Р. ажыццяўляецца сінтэз бялку, пурынаў, ліпідаў і інш. У дарослага чалавека ў норме Р. у крыві 0,7—1% ад агульнай колькасці эрытрацытаў. Павелічэнне колькасці Р. (да 50% і больш) сведчыць пра недастатковасць пераносу кіслароду (бывае, напр., пры вял. стратах крыві). Р. менш за 0,5% ад агульнай колькасці эрытрацытаў — прыкмета прыгнечання іх утварэння.

А.​С.​Леанцюк.

т. 14, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)