Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ІЗРА́ІЛЬСКАЕ ЦА́РСТВА,

старажытная дзяржава (каля 928—722 да н.э.) у Паўн. Палесціне. Узнікла пасля распаду адзінага Ізраільска-Іудзейскага царства і аб’ядноўвала 10 з 12 ізраільска-іудзейскіх плямён. Першы цар — Іераваам I [928—907 да н.э.]. Сталіцы — г. Сіхем (сучасны Наблус), пасля 876 да н.э. — Самарыя. Аснова эканомікі — земляробства, рамёствы і гандаль (праз Палесціну праходзілі шляхі міжнар. гандлю). Падтрымлівала эканам. і культ. сувязі з Фінікіяй, Егіптам і інш. краінамі. Бесперапынныя войны з суседзямі, у т. л. з Іудзейскім царствам, аслаблялі дзяржаву. Найб. трывалае становішча І.ц. было пры цару Омры [882—871 да н.э.] і яго пераемніках у 871—842 да н.э. Цар Йеху [841—814 да н.э.] быў вымушаны плаціць даніну Асірыі. У 722 да н.э. заваявана асірыйскім царом Сарганам II.

т. 7, с. 188

ІЗРА́ІЛЬСКА-АРА́БСКІЯ ВО́ЙНЫ,

войны паміж Ізраілем і шэрагам араб. дзяржаў у 1948—49, 1956, 1967, 1973 і 1982. Больш падрабязна гл. ў арт. Араба-ізраільская вайна 1948—49, Блізкаўсходні канфлікт, раздзелы Гісторыя ў артыкулах Егіпет, Іарданія, Ізраіль, Ліван, Палесціна, Сірыя.

т. 7, с. 188

ІЗРА́ІЛЬСКІ КУЛЬТУ́РНА-ІНФАРМАЦЫ́ЙНЫ ЦЭНТР (ІКІЦ),

ізраільскае прадстаўніцтва ў Беларусі. Засн. 29.3.1992 у Мінску з мэтай інфармавання насельніцтва Беларусі пра ўсе аспекты жыцця сучаснага Ізраіля (паліт., эканам., культ., навук.-тэхн. дасягненні, развіццё сістэмы адукацыі). Дапамагае яўр. абшчыне ствараць і развіваць нядзельныя школы ў Беларусі, ажыццяўляе сувязь паміж Мін-вам адукацыі Ізраіля і яўр. агульнаадук. школай (з вер. 1993) у Мінску. Прадстаўляе Адкрыты ун-т Ізраіля. Пры цэнтры дзейнічаюць курсы па вывучэнні іўрыта, асноў прадпрымальніцтва, камп’ютэрнай граматы; працуюць дзіцячыя гурткі, б-ка.

т. 7, с. 188

ІЗРАІ́ЦЕЛЬ (Неса Абрамаўна) (н. 4.6.1924, г.п. Хіславічы Смаленскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне мікрабіялогіі. Д-р мед. н. (1972), праф. (1976). Скончыла Мінскі мед. ін-т (1946) і працуе ў ім (з 1948). Навук. працы па пытаннях склеромнай інфекцыі, клебсіелёзаў, імуналогіі, хранічных інфекцый і інш.

Тв.:

Склерома. Мн., 1971 (разам з А.​П.​Красільнікавым);

Клебсиеллезы человека. Мн., 1983 (разам з А.​П.​Красільнікавым).

т. 7, с. 188

ІЗУ́БРЫЦА,

возера ў Верхнядзвінскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Свольна, за 40 км на ПнУ ад г. Верхнядзвінск. Пл. 1,21 км², даўж. 2,2 км, найб. шыр. 1 км, найб. глыб. 2,2 м, даўж. берагавой лініі больш за 6 км. Пл. вадазбору 9,6 км². Абкружана забалочанай, парослай хмызняком поймай. Схілы катлавіны выш. да 25 м, на Пн і ПнЗ 5—10 м. Берагі пясчаныя, забалочаныя, на Пн і ПдЗ сплавінныя. Дно да глыб. 1 м пясчанае, ніжэй сапрапелістае. Зарастае. На ПнЗ выцякае ручай у воз. Бузянка.

т. 7, с. 188

ІЗУМРУ́Д, смарагд,

мінерал, рэдкая празрыстая разнавіднасць берылу, афарбаваная прымессю хрому (Cr​3+ да 2%) у яркі густа-зялёны колер. Бездэфектныя крышталі масай больш за 5 каратаў цэняць вышэй, чым алмазы такіх жа памераў. Выкарыстоўваецца ў ювелірнай справе як каштоўны камень 1-га класа. Гал. радовішчы І. ў Расіі, ПАР, Бразіліі, Індыі, Замбіі, Зімбабве і інш. Сінтэтычныя І. выкарыстоўваюць у квантавай электроніцы.

т. 7, с. 188

ІЗЮ́БР (Cervus elaphus xanthopygus),

млекакормячае роду аленяў; падвід аленя высакароднага. Пашыраны ў гарах Усх. Сібіры і Д. Усходу, на Пн і ПнУ Кітая. Насяляе дубовыя лясы, гары і высечкі, горныя лугі.

Выш. цела самцоў у карку да 145 см. Маса да 300 кг. Знешне нагадвае аленя высакароднага. Афарбоўка скуры аднатонная, чырванавата-рыжая. Дарослыя самцы маюць галінастыя рогі (маладыя неакасцянелыя рогі — панты выкарыстоўваюць для вырабу лек. прэпаратаў). Гон увосень. Цяжарнасць да 35 тыдняў. У маі—чэрв. самка нараджае 1—2 цялят І. корміцца травяністымі і дрэвава-хмызняковымі раслінамі, ягадамі, пладамі, грыбамі, лішайнікамі. Гадуюць у аленяводчых гаспадарках (для здабычы пантаў).

т. 7, с. 188

ІЗЮ́МАЎ (Мікалай Андрэевіч) (24.12.1920, г. Аша Чэлябінскай вобл., Расія — 28.6.1944),

удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Ульянаўскае бранятанк. вучылішча (1941). На фронце з 1941. Камандзір танк. батальёна капітан І. вызначыўся ў Бабруйскай аперацыі 1944: экіпаж танка І. з 26 да 28.6.1944 знішчыў 7 процітанк. гармат, 3 дзоты, 10 агнявых пунктаў. Загінуў у баі. У яго гонар в. Дурынічы Бабруйскага р-на перайменавана ў Ізюмава.

т. 7, с. 188

ІЗЯСЛА́ВІЧЫ,

1) княжацкі род, прадстаўнікі якога ў 11—13 ст. валодалі Полацкай зямлёй, адгалінаванне роду Рурыкавічаў. Паходзяць ад Ізяслава Уладзіміравіча, старэйшага сына вял. кіеўскага кн. Уладзіміра Святаславіча і полацкай князёўны Рагнеды Рагвалодаўны. Паводле родавых звычаяў Ізяслаў лічыўся спадкаемцам свайго дзеда па маці Рагвалода, які загінуў разам з сынамі пры заваяванні Полацка Уладзімірам Святаславічам. У сувязі з гэтым нашчадкі Ізяслава ў летапісах наз. «Рагваложымі ўнукамі», у гіст. л-ры часам Рагвалодавічамі. Уладзімір перадаў ва ўдзел Ізяславу Полацкае княства. Паколькі Ізяслаў памёр раней за бацьку, яго нашчадкі страцілі права на велікакняжацкі пасад у Кіеве. У 1129 за непаслушэнства кіеўскаму князю большасць І. была выслана ў Візантыю, але многія з іх да сярэдзіны 12 ст. вярнуліся і аднавілі свае ўладанні ў Полацкай зямлі. З гэтага часу род падзяліўся на некалькі галін, якія паходзяць ад сыноў Усяслава Брачыславіча (унука Ізяслава). На падставе гэтага іх называюць таксама Усяславічамі. Не выключана, што нашчадкамі І. былі некаторыя правасл. княжацкія роды, вядомыя на Беларусі ў часы ВКЛ: Адзінцэвічы, Друцкія, Лукомскія, Палубінскія, Талочкі.

Княжацкі род, прадстаўнікі якога ў 11—13 ст. валодалі Тураўскай зямлёй; адгалінаванне роду Рурыкавічаў. Паходзяць ад кн. Ізяслава Яраславіча, які ў сярэдзіне 11 ст. атрымаў Тураў ад свайго бацькі вял. кіеўскага кн. Яраслава Мудрага. Пасля смерці Ізяслава Туравам валодалі яго сыны — Яраполк, потым Святаполк. Права апошняга на Тураўскую зямлю пацверджана Любецкім з’ездам 1097. Сыны і ўнукі Ізяслава стараліся замацавацца і ў інш. рэгіёнах Русі. У 1113 вял. кіеўскі кн. Уладзімір Манамах пазбавіў І. Тураўскага княства, пакінуўшы за сынам Святаполка Яраславам толькі Уладзімір-Валынскі. Аднавіць свае ўладанні (акрамя Брэстчыны) І. удалося толькі ў 1158, калі ў Тураве, відаць, па запрашэнні гараджан, з’явіўся кн. Юрый Яраславіч. Сыны Юрыя падзялілі тураўскія землі на ўдзелы. Звесткі пра І. у летапісах знікаюць у канцы 13 ст. Іх нашчадкамі лічаць шматлікія княжацкія роды, вядомыя ў Беларусі і Украіне ў часы ВКЛ: Астрожскіх, Вішнявецкіх, Гарадзецкіх, Дольскіх, Збаражскіх, Нясвіцкіх, Парэцкіх, Сцяпанскіх, Чацвярцінскіх.

Літ.:

Алексеев Л.В. Полоцкая земля в IX—XIII вв.: (Очерки истории Северной Белоруссии). М., 1966;

Рапов О.М. Княжеские владения на Руси в X — первой половине XIII в. М., 1977;

Насевіч В.Л. Генеалагічныя табліцы старадаўніх княжацкіх і магнацкіх беларускіх родаў 12—18 стст. Мн., 1993;

Загорульский Э.М. Генеалогия полоцких князей Изяславичей. Мн., 1994.

В.​Л.​Насевіч, А.​В.​Іоў.

т. 7, с. 188

ІЗЯСЛА́Ў,

князь навагрудскі ў 13 ст. Упамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе, калі ў 1236 (або 1237) галіцка-валынскі кн. Даніла Раманавіч на кн. Конрада Мазавецкага «наведе... Литву Миндога Изяслава Новогородьского». Верагодна, І. разам з Міндоўгам на той час быў у васальных або саюзных дачыненнях з Данілам. І. — адзіны навагрудскі князь, які ўпамінаецца ў летапісах.

т. 7, с. 189