ІНТЭРНАЦЫЯНАЛІ́ЗМ,
міжнародная салідарнасць людзей розных нацый і рас, аснова іх сумеснага выжывання на планеце, узаемнага даверу, узаемаразумення, узаемапранікнення культур, каштоўнасцей, ведаў, тэхналогій. І. адмаўляе тэзіс пра існаванне «вышэйшых» і «ніжэйшых», «лепшых» і «горшых» народаў. У сучасным свеце І. знаходзіць сваё ідэйнае, паліт. і арганізац. афармленне ў выглядзе выяўлення салідарнасці інтарэсаў, мэт і дзеянняў, што практычна існуюць у кожным грамадстве. У 2-й пал. 19—20 ст. на сусв. грамадска-паліт. падзеі і на жыццё шматлікіх краін значны ўплыў аказваў І. міжнар. рабочага, сацыяліст. і камуніст. руху (тэарэт. распрацаваны ў працах К.Маркса, Ф.Энгельса і У.І.Леніна), што склаўся на аснове с.-д. і сацыяліст. руху, адыграў станоўчую ролю ў пашырэнні ў розных краінах свету сац. заканадаўства, у рэфармаванні некат. бакоў грамадскага жыцця, палітыкі, асветы. Актывізацыя міжнар. сувязей паміж ліберальнымі, кансерватыўнымі, клерыкальнымі паліт. партыямі і аб’яднаннямі пасля 2-й сусв. вайны суправаджаецца стварэннем адпаведных форм і прынцыпаў міжнар. салідарнасці. На працягу многіх дзесяцігоддзяў у свеце дзейнічаюць анархісцкія, фашысцкія, тэрарыст. арг-цыі, якія таксама кіруюцца сваімі кодэксамі І. У апошняй чвэрці 20 ст. інтэнсіўна фарміруецца экалагічны І., гал. змест якога — забеспячэнне шляхам развіцця эканам. свядомасці адзінства дзеянняў шматлікіх грамадска-паліт. аб’яднанняў, партый, а таксама ўрадаў з мэтай абароны прыроднага асяроддзя ад разбуральных уплываў сучаснай цывілізацыі. І. як прынцып міжнар. адзінства роўных суб’ектаў грамадска-паліт. жыцця супрацьстаіць касмапалітызму, а таксама нацыяналізму і этнацэнтрызму.
В.І.Боўш.
т. 7, с. 287
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)