1) І. тэктанічная — завяршальная стадыя ў цыкле развіцця геасінкліналі, якая адбываецца ў змене апускання зямной кары падняццямі. У гэты перыяд з І. звязаны: пачатак росту горных хрыбтоў, змінанне горных парод у складкі, пранікненне магматычных інтрузій і рэгіянальны метамарфізм.
2) І. рэльефу, перавернуты рэльеф — ператварэнне рэльефу агентамі дэнудацыі з узнікненнем зваротных суадносін паміж геал. структурамі і формамі рэльефу (напр., над антыкліналямі размешчаны рачныя даліны, а над сінкліналямі горныя хрыбты).
1) у геаметрыі, пунктавае пераўтварэнне плоскасці адносна зададзенай акружнасці радыуса R. Кожнаму пункту A, адрознаму ад цэнтра акружнасці O (цэнтр, ці полюс І.), ставіцца ў адпаведнасць такі пункт A праменя OA, што OA′ = R2/OA, дзе R2 — ступень І. Падобна гэтаму вызначаецца І. ў прасторы адносна сферы. Мае дастасаванні ў геаметрыі (інтэрпрэтацыя геаметрыі Лабачэўскага, тэорыя геам. пабудаванняў), тэорыі механізмаў (гл.Інверсар).
2) У камбінаторыцы — парушэнне нармальнага парадку элементаў у перастаноўцы. Напр., у перастаноўцы cbad элементы c і b, c і a, b і a утвараюць І., калі лічыць іх нармальным парадкам abcd.
Геаметрычная інверсія адносна акружнасці радыуса R: здабытак адлегласцей PC∙PM=R2, пункт P — полюс інверсіі; адрэзкі AM і BM — датычныя да акружнасці.
ІНВЕ́РСІЯў фізіцы — нераўнаважны стан рэчыва, у якім заселенасць верхніх узроўняў энергіі большая за заселенасць ніжніх. Стварэнне І. ў актыўных асяроддзях — неабходная ўмова работы квантавых генератараў.
змена напрамку (палярнасці) магнітнага поля Зямлі на адваротны пры адным і тым жа напрамку геамагнітнай восі. Назіраецца праз інтэрвалы часу ад 500 тыс. гадоў да 50 млн. гадоў. У эпоху нармальнай палярнасці (нашу эпоху) паўд. магнітны полюс знаходзіцца каля паўн.геагр. полюса, а ў эпоху адваротнай палярнасці — каля паўд.геагр. полюса. На падставе палеамагнітных даных зроблены вывад, што ў тоўшчах асадкавых і эфузіўных парод назіраецца паслойная змена знака вектара прыроднай астаткавай намагнічанасці. Прычыны І.г.п. пакуль не высветлены.
размеркаванне ландшафтаў па вышыні, якое не адпавядае закону вышыннай пояснасці. Найб. характэрна для раёнаў з перасечаным рэльефам тыпу нізка- і сярэднягор’яў. Можа быць выклікана інверсіяй тэмпературы, ападкаў, мясц. зменамі воднага рэжыму. У выпадку І.л. уверх па схіле фарміруюцца больш цеплалюбівыя ландшафты. Напр., у Прыамур’і ахоцкая тайга з падзолістымі глебамі змяняецца з вышынёй хвойна-шыракалістымі лясамі маньчжурскага тыпу на бурых лясных глебах.
ІНВЕ́РСІЯ ТЭМПЕРАТУ́РЫў атмасферы, павышэнне тэмпературы паветра з вышынёй замест звычайнага для трапасферы яе памяншэння. Бываюць каля зямной паверхні і ў свабоднай атмасферы. Прыземныя І.т. найчасцей фарміруюцца ў бязветраныя ночы ў выніку інтэнсіўнага выпраменьвання цяпла зямной паверхняй, ахаладжэння яе самой і прылеглага слоя паветра. Таўшчыня ахопленага інверсіяй слоя паветра ад некалькіх дзесяткаў да соцень метраў. Утварэнню І.т. садзейнічае катлавінны рэльеф, дзе застойваецца ахалоджанае паветра. У свабоднай атмасферы І.т. звязаны з асяданнем паветра ў антыцыклонах, нацяканнем цёплага паветра на халоднае ў зонах франтоў атмасферных і інш. працэсамі; ахопліваюць слой паветра магутнасцю ў сотні, часам 2—3 тыс.м. І.т. спрыяюць утварэнню воблакаў, туману, імглы, смогу, міражу.
ІНВЕ́РТАР (ад лац. inverto пераварочваю, пераўтвараю),
1) у радыётэхніцы — электронная прылада (ці эл. ланцуг), на выхадзе якой змены амплітуды, фазы або палярнасці сігналаў процілеглыя ўваходным. Ва ўзмацняльнай апаратуры выкарыстоўваюцца для атрымання 2 аднолькавых па амплітудзе і процілеглых па фазе сігналаў (фазаінвертары).
2) У электратэхніцы — прылада для пераўтварэння пастаяннага току ў пераменны з дапамогай кіроўных вентыляў. Выконваецца на газаразрадных (ігнітроны, тыратроны) ці паўправадніковых (тырыстары) прыладах. Бываюць залежныя (кіраванне ад эл. сеткі; выкарыстоўваюцца ў высакавольтных лініях электраперадач, сістэмах электрапрывода) і незалежныя, або аўтаномныя (выкарыстоўваюцца як пераўтваральнікі частаты ў сістэмах электрапрывода, для індукцыйнага нагрэву, люмінесцэнтнага асвятлення і інш.).
3) У вылічальнай тэхніцы — электронная прылада з адным уваходам і адным выхадам, у якой выхадны сігнал выяўляецца пры адсутнасці ўваходнага. Выкарыстоўваецца для рэалізацыі лагічнага адмаўлення (лагічнай аперацыі «НЕ»).
Бываюць патэнцыяльныя (найб. пашыраныя) і імпульсныя. Патэнцыяльныя І. забяспечваюць нізкі ўзровень выхаднога напружання пры высокім узроўні ўваходнага і наадварот (у аналагавых выліч. машынах — выхадны сігнал процілеглы па палярнасці ўваходнаму). Імпульсны змяняе палярнасць уваходнага імпульсу на процілеглую або фарміруе імпульс пры адсутнасці ўваходнага сігналу.
П.С.Габец.
Схемы інвертараў: 1 — самаўзбуджальнага аўтаномнага (Д — дросель, С — кандэнсатар, L — шпуля індуктыўнасці, В — вентыль, Т — трансфарматар, Rн — нагрузка); 2 — патэнцыяльнага на транзістары p—n—p (A — уваходны сігнал, P — выхадны сігнал, R — амічнае супраціўленне, E — крыніца пастаяннага току); 3 — імпульснага на імпульсным трансфарматары (A — уваходны сігнал, P — выхадны сігнал).
ІНВЕ́СТАР (англ. investor укладчык ад лац. investio апранаю, надзяваю),
фізічная або юрыд. асоба, якая прымае рашэнне і ажыццяўляе ўкладанні ўласных, пазыковых і інш. прыцягнутых маёмасных і інтэлектуальных каштоўнасцей у інвестыцыі. І. могуць быць: орган, упаўнаважаны кіраваць дзярж. маёмасцю; арг-цыі, прадпрыемствы, прадпрымальніцкія аб’яднанні, грамадскія арг-цыі і інш.юрыд. асобы любой формы ўласнасці; міжнар. арг-цыі, замежныя юрыд. асобы; замежныя і айч. грамадзяне і інш. У якасці І. можа выступаць заказчык — будучы ўладальнік і карыстальнік вынікаў праекта. У інш. выпадках І. заключае дагавор з заказчыкам, кантралюе выкананне кантрактаў і ажыццяўляе разлікі з інш. ўдзельнікамі праекта.
ІНВЕСТЫТУ́РА (ад лац. investio апранаю, надзяваю),
у сярэднія вякі ў Зах. Еўропе юрыд. акт перадачы зямельнага феода (лена), пасады, сана, які замацоўваў васальную залежнасць (гл.Васалітэт). Своеасаблівым яе відам была царкоўная І. — цырымонія зацвярджэння духоўнай асобы на пасаду і ўзвядзення ў сан епіскапа ці абата. Да канца 11 ст.царк. І. належала свецкай уладзе (у Англіі — каралю, у «Свяшчэннай Рым. імперыі» — імператару). У 11—12 ст. за права І. вялася барацьба паміж імператарамі «Свяшчэннай Рым. імперыі» (ажыццяўлялі І. епіскапаў і абатаў з часоў Атона І) і рым. папамі, якія імкнуліся падначаліць свецкія ўлады і мець права І. Найб. напружанай была барацьба за І. ў Германіі; скончылася ў 1122 заключэннем кампраміснага Вормскага канкардату, які замацаваў права духоўнай І. за папам, а свецкай — за імператарам. У Францыі і Англіі спрэчкі па пытаннях І. скончыліся пагадненнем паміж каралямі і папам.