Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

«ИЗВЕ́СТИЯ ЦК КПСС»,

«Известия Центрального комитета Коммунистической партии Советского Союза», савецкі інфармацыйны часопіс. Выдаваўся ў Маскве ў 1919—29 [пад назвамі «Известия ЦК РКП(б)» і «Известия ЦК ВКП(б)»] і ў 1989—91. Друкаваліся рашэнні вышэйшых органаў партыі, інфармацыя аб бягучай дзейнасці ЦК КПСС, яго кіруючых органаў, паведамленні пра кадравыя перамяшчэнні, біяграфіі асобных парт. функцыянераў, дакументы з архіваў партыі і інш.

т. 7, с. 180

«ИЛЛЮСТРА́ЦИЯ»,

часопіс. Выдаваўся ў 1845—49 у Пецярбургу на рус. мове. Друкаваў матэрыялы па этнаграфіі, фальклоры, краязнаўстве розных рэгіёнаў Рас. імперыі. Сярод матэрыялаў пра Беларусь «Беларускае вяселле», «Горад Барысаў: (З падарожных нататкаў)», «Горад Барысаў: (Эпізод Бярэзінскай бітвы)» Р.​Друцкага-Падбярэскага і «Некалькі слоў пра мястэчка Гомль» В.​Шабякіна (усе 1848), пераклад «Нарыса паўночнай Беларусі» Я.​Баршчэўскага (1846) і «Узор паэзіі беларусаў» (1848).

т. 7, с. 197

«ИЛЛЮСТРА́ЦИЯ»,

часопіс. Выдаваўся ў 1858—63 у Пецярбургу на рус. мове штотыднёва. Меў падзагаловак «Всемирное обозрение». Змяшчаў матэрыялы грамадска-паліт. тэматыкі, літ. творы. Пастаянным супрацоўнікам «И.» быў бел. пісьменнік і этнограф П.М.Шпілеўскі, які вёў у гэтым выданні рубрыку «Дзённік знаёмага чалавека» (1858—61). Сярод яго матэрыялаў пра Беларусь «Заходнярускія нарысы» (1858—59), «Паездка ў заходнія губерні» (1860).

Літ.:

Кузняева С.А. Русская дореволюционная печать и советское литературоведение о Павле Шпилевском // Книга в Белоруссии: Книговедение, источники, библиогр. Мн., 1981.

С.​А.​Кузняева.

т. 7, с. 198

«Инженерно-физический журнал»

т. 7, с. 258

«И́СКРА»,

расійскі сатырычны штотыднёвы часопіс. Выдаваўся ў 1859—73 у Пецярбургу на рус. мове паэтам і грамадскім дзеячам В.​С.​Курачкіным і мастаком М.​А.​Сцяпанавым (да 1864). Публікаваў сатыр. творы (фельетоны, вершы, апавяданні, эпіграмы, пародыі, публіцыстычныя артыкулы, нарысы і інш.), допісы з правінцый, у якіх асвятляліся праблемы тагачаснага грамадска-паліт. і культ. жыцця. З рэв.-дэмакр. пазіцый выступаў супраць прыгонніцтва, бюракратызму, кансерватызму. Вял. месца займала паэзія, скіраваная супраць т. зв. «чыстага мастацтва». Літ. матэрыялы дапаўняліся малюнкамі ў жанры карыкатуры. Забаронены «за шкодны кірунак».

т. 7, с. 330

«И́СКРА»,

першая агульнарасійская с.-д. палітычная газета. Выдавалася нелегальна з 11(24).12.1900 да кастр. 1905 на рускай мове, спачатку ў Лейпцыгу, потым у Мюнхене, з крас. 1902 у Лондане, з вясны 1903 у Жэневе. Ініцыятар стварэння У.І.Ленін. Як выразніца яго ідэі стварэння Рас. с.-д. рабочай партыі (РСДРП) газета выпрацоўвала тэарэт. і практычныя асновы партыі (падрыхтаваны праграма і статут РСДРП). «И.» крытычна ацэньвала ўнутр. і знешнюю палітыку царскай улады, асвятляла эканам. і паліт. становішча народаў Расіі, у т. л. і беларусаў, выступала за саюз рабочага класа з сялянствам, пісала пра рас. і міжнар. рэв. рух, са свайго пункту погляду крытыкавала міжнар. апартунізм (бернштэйніянства) і яго разнавіднасць — «эканамізм», выступала супраць т. зв. дробнабурж. ліберальных партый Расіі — эсэраў, бундаўцаў і іх лідэраў. Газету атрымлівалі ў 26 гарадах і мястэчках Беларусі. У ёй надрукавана 25 матэрыялаў з Беларусі, у якіх асвятляліся падзеі сац.-паліт. жыцця краю, расказвалася пра самавольства мясц. улад, становішча палітзняволеных. Крытыкаваліся мясц. лідэры «эканамістаў» (васільеўцы), лібералаў, бундаўцаў і інш. Дзейнасць газеты спрыяла стварэнню Палескага і Паўн.-Зах. к-таў РСДРП. У 1903 у РСДРП разгарнулася барацьба паміж бальшавікамі і меншавікамі. Пасля 51-га нумара «И.» перайшла на пазіцыі меншавікоў. Усяго выйшла 112 нумароў.

Літ.:

Волин М. Ленинская «Искра». (1900—1903 г.). М., 1964;

Ефремова О.И. Роль ленинской «Искры» в распространении марксизма в Белоруссии. Мн., 1980;

Ленинская «Искра»: История создания и распространения, 1900—1902. М.;

Лейпциг, 1984;

Возвращенная публицистика. Кн. 1. 1900—1917. М., 1991.

С.​В.​Говін.

т. 7, с. 330

«ИСКУ́ССТВО»,

часопіс пададдзела мастацтва аддзела нар. асветы Віцебскага губвыканкома і Саюза работнікаў мастацтва Віцебска. Выдаваўся ў 1921 у Віцебску на рус. мове (выйшла 6 нумароў). Публікаваў артыкулы пра маст., тэатр., муз. жыццё горада. На яго старонках выступалі мастакі К.​Малевіч, М.​Кунін, крытыкі А.​Ром, П.​Мядзведзеў, дырыжор М.​Малько, паэт М.​Пустынін і інш. У 1922 аб’яднаны з час. «Работник просвещения», выходзіў пад назвай «Работник просвещения и искусства».

т. 7, с. 331

«ИСКУ́ССТВО КИНО́»,

ілюстраваны часопіс. Выдаваўся ў 1931—93 у Маскве на рус. мове. Да 1932 наз. «Пролетарское кино», з 1933 — «Советское кино», з 1936 — «И.к.». Выходзіў рознай перыядычнасцю, з 1952 штомесячна (у 1993 — № 1—9). Змяшчаў артыкулы па гісторыі і тэорыі кіно, рэцэнзіі на кінафільмы, сцэнарыі, асвятляў творчасць дзеячаў кіно і інш.

т. 7, с. 331

«ИСТО́РИК-МАРКСИ́СТ»,

савецкі навуковы гіст. часопіс. Выдаваўся ў 1926—41 у Маскве на рус. мове. У 1926—31 орган Т-ва гісторыкаў-марксістаў пры Камуніст. акадэміі і яе Ін-та гісторыі, у 1936—41 — Ін-та гісторыі АН СССР. З пазіцый марксізму асвятляў пытанні гісторыі СССР, Расіі, усеагульнай гісторыі. У 1941 аб’яднаны з «Историческим журналом».

т. 7, с. 348

«ИСТОРИ́ЧЕСКИЕ ЗАПИ́СКИ»,

неперыядычны навук. гіст. зборнік у Расіі. Выдаецца з 1937 у Маскве на рус. мове. У 1937—68 орган Ін-та гісторыі АН СССР, у 1968—91 — Ін-та гісторыі СССР АН СССР, з 1992 — Ін-та рас. гісторыі Рас. АН. Друкуе матэрыялы і артыкулы пераважна па рас. гісторыі. Выйшла 118 тамоў (1990).

т. 7, с. 348