ІНТЭРНАЦЫЯНАЛІЗА́ЦЫЯ ВЫТВО́РЧАСЦІ,
працэс развіцця эканам. сувязей паміж нац. гаспадаркамі, калі эканоміка адной краіны выступае часткаю сусветнага вытв. працэсу. Развіваецца на аснове міжнар. падзелу працы, вытв. і навук.-тэхн. спецыялізацыі і кааперацыі. І.в. ўзнікла з пераходам да машыннай вытв-сці. На першых этапах развівалася пераважна як міжгаліновая міжнар. спецыялізацыя, потым пачалі з’яўляцца розныя формы ўнутрыгаліновай спецыялізацыі. Сучаснае развіццё выяўляецца ва ўтварэнні міжнар. эканам. арг-цый у сферы вытв-сці, транспарту, сувязі, міжнар. гандлю і фінансаў (гл. таксама Вываз капіталу, Інтэрнацыяналізацыя).
т. 7, с. 287
ІНТЭРНАЦЫЯНАЛІ́ЗМ,
міжнародная салідарнасць людзей розных нацый і рас, аснова іх сумеснага выжывання на планеце, узаемнага даверу, узаемаразумення, узаемапранікнення культур, каштоўнасцей, ведаў, тэхналогій. І. адмаўляе тэзіс пра існаванне «вышэйшых» і «ніжэйшых», «лепшых» і «горшых» народаў. У сучасным свеце І. знаходзіць сваё ідэйнае, паліт. і арганізац. афармленне ў выглядзе выяўлення салідарнасці інтарэсаў, мэт і дзеянняў, што практычна існуюць у кожным грамадстве. У 2-й пал. 19—20 ст. на сусв. грамадска-паліт. падзеі і на жыццё шматлікіх краін значны ўплыў аказваў І. міжнар. рабочага, сацыяліст. і камуніст. руху (тэарэт. распрацаваны ў працах К.Маркса, Ф.Энгельса і У.І.Леніна), што склаўся на аснове с.-д. і сацыяліст. руху, адыграў станоўчую ролю ў пашырэнні ў розных краінах свету сац. заканадаўства, у рэфармаванні некат. бакоў грамадскага жыцця, палітыкі, асветы. Актывізацыя міжнар. сувязей паміж ліберальнымі, кансерватыўнымі, клерыкальнымі паліт. партыямі і аб’яднаннямі пасля 2-й сусв. вайны суправаджаецца стварэннем адпаведных форм і прынцыпаў міжнар. салідарнасці. На працягу многіх дзесяцігоддзяў у свеце дзейнічаюць анархісцкія, фашысцкія, тэрарыст. арг-цыі, якія таксама кіруюцца сваімі кодэксамі І. У апошняй чвэрці 20 ст. інтэнсіўна фарміруецца экалагічны І., гал. змест якога — забеспячэнне шляхам развіцця эканам. свядомасці адзінства дзеянняў шматлікіх грамадска-паліт. аб’яднанняў, партый, а таксама ўрадаў з мэтай абароны прыроднага асяроддзя ад разбуральных уплываў сучаснай цывілізацыі. І. як прынцып міжнар. адзінства роўных суб’ектаў грамадска-паліт. жыцця супрацьстаіць касмапалітызму, а таксама нацыяналізму і этнацэнтрызму.
В.І.Боўш.
т. 7, с. 287
ІНТЭРНАЦЫЯНАЛІ́ЗМЫ, інтэрнацыянальная лексіка,
словы, аднолькавыя ці блізкія па гучанні і значэнні, запазычаныя з якой-н. адной мовы і пашыраныя не менш чым у трох няроднасных мовах (напр., у бел., англ. і франц). У большасці сучасных моў складаюць грамадска-паліт., навук. і тэхн. тэрміны, запазычаныя з англ. («джаз», «імпарт»), франц. («балет», «наркоз»), італьян. («арыя», «бензін») моў. У бел. мове значная колькасць І. пашырылася ў 16—17 ст. у выніку запазычання непасрэдна або праз польск. пасрэдніцтва з грэч. («атам», «акадэмія», «дыялект», «фантазія») і лац. («аўтар», «доктар») моў. У сувязі з заняпадам старабел. літ.-пісьмовай мовы ў канцы 17 ст. многія старабел. І. былі забыты. Адноўлены ў бел. мове ў 20 ст. пад уплывам рус. мовы. І. выкарыстоўваюцца ва ўсіх стылях літ. мовы, найб. у навук.-тэхн. л-ры, літаратуразнаўчай, мовазнаўчай і інш. тэрміналогіі («алегорыя», «драма», «перфект», «сінтаксіс»).
Літ.:
Гістарычная лексікалогія беларускай мовы. Мн., 1970;
Акуленко В.В. Вопросы интернационализации словарного состава языка. Харьков, 1972.
т. 7, с. 288
ІНТЭРНАЦЫЯНА́ЛЬНЫЯ БРЫГА́ДЫ,
баявыя злучэнні добраахвотнікаў з 54 краін, якія змагаліся на баку Іспанскай Рэспублікі ў час грамадз. вайны ў Іспаніі 1936—39. Усяго было 7 І.б. (11-я, 12, 13, 14, 15, 129, 150-я) з агульнай колькасцю асабовага складу 35—50 тыс. чал. Фарміраваліся ў асноўным паводле прынцыпу нац. прыналежнасці (напр., італьян. Гарыбальдзі батальён). Яны дапамагалі ісп. народу ў барацьбе супраць фашызму. Вял. дапамогу ў фарміраванні, узбраенні і падрыхтоўцы І.б. аказаў СССР. У кастр. 1938 па рашэнні рэсп. ўрада І.б. эвакуіраваны з Іспаніі.
Літ.:
Лонго Л. Интернациональные бригады в Испании: Пер. с итал. М., 1960.
т. 7, с. 288
ІНТЭРНАЦЫЯНА́Л 1-ы (Міжнароднае Таварыства Рабочых),
першая масавая міжнар. арг-цыя рабочых у 2-й пал. 19 ст. Засн. 28.9.1864 у Лондане на міжнар. сходзе прадстаўнікоў рабочых Вялікабрытаніі, Францыі і інш. краін. Знаходзіўся пад вырашальным уплывам ідэй марксізму. К.Маркс склаў яго Устаноўчы маніфест і Статут, пазней з’яўляўся аўтарам б.ч. адозваў, цыркуляраў і рашэнняў яго кіруючых органаў. Мэтамі рабочага руху былі абвешчаны звяржэнне капіталіст. ладу і заваяванне рабочым класам улады, непасрэднай задачай — з’яднанне рабочых розных краін у сумеснай барацьбе за свае правы (8-гадзінны рабочы дзень, ахова працы жанчын, стварэнне прафсаюзаў і інш.). Вышэйшы орган — штогадовы кангрэс, паміж кангрэсамі — Ген. савет, які знаходзіўся ў Лондане (з 1872 у Нью-Йорку). Пры Ген. савеце дзейнічаў пастаянны к-т. У сваёй дзейнасці І. 1-ы апіраўся на секцыі (рабочыя арг-цыі) у многіх краінах Еўропы, а таксама ў ЗША і Аўстраліі. Сувязь з секцыямі ажыццяўлялі сакратары-карэспандэнты, якія ўваходзілі ў склад Ген. савета. К.Маркс займаў пасаду сакратара-карэспандэнта для Германіі і некаторых інш. краін, у т. л. Расіі. Рас. секцыя засн. ў Жэневе ў 1870, яе відным дзеячам з’яўляўся ўдзельнік паўстання 1863—64 у Польшчы, Літве і Беларусі А.Д.Трусаў. На кангрэсах І. 1-га (1866 у Жэневе, 1867 у Лазане, 1868 у Бруселі, 1869 у Базелі, 1872 у Гаазе) К.Маркс і Ф.Энгельс вялі непрымірымую барацьбу з немарксісцкімі плынямі ў рабочым руху — пруданізмам, ласальянствам, трэд-юніянізмам, анархізмам. Франка-пруская вайна 1870—71 і задушэнне Парыжскай камуны 1871, якую І. 1-ы актыўна падтрымаў, зрабілі немагчымай яго дзейнасць у Еўропе. На Гаагскім кангрэсе (1872) было вырашана перавесці Ген. савет у Нью-Йорк (ЗША). Фактычна дзейнасць І. 1-га як масавай арг-цыі на гэтым спынілася. Фармальна распушчаны па прапанове К.Маркса ў 1876 на міжнар. рабочай канферэнцыі ў Філадэльфіі (ЗША).
М.Г.Нікіцін.
т. 7, с. 286
ІНТЭРНАЦЫЯНА́Л 2-і,
міжнароднае аб’яднанне сацыяліст. і рабочых партый у 1889—1914. Засн. ў Парыжы пры ўдзеле Ф.Энгельса, які да самай смерці (1895) з’яўляўся яго ідэйным кіраўніком. Пастаянны выканаўча-інфарм. орган (з 1900) — Міжнароднае сацыялістычнае бюро. Асн. пытанні міжнар. рабочага руху разглядаліся на кангрэсах: Парыжскім (1889), Брусельскім (1891), Цюрыхскім (1893), Лонданскім (1896), Парыжскім (1900), Амстэрдамскім (1904), Штутгарцкім (1907), Капенгагенскім (1910) і Базельскім (1912). У канцы 1912 І. 2-і аб’ядноўваў 27 сацыяліст і рабочых партый з 23 краін. На 1-м Парыжскім кангрэсе (1889) прыняты рашэнні аб штогадовым святкаванні дня міжнар. салідарнасці працоўных 1 мая, метадах і сродках барацьбы рабочага класа, неабходнасці выкарыстоўваць парламент у інтарэсах рабочых. Канечнай мэтай міжнар. рабочага руху быў абвешчаны сацыялізм, яго бліжэйшымі задачамі — увядзенне 8-гадзіннага рабочага дня, належнай аховы працы і ажыццяўленне інш. сац.-эканам. правоў рабочых. На Брусельскім, Цюрыхскім і Лонданскім кангрэсах прымаліся рашэнні аб негатыўным стаўленні рабочага класа да вайны і каланіялізму. У канцы 19 — пач. 20 ст. кіраўніцтва буйнейшых сацыяліст. партый І. 2-га паступова адыходзіла ад рэв. ідэалогіі марксізму, лічачы неабходным для канкрэтных інтарэсаў працоўных ісці на супрацоўніцтва з буржуазіяй (гл. Апартунізм). Супраць гэтай тэндэнцыі вялі барацьбу рас. бальшавікі на чале з У.І.Леніным. У сувязі з нарастаннем пагрозы сусв. вайны Штутгарцкі, Капенгагенскі і Базельскі кангрэсы асудзілі імперыял. войны, выкрывалі мілітарызм, выступалі супраць ваен. пагрозы. Аднак у пач. 1-й сусв. вайны кіраўніцтва еўрап. сацыяліст. партый (у Германіі, Францыі і інш.) падтрымала свае ўрады — прагаласавала ў парламентах за выдзяленне ваен. крэдытаў. Гэта азначала адыход ад прынцыпу інтэрнацыяналізму на пазіцыі сацыял-патрыятызму («сацыял-шавінізм»), І. 2-і пацярпеў ідэйны крах і фактычна распаўся ў 1914. Спробай аднавіць І. 2-і была дзейнасць Сацыялістычнага рабочага інтэрнацыянала (1923—40). Яго пераемнікам з’яўляецца Сацыялістычны інтэрнацыянал, заснаваны ў 1951.
Літ.:
Кривогуз И.М. «Сознательный рабочий никогда не отречется»: (К истории Второго Интернационала 1889—1914 гг.). М., 1990.
М.Г.Нікіцін.
т. 7, с. 287
«ІНТЭРНАЦЫЯНА́Л 2 ½»,
пашыраная назва Міжнар. рабочага аб’яднання сацыяліст. партый (ці Венскага інтэрнацыянала), якое існавала ў 1921—23. Створаны на міжнар. канферэнцыі ў Вене (22—27.2.1921). Аб’ядноўваў партыі і групы т.зв. «цэнтрысцкага» кірунку, якія парвалі з «правым» «апартуністычным» Бернскім інтэрнацыяналам і не далучыліся да «левага» Камуністычнага Інтэрнацыянала. У ім былі прадстаўлены партыі і групы з многіх краін Еўропы і ЗША, а таксама рас. меншавікі і эсэры. Не маючы трывалай ідэйнай асновы, паступова перайшоў на пазіцыі Бернскага інтэрнацыянала, з якім у маі 1923 зліўся ў Сацыялістычны рабочы інтэрнацыянал.
т. 7, с. 287
ІНТЭРНАЦЫЯНА́Л 3-і,
гл Камуністычны Інтэрнацыянал.
т. 7, с. 287
«ІНТЭРНАЦЫЯНА́Л 4-ы»,
міжнародная леварадыкальная арганізацыя ў 1938—1950-я г. Засн. ў Парыжы Л.Д.Троцкім, які выступаў з канцэпцыяй сусв. рэвалюцыі і рэв. вайны. Меў нешматлікія секцыі ў краінах Еўропы, Лац. Амерыкі і ЗША, праводзіў кангрэсы, прапагандаваў трацкісцкія погляды. У 1953—63 раскалоўся на шэраг варагуючых цэнтраў (Міжнар. сакратарыят, Міжнар. к-т, Лац.-амер. бюро і інш.).
т. 7, с. 287
ІНТЭРНЕ́Т (англ. InterNet),
сусветная сукупнасць камп’ютэрных сетак з адзінай адраснай прасторай. Забяспечвае свабодны абмен інфармацыяй паміж ЭВМ, якія звязваюцца паміж сабой на аснове спец. пагадненняў (пратаколаў) з выкарыстаннем глабальных рэсурсаў тэлекамунікацыйных сетак, у т. л. спадарожнікавай сувязі.
Распрацавана ў 1969 у ЗША пад назвай АРПАНЕТ як сістэма, здольная функцыянаваць у выпадку разбурэння большай сваёй часткі. І. карыстаюцца для перасылкі паведамленняў з дапамогай электроннай пошты, рассылкі навін па пэўных тэмах у выглядзе электронных лістоў, перадачы файлаў, прамога дыялогу паміж абанентамі і інш. У 1994—95 укаранёная сусветная размеркаваная база гіпертэкставых дакументаў WWW (ці Web, скар. ад англ. World Wide Web — літар. сусветная павуціна) значна пашырыла магчымасці І. і спрасціла доступ да інфарм. рэсурсаў. Пры далучэнні да І. карыстальнік можа прагледзець на экране змест любога сервера, незалежна ад яго месцазнаходжання, атрымаць доступ да кніг, газет, часопісаў, відарысаў музейных і выставачных экспанатаў, відэа- і кінафільма (у т. л. стэрэаскапічнага) і інш. з фондаў адпаведнага прадпрыемства, арг-цыі ці ўстановы навукі, культуры і адукацыі любой краіны свету. На Беларусі да І. далучаны рэгіянальныя і лакальныя камп’ютэрныя сеткі.
А.В.Шаранкоў.
т. 7, с. 288