ІНВЕ́РТАР (ад лац. inverto пераварочваю, пераўтвараю),

1) у радыётэхніцы — электронная прылада (ці эл. ланцуг), на выхадзе якой змены амплітуды, фазы або палярнасці сігналаў процілеглыя ўваходным. Ва ўзмацняльнай апаратуры выкарыстоўваюцца для атрымання 2 аднолькавых па амплітудзе і процілеглых па фазе сігналаў (фазаінвертары).

2) У электратэхніцы — прылада для пераўтварэння пастаяннага току ў пераменны з дапамогай кіроўных вентыляў. Выконваецца на газаразрадных (ігнітроны, тыратроны) ці паўправадніковых (тырыстары) прыладах. Бываюць залежныя (кіраванне ад эл. сеткі; выкарыстоўваюцца ў высакавольтных лініях электраперадач, сістэмах электрапрывода) і незалежныя, або аўтаномныя (выкарыстоўваюцца як пераўтваральнікі частаты ў сістэмах электрапрывода, для індукцыйнага нагрэву, люмінесцэнтнага асвятлення і інш.).

3) У вылічальнай тэхніцы — электронная прылада з адным уваходам і адным выхадам, у якой выхадны сігнал выяўляецца пры адсутнасці ўваходнага. Выкарыстоўваецца для рэалізацыі лагічнага адмаўлення (лагічнай аперацыі «НЕ»).

Бываюць патэнцыяльныя (найб. пашыраныя) і імпульсныя. Патэнцыяльныя І. забяспечваюць нізкі ўзровень выхаднога напружання пры высокім узроўні ўваходнага і наадварот (у аналагавых выліч. машынах — выхадны сігнал процілеглы па палярнасці ўваходнаму). Імпульсны змяняе палярнасць уваходнага імпульсу на процілеглую або фарміруе імпульс пры адсутнасці ўваходнага сігналу.

П.​С.​Габец.

Схемы інвертараў: 1 — самаўзбуджальнага аўтаномнага (Д — дросель, С — кандэнсатар, L — шпуля індуктыўнасці, В — вентыль, Т — трансфарматар, Rн — нагрузка); 2 — патэнцыяльнага на транзістары p—n—p (A — уваходны сігнал, P — выхадны сігнал, R — амічнае супраціўленне, E — крыніца пастаяннага току); 3 — імпульснага на імпульсным трансфарматары (A — уваходны сігнал, P — выхадны сігнал).

т. 7, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)