Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

І́ШКАЛДСКІ ТРО́ІЦКІ КАСЦЁЛ,

помнік архітэктуры готыкі. Пабудаваны да 1472 у в. Ішкалдзь Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл. Мікалаем Неміровічам. Мураваны храм зальнага тыпу. Кампактны асн. прамавугольны ў плане аб’ём накрыты высокім двухсхільным дахам са стромкімі шчытамі на тарцах. З паўн. боку да апсіды прылягаюць невысокія сакрысція і паўкруглы аб’ём з вітымі ўсходамі. Масіўныя сцены ў ніжняй ч. арнаментаваны сеткавай муроўкай (пазней атынкаваны) і ўмацаваны на бакавых фасадах вертыкальнымі, на вуглах ступеньчатымі контрфорсамі. Пластычныя ступеньчатыя шчыт і контрфорсы на гал. зах. фасадзе аздоблены сіметрычна размешчанымі плоскімі нішамі. Унутры асн. аб’ём падзелены 4 слупамі на 3 нефы, перакрытыя крыжовымі скляпеннямі. У апсідзе зорчатае нервюрнае скляпенне (у канцы 15—1-й пал. 16 ст. скляпенні касцёла і слупы былі размаляваны). У 2-й пал. 16 ст. касцёл перайшоў да кальвіністаў, у 1641 Радзівілы вярнулі яго католікам. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 пашкоджаны, у 1866—1919 — царква.

У.​А.​Чантурыя, А.​А.​Ярашэвіч.

Ішкалдскі Троіцкі касцёл.

т. 7, с. 369

ІШКАШЫ́МСКІ ХРЫБЕ́Т У Заходнім Паміры, уздоўж правага берага р. Пяндж, у Таджыкістане; зах. ч. Шахдарынскага хр. Даўж. 95 км. Выш. да 6096 м (пік Маякоўскага). Складзены пераважна з гнейсаў, амфібалітаў і інш. Пераважае вышынны рэльеф. Ледавікі. На схілах горныя стэпы і пустыні, у глыбокіх далінах рэк трапляюцца зараснікі арчы. Тэрмальныя мінер. крыніцы. Бальнеалагічны курорт Гармчашма.

т. 7, с. 370

ІШЛІ́НСКІ (Аляксандр Юльевіч) (н. 6.8.1913, Масква),

расійскі і ўкр. вучоны ў галіне механікі. Акад. АН Украіны (1948) і Рас. АН (1960). Герой Сац. Працы (1961). Скончыў Маскоўскі ун-т (1935), выкладаў у ім. У 1948—55 дырэктар Ін-та матэматыкі АН СССР і праф. Кіеўскага ун-та, з 1964 дырэктар Ін-та праблем механікі АН УССР, з 1987 прэзідэнт Сусв. федэрацыі інж. арг-цый. Навук. працы па агульнай і прыкладной механіцы, механіцы дэфармавальных асяроддзяў, аўтаматыцы, тэорыі гіраскопаў, тэорыі пругкасці і пластычнасці, па гіраскапічных навігацыйных прыладах, аўтаномных сістэмах навігацыі рухомых аб’ектаў. Ленінская прэмія 1960, Дзярж. прэмія СССР 1981, Дзярж. прэмія Рас. Федэрацыі 1996.

Тв.:

Механика гироскопических систем. М., 1963;

Ориентация, гироскопы и инерциальная навигация. М., 1976;

Механика. Идеи, задачи, приложения. М., 1985, Прикладные задачи механики. Кн 1—2. М., 1986;

Классическая механика и силы инерции. М., 1987.

А.​Ю.​Ішлінскі.

т. 7, с. 370

ІШТА́Р,

багіня ўрадлівасці і цялеснага кахання, вайны і разладу ў міфалогіі стараж. вавіланян і асірыйцаў, гал. жан. бажаство вавілонскага пантэона. Астральнае бажаство, увасабленне планеты Венера. У заходнесеміцкай міфалогіі наз. Астарта, у шумерскай — Інана. Звесткі пра культ І. ёсць у эпасе пра Гільгамеша.

т. 7, с. 370

І́ШТВАН I Святы

(István 1 Szent),

Стэфан I (каля 975—15.8.1038), князь (з 997), першы кароль Венгрыі [1001—38]. З дынастыі Арпадаў. Увёў у Венгрыі хрысціянства ў якасці дзярж рэлігіі, каля 1000 засн. першае архіепіскапства. Ліквідаваў племянны падзел краіны, увёў адм.-тэр. акругі — каралеўскія камітаты. У 1030 адбіў уварванне ням. войска ў Венгрыю. У 1083 кананізаваны каталіцкай царквой.

Літ.:

Краткая история Венгрии: С древнейших времен до наших дней. М., 1991.

т. 7, с. 370

І́ШЧАЛНАЎСКІ ТРО́ІЦКІ КАСЦЁЛ,

помнік архітэктуры позняга барока. Пабудаваны ў 1758 у в. Ішчална Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. Храм аднанефавы, 2-вежавы, з 5-граннай апсідай і сакрысціямі. У аб’ёмнай кампазіцыі дамінуе гал. фасад. Яго вузкую цэнтр. плоскасць фланкіруюць квадратныя ў плане вежы, якія рэльефна выступаюць з асн. аб’ёму, маюць нізкае шлемападобнае завяршэнне. Фасадныя і бакавыя плоскасці вежаў апяразаны карнізамі, расчлянёны плоскімі прамавугольнымі філёнгамі і прарэзаны прамавугольнымі, лучковымі і паўцыркульнымі аконнымі праёмамі. Інтэр’ер касцёла зальны, выцягнуты па падоўжнай восі. Тры алтары і амбон у стылі ракако. Гал. алтар двух’ярусны. 1-ы ярус падзелены калонамі карынфскага ордэра на 3 часткі, аддзелены ад 2-га яруса хвалепадобным антаблементам з ляпным дэкорам. У цэнтры 2-га яруса — картуш з люнетай, па баках — жывапісныя панэлі і дэкар. вазы. Побач з касцёлам у 19 ст. пабудавана 1-ярусная званіца.

С.​Г.​Багласаў, Л.​Г.​Лапцэвіч.

Ішчалнаўскі Троіцкі касцёл.
Інтэр’ер Ішчалнаўскага Троіцкага касцёла.

т. 7, с. 370

І́ШЧАНКА (Уладзімір Іванавіч) (н. 10.6.1939, г. Жытомір, Украіна),

бел. вучоны ў галіне фармацэўтыкі. Д-р фармацэўтычных навук (1988), праф. (1989). Скончыў Львоўскі мед, ін-т (1961). З 1961 у Віцебскім мед. ін-це (з 1979 заг. кафедры). Навук. працы па стварэнні новых лек. сродкаў, паляпшэнні іх якасці, удасканаленні тэхналогіі.

Тв.:

Перспективы развитая высшего фармацевтического образования в Республике Беларусь // Проблемы медицинского образования в Беларуси. Витебск, 1995.

т. 7, с. 371

ІШЫ́М,

рака ў Казахстане і Расіі, левы прыток р. Іртыш. Даўж. 2450 км. пл. бас. 177 тыс. км2. Пачатак у гарах Ніяз на паўн. ускраіне Казахскага драбнасопачніка, у вярхоўях цячэ ў вузкай даліне са скалістымі берагамі, якая расшыраецца ніжэй г. Астана. Па Ішымскім стэпе цячэ ў шырокай пойме са шматлікімі старыцамі, у нізоўі — сярод балот. Гал. прытокі: Калутон, Жабай, Аканбурлук (справа). Жыўленне снегавое Ледастаў з пачатку ліст. да крас.—мая. Высокае веснавое разводдзе. Сярэдні расход вады каля с. Вікулава (215 км ад вусця) 59,4 м3/с. Суднаходства ўверх ад г. Петрапаўлаўск на 270 км і ад Вікулава да вусця. Вячаслаўскае і Сяргееўскае вадасховішчы (для водазабеспячэння і арашэння). На І. гарады: Астана, Дзяржавінск, Есіль, Петрапаўлаўск, Ішым.

т. 7, с. 371

ІШЫ́МАВА (Аляксандра Восіпаўна) (16.1.1805, г. Кастрама, Расія — 16.6.1881),

руская дзіцячая пісьменніца. Друкавалася з 1831. Выдавала час. для дзяцей «Звездочка» (1842—63) і «Лучи» (1850—60). Аўтар кніг «Гісторыя Расіі ў апавяданнях для дзяцей» (ч. 1—6. 1837—40), «Апавяданні бабулькі» (1839), «Свяшчэнная гісторыя ў размовах для маленькіх дзяцей» (1841), «Рускім дзецям» (1881) і інш., большая частка якіх была пераказам гіст. твораў (напр., М.​М.​Карамзіна).

т. 7, с. 371

ІШЫ́МСКАЯ РАЎНІ́НА,

раўніна на Пд Зах. Сібіры, у міжрэччы Іртыша і Табола у Курганскай, Цюменскай і Омскай абласцях Расіі і Паўн.-Казахстанскай вобл. Казахстана. Перасякаецца р. Ішым. Выш. 120—150 м. Складзена з пясчана-гліністых неагенавых адкладаў, перакрытых лёсавіднымі лёсападобнымі* суглінкамі. Плоская раўніна, слаба нахіленая на У, для яе рэльефу характэрны грывы і лагчыны, што падзяляюць іх. У паніжэннях і далінах шмат (больш за 1600) прэсных, горка-салёных і салёных азёр (Салтаім, Ік, Сазыкуль і інш.). Летам невял. азёры і рэкі перасыхаюць. Глебы пераважна чарназёмныя, таксама шэрыя лясныя. Пераважаюць ландшафты лугавых стэпаў і бярозавых лясоў (калкі). Землі паўд. раёнаў узараныя.

т. 7, с. 371