НАДБАРО́ДНІК (Epipogium),
род кветкавых раслін сям. ятрышнікавых. 2 віды. Пашыраны ў Еўразіі, трапічнай Афрыцы і Аўстраліі. На Беларусі 1 від. Н. бязлісты (E. aphyllum). Трапляецца адзіночнымі экзэмплярамі ў вільготных хвойных, мяшаных і шыракалістых лясах.
Н. бязлісты — шматгадовая расліна-мікатроф выш. 20 см з каралападобным карэнішчам. Сцёблы крохкія, сакаўныя, жаўтаватыя з чырв. палоскамі. Зялёнае лісце адсутнічае (расліна жывіцца арган. рэчывамі ляснога подсцілу), замест яго 5—8 жаўтаватых лускавінак. Кветкі паніклыя, жаўтавата-белыя, у рэдкай гронцы, духмяныя. Плод — каробачка.
т. 11, с. 118
НАДВО́Р’Е,
стан атмасферы ў той ці іншай мясцовасці ў пэўны момант або за абмежаваны прамежак часу (суткі, месяц, год). Шматгадовы рэжым Н. наз. кліматам. Абумоўлена фіз. працэсамі, якія адбываюцца пры ўзаемадзеянні атмасферы з космасам і зямной паверхняй. Пастаянна зменьваецца. Перыядычныя яго змены абумоўлены вярчэннем Зямлі вакол сваёй восі (сутачны ход) і вакол Сонца (гадавы ход), неперыядычныя — працэсамі цыркуляцыі атмасферы (на Беларусі пераважна ў выніку заходняга пераносу паветраных мас). Характарызуецца прыблізнымі, спрошчанымі тэрмінамі (халоднае, цёплае, гарачае, сухое, дажджлівае) або сукупнасцю значэнняў метэаралагічных велічынь (т-ра і вільготнасць паветра, скорасць і напрамак ветру, воблачнасць, сонечная радыяцыя, атм. ападкі і інш.) і атмасферных з’яў (дождж, туман, навальніца і інш.). Падрабязную характарыстыку фактычнага Н. даюць назіранні метэаралагічных станцый, чаканае Н. — прадмет прагнозаў надвор’я. Для прадказання Н. на невял. тэрыторыях карыстаюцца таксама мясц. прыкметамі.
т. 11, с. 118
«НАДЕ́ЖДА»,
літаратурна-мастацкі і інфармацыйна-публіцыстычны веснік. Выходзіць з 10.7.1989 у Мінску на бел. і рус. мовах 4 разы на год. Друкуе вершы і прозу чытачоў-інвалідаў, інтэрв’ю з цікавымі людзьмі, мед. і юрыд. кансультацыі, парады садаводам-агароднікам і інш. Мае рубрыкі: «Паэзія нашых сэрцаў», «Мая думка», «I боль, і слёзы, і надзеі...», «Спроба пяра», «Шукаю сябра», «Літаратурная вучоба» і інш. Пры рэдакцыі створаны дзіцячы клуб «Надзейка», літстудыя для пачынаючых літаратараў.
В.Г.Янчанка.
т. 11, с. 118
НАДЖМІ́ (сапр. Нежметдзінаў) Каві Гібятавіч
(15.12.1901, в. Красны Востраў Сечанаўскага р-на Ніжагародскай вобл., Расія — 24.3.1957),
татарскі пісьменнік. Скончыў Вышэйшую ваенна-пед. школу ў Маскве (1922). Старшыня праўлення Саюза пісьменнікаў Татарыі (1934—37). Друкаваўся з 1919. У ранніх апавяданнях, вершах і аповесці «Прыбярэжныя вогнішчы» (1929) адлюстраваны падзеі грамадз. вайны. Аповесці «Светлая сцежка» і «Першая вясна» (абедзве 1930) пра калектывізацыю, паэмы «Хаят апа» (1941) і «Фарыда» (1944) пра Вял. Айч. вайну. Аўтар гіст.-рэв. рамана «Вясновыя вятры» (1949, Дзярж. прэмія СССР 1951).
Тв.:
Рус. пер. — Повести и рассказы. М., 1957.
т. 11, с. 118
НАДЖМІ́ (сапр. Назмутдзінаў) Назар Назмутдзінавіч
(5.2.1918, в. Мінішты Дзюрцюлінскага р-на, Башкортастан — 6.9.1999),
башкірскі паэт. Нар. паэт Башкортастан (1992). Скончыў Башкірскі пед. ін-т (1947). У 1947—59 працаваў у друку. У 1962—69 старшыня праўлення Саюза пісьменнікаў Башкірыі. Друкаваўся з 1937. Першая кніга — «Кропелькі» (1950). Зб-кам вершаў і паэм «Хвалі» (1955), «Нечаканы дождж» (1960), «Зямля і песня» (1962), «Дыханне» (1976), «Бакі» (1980), «Пакуль святло» (1984), «Бацькоўскі дом» (1988) і інш. уласцівы спалучэнне драм. напружання з тонкім лірызмам, фалькл. традыцый з дасягненнямі сучаснай паэзіі. Аўтар апавяданняў, п’ес «Вясновая песня» (1951), «Госць у суседзяў» (1974), кн. дарожных нататак «Індыйскія старонкі» (1960), мемуараў, літ.-крытычных і публіцыстычных артыкулаў, тэкстаў песень і інш. Пераклаў на башкірскую мову вершы А.Пушкіна, М.Лермантава, Р.Гамзатава, К.Куліева і інш. Асобныя творы Н. на бел. мову пераклаў Ю.Свірка. Рэсп. прэмія Башкірыі імя С.Юлаева 1972, Дзярж. прэмія Расіі імя М.Горкага 1982.
Тв.:
Рус. пер. — Приглашение другу. М., 1981;
Сосед по огню. М., 1985.
Р.З.Шакураў.
т. 11, с. 118
НАДЖЫБУЛА́ (Мухамед) (6.8.1947, Кабул — 27.9.1996),
афганскі паліт. і дзярж. дзеяч. Скончыў Кабульскі ун-т (1975). З 1965 чл. Народна-дэмакратычнай партыі Афганістана (НДПА), кіраваў нелегальным Дэмакр. саюзам студэнтаў. Чл. ЦК НДПА з 1977, Палітбюро ЦК з 1981. Пасля прыходу НДПА да ўлады (крас. 1978) старшыня яе Кабульскага к-та, пасол Афганістана ў Іране. У 1979—85 кіраўнік Службы дзярж. інфармацыі (дзяржбяспекі). З ліст. 1985 сакратар ЦК, з мая 1986 ген. сакратар ЦК НДПА, у 1990—92 — Партыі айчыны. У 1987—92 прэзідэнт Афганістана. Пасля вываду сав. войск узначаліў Вышэйшы савет абароны айчыны (1989—92). У крас. 1992 падаў у адстаўку, быў вымушаны хавацца ў прадстаўніцтве ААН у Кабуле. Пасля захопу талібамі (гл. Талібан) Кабула ў вер. 1996 пакараны смерцю.
т. 11, с. 119
НА́ДЗВІНСКАЕ РАДО́ВІШЧА НА́ФТЫ.
У Рэчыцкім р-не Гомельскай вобл., каля в. Надзвін. Уваходзіць у Прыпяцкі нафтагазаносны басейн. Адкрыта ў 1972, распрацоўваецца з 1980. Паклады нафты пл. 7,2 км² прымеркаваны да дэвонскіх адкладаў ( у іх разрэзе 2 саляносныя, падсалявыя і надсалявыя тоўшчы) на ПнУ Прыпяцкага прагіну, у межах Маладушынскай зоны падняццяў. Глыб. залягання нафтаносных пластоў 2915—2939 м. Пароды-калектары — трэшчынна-порава-кавернавыя вапнякі і даламіты. Разведаныя запасы нафты 2,7 млн. т. Нафта маласярністая, смалістая, парафінавая.
А.П.Шчураў.
т. 11, с. 119
НАДЗВЫЧА́ЙНАЕ ЗАКАНАДА́ЎСТВА,
законы, якія прымаюцца на выпадак якіх-н. асаблівых абставін і надаюць кіраўніку дзяржавы асобыя паўнамоцтвы. Наданне такіх паўнамоцтваў (у т. л. ўстанаўленне прававых норм, якія ў звычайных абставінах выканаўчая ўлада не мае права выдаваць, прыпыняць дзеянне асобных законаў і да т.п.) можа адбывацца ва ўмовах надзвычайнага становішча (або ваен. становішча). Напр., выкарыстана для ўстанаўлення фаш. рэжымаў у Германіі (1933), Іспаніі (1939), дыктатуры хунты Піначэта у Чылі (1970—80-я г.). Як нормы Н.з. належыць разглядаць і стварэнне ў СССР у 1930-х г. надзвычайных суд. устаноў — «троек» НКУС (іх стварэнне адбылося ў звычайных умовах).
т. 11, с. 119